14 сакавіка 1653 г. маскоўскі патрыярх Нікан блаславіў цара Аляксея Міхайлавіча на «благое дело» — на вайну супраць Рэчы Паспалітай.
Гэтая вайна, як сцвярджаюць даследчыкі, стала самаю крываваю ў гісторыі Беларусі. Яна нанесла генафонду беларусаў страшны ўдар, пасля якога мы яшчэ і цяпер не можам аправіцца.
«Падчас гэтай жудаснай бойні загінулі 53 працэнты насельніцтва Беларусі (у яе сучасных межах). Калі браць пад увагу толькі гарады (а ім дасталося найбольш), то ў Вяжычах (пад Віцебскам) загінула 98 працэнтаў жыхароў, у самім Віцебску — 94, у Полацку — 93, у Ляхавічах — 92 працэнты.
Як сведчаць дакументы тых часоў, і Орша была таксама «бясконцымі маскоўскімі нападамі не раз спалена і цалкам зруйнавана» і ляжала «пустой» яшчэ напрыканцы XVIII ст.
Да пачатку гэтай вайны, паводле дадзеных Васіля Мялешкі, у Аршанскім павеце налічвалася 473 200 жыхароў, у 1667 г. у жывых засталося толькі 145 015. Такім чынам, загінула 69,3 працэнта насельніцтва павета. У Копысі было, паводле дадзеных Юзафа Можы, 450 дымоў (гаспадарак), ацалела ўсяго 267; невялічкая Барань страціла 27 з 38 (71 працэнт) дымоў. Полымя вайны праглынула 45 290 з 67 000 дымоў у Аршанскім павеце».
І ўсё ж Аляксей Міхайлавіч не дасягнуў сваёй мэты: Беларусь і Правабярэжная Украіна засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай.
І як вы думаеце, хто ён, гэты цар Аляксей Міхайлавіч Раманаў, які ўчыніў такую бойню? Наш зямляк, нашчадак у дзясятым калене аршанскага баярына Андрэя Іванавіча Кабылы! Дарэчы, і Пётр I, сын Аляксея Міхайлавіча, таксама спадкаемец усё таго ж Кабылы — толькі ўжо ў адзінаццатым пакаленні...
Дарэчы, падчас расійска-шведскай вайны Пётр I быў у Оршы і ў Копысі.
А Копыскае і Аршанскае гарадзішчы ў розныя гады даследавалі такія слынныя археолагі, як А. Ляўданскі, Г. Штыхаў, Л. Міхайлоўскі, Л. Побаль, Э. Загарульскі, В. Ляўко.
«У адной з легенд аб старажытнай Оршы распавядаецца, што продкі аршанцаў, крывічы, былі незвычайна дужымі і высокімі. Такімі высокімі, што сучасныя людзі ім да калена не даставалі б. Найглыбейшыя рэкі ім таксама былі толькі па калена. Таўшчэзную калоду яны круцілі лёгка, як палку, былі мацнейшыя за мядзведзя, і ніхто не мог іх перамагчы. Менавіта з-за сваёй сілы і непераможнасці пачалі аршанцы пагражаць самому Богу.»
Гэтае наіўнае, але з вялікай гордасцю да сваіх землякоў прамоўленае слова, я вычытаў у альбоме «Орша і Аршанскі раён»: вось мы, маўляў, якія — самому Богу пагражалі.
А пачынаецца альбом з мініяцюры Радзівілаўскага летапісу «Захоп Усяслава Чарадзея з сынамі — «на Ръши у Смолиньска». Менавіта першае ўпамінанне пра Оршу ў «Аповесці мінулых часоў» звязана з гэтай падзеяй: 3 сакавіка 1067 года адбылася вядомая бітва на Нямізе, — «галовы сцелюць снапамі» — паміж войскам полоцкага князя Усяслава Чарадзея і войскам трох братоў — кіеўскіх князёў Яраславічаў. Усяслаў пацярпеў паражэнне і падчас перагавораў каля Оршы вераломна быў захоплены з сынам і зняволены ў Кіеве. Праўда, праз нейкі час ён быў вызвалены з цямніцы народам і тут жа абраны на Кіеўскі прастол і сем месяцаў княжыў у Кіеўскім княстве, а пасля усё ж вярнуўся ў Полацк.
Вітаўт пабудаваў Аршанскі замак.
Канцлер ВКЛ Леў Сапега набыў у самым цэнтры Оршы ўчастак зямлі і пабудаваў на ім першы ў горадзе каталіцкі касцёл. За будаўніцтвам Калегіума пільна сачыў папа Павел V, а рэзідэнцыя езуітаў у Оршы па загадзе генерала ордэна ў 1616 годзе была пераабсталявана ў калегіум.
З 1842 года, калі Ордэн езуітаў па загадзе імператара Аляксандра I быў адменены на тэрыторыі Расійскай імперыі, памяшканне пераабсталявалі і ў ім — сто пяцьдзясят гадоў! — была турма.
Цяпер калегіум адрамантавалі. Ён стаў упрыгожаннем Оршы. У ім размешчана дзіцячая бібліятэка імя У. Караткевіча, мастацкая галерэя Віктара Грамыкі, Дом рамёстваў і аддзел культуры Аршанскага райвыканкама.
Орша памаладзела. Асабліва, калі адкрылі пагляду галоўнае хараство Оршы — Дняпро.
Які прыгожы ў альбоме «Орша» панарамны фотаздымак майго роднага горада! Як цікава яго разглядаць зверху, калі ўвачавідкі здаецца, што ты крылаты і ляціш над найпрыгожэйшым для цябе горадам, пазнаючы знаёмыя табе мясціны: і той самы калегіум, і справа той жа яшчэ не магутны, але паўнаводны ўжо і ў нас спакойны Дняпро, і злева Аршыцу, якая таксама спакойна ўліваецца ў яго, і Прыдняпроўскі парк, у якім стаіць лірычны помнік яму, майму шаноўнаму земляку — Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу.
Вельмі сур’ёзнае даследаванне гісторыі Оршы і Аршаншчыны ў кнізе аршанскага гісторыка Ігара Яршова «Вежы над Дняпром». Кніга прэтэндуе на аб’ёмнае адлюстраванне таго, што адбывалася тут раней. Яна дае шырокі спектр, роскід думак, меркаванняў, поглядаў розных людзей. Аўтар спрачаецца, абураецца, шукае ісціну між гэтых думак.