Дзіўна, але ў пяцідзясятых гадах мінулага стагоддзя быў нейкі пэўны час, калі аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, на якое штогод і набіралася ўсяго толькі нейкіх 25 чалавек, паставіла ў беларускую літаратуру вельмі шырокую кагорту неверагодна таленавітых пісьменнікаў, што ў нашым родным прыгожым пісьменстве занялі сваё высокае і асобнае месца.
Курсам вышэй ці курсам пазней, хто толькі што паступіў на першы курс, а хто ўжо і заканчваў універсітэт, вучыліся разам, жылі побач у інтэрнатах тыя, хто неўзабаве зробіцца гонарам роднай літаратуры: Іван Пташнікаў, Анатоль Вярцінскі, Іван Чыгрынаў, Вячаслаў Адамчык, Міхась Стральцоў, Уладзімір Дамашэвіч, Віктар Карамазаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Юрась Свірка, Васіль Зуёнак, Сымон Блатун, Барыс Сачанка, Анатоль Кудравец, Мікола Гіль, Ігар Хадановіч — дарэчы, я і сёння памятаю Ігарава першае апавяданне: лета, воз сена, на ім яны, хлапчук і дзяўчынка, і ў іх на дваіх адзін яблык... І ўсё так ласкава, так далікатна напісана, расказана, паказана.
Тады ж вучыліся і Анатоль Клышка, будучы аўтар беларускага «Буквара», і даследчык беларускіх летапісаў Вячаслаў Чамярыцкі, і высокі знаўца беларускага тэатра Анатоль Сабалеўскі, будучы мовазнаўца і фалькларыст Янка Саламевіч, рэжысёры Ігар Дабралюбаў і Віктар Дашук.
Выкладалі на філфаку нядаўнія яго выпускнікі Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Іван Навуменка — яны неяк не адасобліваліся ад студэнтаў: разам жа шукалі сябе, свой шлях у літаратуры.
Інтэлектуальны, высокамаральны асяродак — было з кім і было пра што пагаварыць.
Часам наязджаў у Мінск з Гродна малады паэт Пятрусь Макаль. Нечаканыя для беларускай літаратуры вершы пачаў пісаць студэнт медінстытута Алесь Наўроцкі — яго часта можна было сустрэць у нашым інтэрнаце, у нашым пакоі: сам Алесь у дыскусіях не ўдзельнічаў асабліва, але слухаў усіх вельмі ўважліва. У педінстытуце хораша заявіў пра сябе студэнт Раман Тармола. У інстытуце замежных моў піша вершы яшчэ для сябе, аднак настойліва вывучае англійскую мову, каб потым бліскуча перакладаць Кіплінга, Яўген Міклашэўскі. У Оршы ўжо настаўнічае выпускнік Кіеўскага ўніверсітэта Уладзімір Караткевіч — да нас з Оршы даходзяць магутныя раскаты ягонай паэзіі.
Мы ішлі ў літаратуру не па адным. Мы ўрываліся ў літаратуру ўсе разам — гуртам, выраем, моцнаю хваляю, усім пакаленнем. Нам так было зручней, цікавей, весялей, радасней. І чым больш было ў нас паплечнікаў, тым упэўненей мы сябе адчувалі: расце наша родная літаратура! Заўсёды думалі мы не толькі пра свае творы, але і пра літаратуру.
Мы радаваліся кожнаму поспеху сваіх сяброў, а сябры — нашаму. Хочацца сказаць, што мы не зайздросцілі адзін аднаму. Але ж... гэта будзе няпраўда. Вядома, зайздросцілі! Але гэтая зайздрасць была не злая і зацятая, а добрая. Мы зайздросцілі поспехам сяброў, але адначасова і радаваліся ім: то ж багацее наша паэзія, глыбее наша проза!
Грыша Барадулін напісаў свае вершы «У верасня ёсць свой адметны пах» і «Паляць бульбоўнік». Зайздросцілі. А чаму я да гэтага не дадумаўся: і ў нас жа таксама паляць бульбоўнік, і я ж ведаю гэты пах...
Атрымаліся ў Анатоля Вярцінскага своеасаблівыя шэдэўры «Дынамік» і «Статак вяртаецца з поля» — зайздросцілі. Дык і я ж гэта ведаў. Гэта ж ляжала на самым відным месцы. Радыё, старая, няма з кім пагаварыць. А з радыё і пагаворыш, і паплачаш, і паспяваеш... Ну, а «Статак вяртаецца з поля» — дык і ўвогуле... Усе ж мы штодня бачылі гэта, сустракалі сваіх каровак, і яны бралі з нашых далонек хлеб... Але дадумаўся, бачыш, ён, а не ты.
А Васіль Зуёнак... Бачыце, «ніхто не пачуў: яблык упаў дасвеццем — ля Халопеніч, на Беларусі»... Ды чулі мы, чулі, Васіль, як падае той яблык! Але ж пра галоўнае пачуў толькі ты адзін: «Ніхто не пачуў, а шар зямны здрыгануўся»... Высокі паэтычны слых!
А ў наш студэнцкі час вельмі папулярным між моладзі быў ягоны верш «Студэнцкі чамадан»:
Можа, хто і пасмяецца з верша:
Вось хлапец знайшоў здзівіць чым свет!
Толькі ж гэта я кажу не першы:
— Чамадан мне — як курцу кісет.
Паглядзі — чаго няма ў ім толькі:
Тут Купалы кніжка і Бальзак,
Тут буфет студэнцкі мой, паколькі
Без яго не пражывеш ніяк.
Думаў, Васіль Васільевіч не ўключыць у свае выбраныя творы гэтага студэнцкага верша. Адгарнуў томік «Час вяртання», які выйшаў у «Бібліятэцы беларускай паэзіі» і які Зуёнак падпісаў мне: «Дарагому Янку Сіпакову — паэту, якога люблю, празаіку, якому зайздрошчу, па-сяброўску», і ўзрадаваўся: ёсць! Ёсць «Студэнцкі чамадан» нават у гэтым ашчадна адабраным выданні.
Усе мы былі такія шчырыя ў паэзіі.