Выбрать главу

З Грышам мы жылі ў адным пакоі ў інтэрнаце па вуліцы Бабруйскай. Наша акно якраз выходзіла на чыгуначны вакзал. А цягнікі тады яшчэ ва ўсю свісталі, рыкалі, галасілі, а ўночы мы часам прачыналіся ад настойлівага напамінку: «Граждане пассажиры, через пять минут отправляется поезд на.» Маскву, Калінінград, Адэсу, Віцебск. Ці не ад гэтага напамінку, што ўвесь час нехта некуды едзе, і нарадзіўся ў Рыгора Барадуліна яго славуты студэнцкі верш «Трэба дома бываць часцей»?

Увесь ранні Рыгор Барадулін у маёй бібліятэцы з аўтографамі. Са шчырымі, дарчымі надпісамі. Думаю, я не памылюся, калі скажу, што Рыгоравы аўтографы — самыя эмацыянальныя.

«Дарагому Янку Сіпакову — паэту ва ўсіх адносінах і шчыраму сябру. Успомні, дружа, студэнцкія гады і наш 54-ы. З пажаданнем Нёмана радасці і Мінскага мора натхнення! Твой сябра Рыгор Барадулін».

Так падпісаў мне Грыша сваю першую кнігу «Маладзік над стэпам».

Рыгор падчас летніх канікулаў разам з атрадам студэнтаў з БДУ ўдзельнічаў ва ўборцы цаліннага хлеба ў Кустанайскай вобласці. Адтуль ён прывёз шмат добрых вершаў, якія і сталі асноваю яго першага зборніка паэзіі. Сярод іх была і жартаўлівая «Кухня Насці», якая падабалася тады ўсім — і чытачам, і крытыкам.

Але ж у зборніку былі і іншыя, ужо вядомыя па ранейшых публікацыях, цудоўныя вершы: «Як захліпнуўся ад радасці жаўранак», «У роднай хаце», «Світанняў я з табой не сустракаў».

Яшчэ больш эмацыянальным быў Рыгораў надпіс на кнізе «Неруш»:

«Мой любы, мой дарагі Янка! Дзякуй за самае шчырае (дужа перабольшанае) слова пра мяне. Дружба наша, спадзяюся, век будзе жыць! Няхай жыве Віцебшчына! Янка, вочы маёй маці і маёй сям’і заўсёды пагодзяць твой, твой дзень. Рыгор. 68 год (запознена)».

Справа ў тым, што я не змог дачакацца — хацелася хутчэй пачытаць! — калі Рыгор падпіша мне сваю новую паэтычную кнігу «Неруш», набыў яе ў кнігарні сам: так, мы з нецярпеннем, як сваіх, чакалі выхаду новых кніг нашых равеснікаў.

Кніга ўразіла мяне, захапіла. Найперш сваёю пабудоваю, цэласнасцю, прадуманасцю. Дарэчы, і я таксама ўвесь час, як заўважылі потым крытыкі, імкнуўся «думаць кнігамі».

Кніга, па сутнасці, мела аж пяць загалоўкаў: «Начныя азярыны», «Еўразія», «Рута-Мята», «Угаманіўся бор», «Шчыравала пчала». А з першых літар іх узнікала і галоўная назва кнігі «Неруш».

Кніга легла мне на душу, і я лёгка напісаў на яе рэцэнзію, а «Маладосць» таксама лёгка і хутка надрукавала мой водгук.

Мне спадабалася кніга, Рыгору, дарэчы, ужо аблашчанаму крытыкаю, — мая рэцэнзія. Такім чынам я атрымаў ад Барадуліна яшчэ адзін экзэмпляр «Неруша».

Быў Рыгор яркі і ў іншых сваіх аўтографах.

«Любы Янка — мой самы лепшы сябра, наогул, харошы! Знаю, што ты не ведаешся з халтурай. Люблю цябе! Рыгор. 2.I.67 г.», — напісаў ён мне на кнізе «Аист на крыше», якую ў перакладах Ігара Шклярэўскага выдаў «Советский писатель».

А на таненечкай кніжцы «Сенакос», што выйшла ў Рызе ў перакладах Віктара Леўзімнеека на латышскай мове, Рыгор прызнаўся: «Таму, які самы шчыры і першы друг мой (веру, што да скону) — Янку! Рыгор, Мінск. Зіма 68-га года».

Рыгор у маладосці — ды і заўсёды! — быў цікавы, арыгінальны, непаўторны.

Працую ў «Вожыку». Мне прыносяць тэлеграму: «Вожык». Янку Сіпакову. Да запатрабавання. Дзякуй. Рыгор. І адрас: недзе ў тайзе, ці ў нейкім іншым гіблым месцы. Я ведаю, што гэта значыць: Грыша абязгрошыўся! Іду на пошту і пасылаю грошы. Каб ён атрымаў іх у той жа дзень!

А як Рыгор Іванавіч павіншаваў мяне — як заўсёды бліскуча! — з маім шасцідзесяцігоддзем у «Звяздзе»! Маленькаю мініяцюраю, якая для мяне сталася вялікаю:

А неаб’езджаны Пегас

Каля Зубрэвічаў падкову

Згубіў

І ў рукі Сіпакову

Патрапіла падкова ў час.

І Янка ў творчыя пакуты

Пайшоў, як зубр.

Але падкуты.

А самы першы і самы дарагі мне і сёння аўтограф я атрымаў яшчэ школьнікам. Ды які аўтограф! Цуд! Ды ад каго! Ад самой Уладзіславы Францаўны Луцэвіч — жонкі Янкі Купалы! Ды на якой кнізе! На другім томе Збору твораў Песняра! Ды дзе! У музеі Янкі Купалы!

Жонка самога класіка беларускай літаратуры, якога тады я вывучаў у школе, мне, вучню Зубрэвіцкай дзесяцігодкі, што ад купалаўскіх Ляўкоў знаходзіцца ўсяго толькі за нейкіх дзесяць кіламетраў, зрабіла такі шыкоўны падарунак!

У Мінск, у музей Янкі Купалы я ездзіў «зайцам» — на даху вагона. Грошай не было, а падарожнічаць хацелася. Вось я прыдумаў такую форму «перасоўвання» — на вагонах. І куды толькі не наведваўся такім чынам! Пазней нават дакументы для паступлення ва ўніверсітэт зноў жа вазіў на даху вагона.