Я ж у Міколы Калінковіча быў у гасцях. У Ашхабадзе. У сціплай двухпакаёвай кватэрцы на першым паверсе, у звычайным панельным доме. У нас, на Беларусі, была яшчэ зіма, а ў Туркменіі — ужо вясна, і я на гэтым памежжы крыху прастудзіўся — кашляў. І Мікола з жонкаю — яна медычка — лячылі мяне спіртам з мёдам... А Мікола тады працаваў у КДБ Туркменістана.
«Амаль што адразу, — разважае Алесь Карлюкевіч, — пасля заканчэння журфака Белдзяржуніверсітэта (а паступіў Мікола вучыцца на газетчыка, адслужыўшы два гады ў войску) — праца і служба ў органах дзяржбяспекі. Дзіўнае спалучэнне, ці не так? Захапленне гісторыяй і краязнаўствам, праца над словам, карпенне ў думках і за пісьмовым сталом (і пра характар нацыянальнай душы, і пра вольнасць — гісторыя і краязнаўства не маглі не падвесці да гэтага) і дзяржбяспека».
Як светла і шчыра гаварылася пра ўсё ў яго дома!
Мікола расказваў, але не скардзіўся: «Разумееш, цяжкавата тут: сама міліцыя падказвае рабаўнікам, каго трэба абакрасці, а потым сама ж пільнуе, каб ніхто не перашкодзіў ім гэта зрабіць».
Мне ж Мікалай Мікалаевіч дапамог тады купіць білет да Мары, і я ў перапоўненым, душным начным цягніку — на ніжняй паліцы! — паехаў у Каракумы («Што такое Каракумы? Гэта тры Грэцыі пяску», — тлумачылі мне туркмены). У Рэпетэкскім барханным запаведніку я пабачыў, як ходзяць пяскі, яшчэ у Мургабскім аазісе пабываў у вярблюдагадоўчым саўгасе «СакарЧага» — на адзінай у рэспубліцы малочнай вярблюджай ферме там даіліся тады 74 вярблюдзіцы, з малака якіх гатавалася 27 тон чала.
А пазнаёміўся я з Мікалаем Калінковічам зусім выпадкова. Я ішоў у выдавецтва «Мастацкая літаратура», а Мікола вяртаўся адтуль. Мы былі з ім зусім незнаёмыя. Але ён неяк уважліва паглядзеў на мяне і сказаў: «Здаецца, гэта Янка Сіпакоў?» І мы з ім разгаварыліся. Паўгадзіны праходзіць — а мы гаворым. Гадзіна праходзіць, — а мы яшчэ не гаварыліся.
Мікола ішоў ад Веры Палтаран, пад рэдакцыяй якой выходзіла яго кніга. Пра Блока.
Зноў жа Алесь Карлюкевіч:
«Блок, — піша ён, — Ці не палова жыцця Міколы прайшло пад уражаннем Блока, яго лёсу, яго паэзіі. Дасведчаны чытач напэўна памятае сціплую кніжку Калінковіча «Палескія дні Аляксандра Блока». Невялікая памерам, яна камусьці можа падацца плёнам працы некалькіх тыдняў, за месяц — два, няхай сабе год. Але ж Блок, асэнсаванне гэтай асобы — частка жыцця Міколы. Яшчэ школьнікам лунінецкі падлетак даведаўся пра беларускія калізіі ў лёсе славутага паэта. І пачаў паціху збіраць факты, напаўняць скарбонку ведаў пра яго. І нават калі служыў тэрміновую вайсковую службу пад Ленінградам, не забыўся пра сваю галоўную тэму. Салдатам грукаўся ў дзверы архіваў, музеяў, шукаў сучаснікаў. Адзін вучоны муж параіў: напішыце, малады чалавек, лепей пра Блока і космас... Блок на Беларусі? Не тая гэта тэма. І не тэма зусім.
Характар, апантанасць, улюбёнасць у Блока і ў сваю радзіму прымушалі не кідаць пошукаў. Так і стварыліся многія публікацыі, так і сабралася кніжка».
З Ашхабада Мікола Калінковіч піша Карлюкевічу пісьмо, дзе расказвае пра Рыгора Сілыча Карэліна — прадзеда Блока па матчынай лініі. Аказваецца, у Туркменіі пра Карэліна выйшаў раман рускага пісьменніка Рыбіна, які жыў у Туркменістане.
«Папрасіў Рыбіна надпісаць на кніжцы аўтограф, — расказвае Карлюкевічу Мікалай Мікалаевіч, — прыхапіў раман з сабою падчас чарговай вандроўкі на Беларусь. І завёз у Пінск, а пасля ў Лапаціна, у музей Блока, аддаў Жураўскаму. Разам, здаецца, з часопісам «Маладосць», лістападаўскі нумар за 1980 год, у якім была змешчана мая публікацыя «Палескія дні Аляксандра Блока».
А гэтую публікацыю Міколы Калінковіча рыхтаваў да друку я. Я тады працаваў у «Маладосці» загадчыкам аддзела культуры і навукі і, памятаю, ганарыўся гэтай публікацыяй. І ўсе таксама віншавалі мяне з цікавай публікацыяй.
Мікола Калінковіч, вядома ж, і пачатак пошукаў «палескіх дзён Блока», і іх адзіны даследчык. Ён, пачаўшы шукаць сувязі Блока з Беларуссю яшчэ школьнікам, рабіў гэта шчыра і добрасумленна да самага канца свайго кароткага жыцця.
Блок на Беларусі — гэтая тэма зрабілася ягонай апошняй ідэяй і ягоным жыццём. Таму ён з душэўным болем успрымаў усё, што часам рабілася не так:
«Увогуле, мне здаецца, што пінчукі яшчэ не перайшлі да сапраўднага асэнсавання Блока, да ўсведамлення яго месца ў кантэксце сучаснай літаратуры... Суб’ектыўна? Так, магчыма, і суб’ектыўна, але ж калі быць шчырым... Словам, адносіны ў мяне да лапацінскага музея розныя. Прызнацца, засмучае, што там нахабна выперся — і ў экспанатах, і ў арганізацыі — нехта Б. Настолькі нахабна, што ад усяго адварочвае.