А магутны доўгі час род Гаштольдаў згас у Геранёнах, што цяпер паміж Лідаю і Іўем, у 1542 годзе, калі памёр апошні з Гаштольдаў Станіслаў Г аштольд, ваявода наваградскі і трокскі. А правільней, пяць гадоў таму, калі ён у 1537 годзе менавіта ў Геранёнах, у касцёле святога Мікалая павёў пад вянец сваю выбранніцу Барбару Радзівіл — яго каханая была бяздзетуха. Так, у яе, у аўдавелай Барбары Радзівіл, яшчэ наперадзе былі і страснае, незвычайнае каханне, і патаемнае вянчанне з Каралём у Вільні, і яшчэ адзін шлюб з каралём Польскім і Вялікім князем ВКЛ Жыгімонтам II Аўгустам, і каралеўская карона, і нелюбоў, нават нянавісць свякрові Боны Сфорцы, і заўчасная смерць неўзабаве пасля каранавання ў Кракаве — кажуць, што яе атруцілі, і зайздрасць, і непрыняцце сям’і караля. Але дзяцей у Барбары і ў гэтым шлюбе не было.
Так што і род майго аднавяскоўца Міткі Зубрэвіцкага па кудзелі таксама скончыўся на Барбары Радзівіл.
Дзіўна! Цікавыя кругі гісторыі! Аказваецца, і яна, Барбара Радзівіл, славуцейшая асоба беларускага Сярэднявечча, калі б зачала, магла б нарадзіць майму Мітку Зубрэвіцкаму спадкаемца, прадаўжальніка добрага роду.
А касцёл у Геранёнах, дзе адбыўся шлюб Станіслава Гаштольда і Барбары Радзівіл, пабудаваў Міткаў праўнук Альбрэхт Г аштольд. Дарэчы, памяшканне касцёла захавалася і сёння: позняе барока з элементамі готыкі, а ў сярэдзіне — класіка і ракако.
А вось замак, пабудаваны зноў жа Гаштольдам, не захаваўся. Толькі рэшткі магутных сцен, складзенных з палявога каменя, якія з дзесяціметровымі валамі адгароджвалі аграмадную плошчу ў 30 кіламетраў, сведчаць пра тое, што гэта было адно з магутнейшых абаронных фартыфікацыйных умацаванняў таго часу: сцены — па два метры.
Значыць, Друцкае княства — маё княства. Дзе б дручане ні былі — у Полацкай зямлі, у ВКЛ, заўсёды з імі і мае Зубрэвічы.
Стаю на высокіх валах былога замчышча старажытнага Друцка. Магутныя, як горы, валы і такія далячыні раскрываюцца з іх — аж дух перахоплівае.
І праўда, я верыў, што нічога новага не адкрыю, не даведаюся, не разгадаю. Але ўсё ж стаю. Проста так стаю. А хіба гэтага мала — яшчэ раз выразна адчуць, як яны, вятры стагоддзяў, шумяць у цябе над галавою...
А ўнізе, пад валамі, у вёсцы Друцк, што нібыта ўціскаецца ў гару, гучыць музыка — там школьнікаў урачыста прымаюць у дручане.
Орша ў 1997 годзе адзначыла сваю 930-ю гадавіну з дня першага ўпамінання аб ёй у «Аповесці мінулых гадоў». З гэтай нагоды выйшла кніга вядомага краязнаўца Святаслава Асіноўскага «Орша: Залатыя стрэлы на блакітным полі» — першы на Беларусі багата ілюстраваны храналагічны даведнік, прысвечаны асобнаму гораду. І ў ім прасочваецца гісторыя горада за вельмі працяглы час.
Сваю кнігу Святаслаў Асіноўскі падараваў мне з аўтографам: «Янку Сіпакову, паэту і земляку ад аўтара на доўгі ўспамін. 14.04.08 г.».
Я праглынуў даведнік з узрушэннем. Вядома ж, гэта клад! Унікальны збор! Прачытаўшы кнігу, я яшчэ болей пачаў ганарыцца сваім родным горадам.
Вось універсал ад 16 лютага 1654 года, які гетман ВКЛ Януш Радзівіл даў ваяводам — аб прывядзенні войскаў пад Оршай у баявую гатоўнасць у сувязі з пагрозай наступлення маскоўскага войска:
«Мною атрыманы дакладныя звесткі аб набліжэнні да межаў Рэчы Паспалітай моцнага маскоўскага войска. Збіраючыся найхутчэй даць адпор гэтаму непрыяцельскаму нашэсцю, папярэджваю вашых міласцей і ўладаю сваёй строга загадваю вам заставацца пад сваімі харугвамі, у сваіх ротах, не адлучаючыся ад іх ні на крок. Калі ж хто-небудзь знаходзіцца дома ці яшчэ дзе-небудзь, няхай тут жа вяртаецца ў любы час дня і ночы. І хаця я вымушаны знаходзіцца на пасяджэннях сейма з-за неадкладных спраў, што тычацца карысці ўсёй Рэчы Паспалітай, аднак, прабыўшы там больш як два дні і атрымаўшы загад яго каралеўскай вялікасці (Яна ІІ Казіміра Вазы), я тут жа накіруюся ў Оршу, не спыняючыся на начлег. І калі я, вярнуўшыся, не застану каго-небудзь з вашых міласцей пад харугвамі і ў ротах, то такому ... не дапамогуць ніякія апраўданні».
Ратуючы ВКЛ, потым ён, паслядоўнік незалежнасці ВКЛ ад Польшчы, падпіша ў Кейданах дамову са Швецыяй аб пераходзе княства пад яе пратэктарат, за што быў аб’яўлены здраднікам.
Пачалася вайна паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай за Беларусь і Украіну.
Вядомы беларускі гісторык Генадзь Сагановіч у сваёй кнізе «Невядомая вайна» піша:
«Калі б у мяне спыталіся, што ў беларускай гісторыі я лічу найслаўнейшым, а што — самым трагічным, дык на першае пытанне адразу, бадай, не знайшоў бы адказу, а на другое сказаў бы без сумневу: вайна 1654—1667 гг.».