Выбрать главу

«На ўспамін аб Ляўках», — напісала на купалаўскім томе Уладзіслава Францаўна. І паставіла дату: 29.VII. 53 г.

Мне тады было сямнаццаць гадоў.

Уладзіслава Францаўна сама паказвала мне, хлапчуку, — аднаму! — музей, сама вадзіла ад экспазіцыі да экспазіцыі, расказвала пра Янку — толькі так яна называла свайго мужа: «А Янка быў». «А Янка сказаў». «А Янка бачыў»...

Яна хацела пакарміць мяне, але я сціпла адмовіўся: маўляў, у мяне ёсць тут знаёмыя, і я прыехаў да іх. І потым пашкадаваў, што адмовіўся: тую палавінку буханкі хлеба, якую, паснедаўшы раніцою, схаваў у кустах маладога, толькі што насаджанага купалаўскага парку — адны пруцікі! — здаецца, непадалёку ад таго месца, дзе пазней узнікне фантан з дзяўчатамі, якія пускаюць вянкі, — я ўжо не знайшоў: мусіць, раней за мяне хлеб адшукалі птушкі ці сабакі...

Цёця Уладзя купіла мне білет у цырк — нейкае заезджае шапіто з матацыклетнымі гонкамі ў коле, раскінуўшы свой брызентавы шацёр у парку імя Горкага, — свайго цырку ў Мінску тады не было, — якраз давала свае прадстаўленні.

А ўвечары, калі сцямнелася, пайшоў на вакзал...

Дадому з Мінска я дабіраўся таксама на даху вагона — гэтак жа, як ехаў у Мінск. А на даху ж, калі ты пераскокваеш з вагона на вагон, ратуючыся ад тых, хто цябе ловіць, каб ссадзіць, патрэбны не толькі ногі, але і вольныя рукі. Таму я падарунак Уладзіславы Францаўны паклаў за пазуху — тужанькая гумка ўнізе футболачкі, ведаў, не дасць кнізе выпасці.

Як я ганарыўся гэтым падарункам тады, яшчэ вучнем! Г анаруся ім і сёння: то ж сама цёця Уладзя падпісала мне кнігу нашага Прарока!

А пазнаёміўся я з цёцяю Уладзяю ў Ляўках.

Было лета 1952 года. Беларусь святкавала сямідзесяцігоддзе з дня нараджэння Янкі Купалы. Мы, школьнікі, толькі што скончылі восьмы клас. Хтосьці з нас, здаецца, Толя Круцікаў, вычытаў у раённай газеце, што ў Ляўках адбудзецца свята паэзіі ў гонар гэтага юбілею, на якое прыедуць знакамітыя госці з Мінска. І мы ўчатырох — Толя Круцікаў, Міша Сліжоў, Лёша Ермакоў і я — пайшлі пехатою ў Ляўкі.

Памятаю лясную дарогу праз урочышча, якое называецца Коззе, — яшчэ халаднаватую значы. Памятаю, як ужо з раніцы нагрэты, нібы прысак, дарожны пыл на палявой дарозе за Герасімоўшчынай апякаў босыя ногі. Памятаю, як на пароме, на якім пераплывалі каля Александрыі праз Дняпро, конь, запрэжаны ў калёсы, чамусьці вельмі задумліва глядзеў у ваду. Памятаю, як на беразе мы доўга, спрачаючыся, выбіралі сцяжыну праз кустоўе, праз вербалозы, па якой трэба ісці, каб патрапіць у Ляўкі, — дзівакі, мы тады яшчэ не ведалі, што ўсе яны прывядуць нас менавіта туды, куды нам і трэба — да былой дачы Песняра.

Цёця Уладзя ўразіла нас сваёй прастатою, зычлівасцю, дабрынёю. Нам адразу ж здалося, што мы ведаем яе вельмі даўно, што яна нібыта наша аднавяскоўка. Яна пра ўсё распытвала ў нас, усім цікавілася, уважліва слухала тое, што мы расказвалі і пра Зубрэвічы, і пра зубраўцаў, што нам здалося: цёця Уладзя была ў нашай вёсцы! І мы нават адважыліся спытаць у яе пра гэта.

— Не, не была, — усміхнулася яна. — Чуць — чула, але не была, — і, паглядзеўшы чамусьці на мяне, і, мусіць, убачыўшы, што мне больш за ўсіх хочацца, каб яна сказала «была», са шкадаваннем дадала: — І Янка таксама не быў...

Але ж яна чула пра маю вёску! І Янка Купала, вядома ж, таксама чуў пра Зубрэвічы!

Уладзіслава Францаўна была такая ж ужо клапатлівая з намі — як маці: хлопчыкі, хлопчыкі... Калі мы сказалі пра гэта Анатолю Астрэйку, які быў на гэтым свяце і таксама здаўся такім ужо свойскім зубрэвіцкім дзядзькам, ён, пыхкаючы цыгарэтаю, усміхнуўся:

— А яна, хлопцы, для ўсіх нас як родная маці. І нас, старых, яна таксама хлопчыкамі заве.

Пазнаёміліся мы тады і з Васілём Віткам, які на той час быў вядомы як аўтар п’есы пра Янку Купалу «Шчасце паэта». Нам ён запомніўся сваім інтэлігентна-далікатным, загадкава-таямнічым выглядам. Ён з дабрынёю ўсміхаўся праз акуляры і больш маўчаў, але за гэтым маўчаннем адчуваліся многія веды і мудрасць.

Мы сядзелі на траве перад самаю сцэнаю, якую на паляне каля лясніцтва змайстравалі перад святам — дошкі яшчэ свежа пахлі смалою.

Уяўляеце, з якім захапленнем слухалі мы ўпершыню ў жыцці жывых паэтаў!

На развітанне цёця Уладзя пажадала нам, цікаўным, добра вучыцца і запрашала ў Мінск, да яе ў «Янкаў музей».

— Хлопчыкі, я ўсё вам пакажу і пра ўсё раскажу.

Хлопцы не адважыліся на такую дарогу, і таму ў купалаўскі музей я, як бачыце, паехаў адзін.

Развітваючыся са мною ў сталіцы, Уладзіслава Францаўна зноў жа сказа­ла, раіла ўжо мне аднаму:

— Хлопец, табе трэба вучыцца. Закончыш школу, прыязджай у Мінск, паступай ва ўніверсітэт.