Гэта і кароценькая заметачка пра мяне — як пра земляка.
16
Пра Пухавіччыну, сваю малую Радзіму — якую малую, радзіма, якой бы яна ні была, заўсёды вялікая! — з любоўю распавядае вядомы краязнаўца Алесь Карлюкевіч. Распавядае сэрцам... А якая, зірніце, тапаніміка, якая прыгажосць у назвах пухавіцкай зямлі, у назвах вёсак, мястэчак, рэк, рачулак, ручаёў, лясоў, пералескаў! Балачанка, Берлеж, Блонь, Блужа, Вецярэвічы, Вузляны, Выгода, Вясёлыя, Граддзе, Зацітава Слабада, Дайнава, Загай, Ліпнікі, Пціч, Такавішча, Пухавічы. Раён Пухавіцкі, а дагэтуль сталіца яго Мар’іна Горка.
«Адзін раён, кажучы сучаснай адміністрацыйнай мовай, — здзіўляецца і сам даследчык, — умяшчае вялізарнейшую прастору. Настолькі неабсяжную, што яе можна параўнаць з касмічнымі катэгорыямі ці параметрамі».
Гэта з кніжкі «І векавечны толькі край», якую Алесь Мікалаевіч падараваў мне з аўтографам:
«Паважанаму Івану Данілавічу! З самымі добрымі пажаданнямі! З заўсёднай цікавасцю да Вашай творчасці! Алесь Карлюкевіч. 8.01.2001 г.».
Аказваецца, і славутыя «Дудуткі», што пад Мінскам, гэта ўжо таксама Пухавіччына.
Дудуткі — фермерскі эксперымент пісьменніка Яўгена Будзінаса.
«Дык што ж задумаў Будзінас? — раздумвае краязнаўца Карлюкевіч. — На тэрыторыі Пухавіцкага раёна ў свой час прадпрымальніку выдзелілі ў арэнду 160 гектараў зямлі. План быў скіраваны на тое, каб стварыць агромністую фермерскую гаспадарку. Хаця і на гэтым шляху Яўген Дамінікавіч сутыкнуўся з многімі праблемамі, расчараванні ўсё ж такі не прымусілі яго адмовіцца ад зямлі».
Сёння «Дудуткі» — сваеасаблівы, элітны музей пад адкрытым небам, куды возяць, які з гонарам паказваюць гасцям Беларусі. Чаму ж менавіта тут, на пцічанскіх берагах, у ваколіцах старажытных Дудзіч узнік гэты музей?
«Як на мой суб’ектыўны погляд, усяму першапрычынай, — тлумачыць Алесь Мікалаевіч, — памяць пра вядомага Аляксандра Карлавіча Ельскага. Якраз у гэтых мясцінах жыў гэткі пан-дзівак, лічы, паўтара стагоддзя назад. Нарадзіўся ў 1834 годзе. Памёр у 1916-м. У гісторыі ж застаўся не панствам сваім, а апантаным збіральніцтвам. Непадалёку ад Дудзіч, у маёнтку Замосце, стварыў ці не багацейшы на Беларусі музей. Сабраў у сваю хатнюю скарбніцу аўтографы Напалеона і Пятра І. Калекцыя змяшчала аўтографы славутых людзей, нацыянальных герояў, саноўнікаў Рэчы Паспалітай, вучоных, не толькі польскіх, але і многіх іншых народаў, а таксама багатыя матэрыялы аб гістарычных падзеях 1794 года, 1812, 1831, 1863 гадоў, аб чатырохгадовым сейме, Тарлавіцы і г. д.
А яшчэ ж — карціны, археалагічныя знаходкі, прадметы матэрыяльнай культуры, агромністая бібліятэка. Па часе існавання музея ў Замосці дарогу ў дудзічанскі бок зведалі многія вучоныя, гісторыкі, краязнаўцы, літаратары, этнографы з Расіі і Польшчы. Часам знаходзілі ў Замосці тое, што не маглі адкрыць у музеях і бібліятэках Варшавы, Масквы, Санкт-Пяцярбурга, Кіева, Вільні».
У кнізе А. Карлюкевіча шмат нечаканых, цікавых матэрыялаў пра знакамітых асоб.
Яны сустрэліся ў Рыме. Паэт Адам Міцкевіч і яна, Марына Мечыслаўская, уніятка, пакутніца за веру. А Міцкевіч толькі што, за дзень перад гэтым, парваў сувязі з каталіцкім касцёлам...
«Я ёсць Адам Міцкевіч, выгнанец з Літвы», — прадставіўся паэт,
«А я ёсць тая манашка, перакінутая праз цэлы свет таксама з Літвы на гэтую італьянскую зямлю...» Ён літвін, і яна — таксама літвінка. А вялі гаворку пра фарміраванне польскага легіёна ў Італіі. Вось такія яны нашы, лёсы.
Уяўляеце, які гэта разварот падзей і пачуццяў для даследчыка! І Алесь Карлюкевіч з гонарам са сваёй працаю справіўся.
У яго даследчыцкі клопат трапіла і «бабуля расійскай рэвалюцыі» Кацярына Канстанцінаўна Брэшка-Брэшкоўская, якая нарадзілася ў Невельскім павеце Віцебскай губерні, і вядомы польскі кампазітар, дырыжор, музычны дзеяч Мечыслаў Карловіч, які нарадзіўся ў вёсцы Вішнева Смаргонскага раёна, у сям’і Яна Карловіча — польскага мовазнаўцы, этнографа, фалькларыста, музыказнаўцы, які сябраваў з Францішкам Багушэвічам і якому дапамог выдаць зборнік яго паэзіі; і вядома ж, наш сучаснік — Мікола Калінковіч, пісьменнік і краязнаўца. «Драма аднаго жыцця» — так называецца раздзел пра яго ў кнізе Алеся Карлюкевіча.
«У Міколы Калінковіча засталося шмат сяброў. Быў ён чалавекам таварыскім, кампанейскім. Умеў яднаць вакол сябе і аматараў футбола, і дасведчаных навукоўцаў. Мне пашчасціла ведаць гэтага цікавага чалавека, ліставацца з ім...»
Мікола Калінковіч пісаў Карлюкевічу і на Кубу, і ў Ашхабад, дзе Алесь Мікалаевіч служыў у вайсковых газетах.