А я нават пакуль не адправіў ім сваю кніжку пра Блока. Ды і не звярталіся.
Дарэчы, дзеля дакладнасці, — усё ж не памятаю, адвёз кнігу Валянціна Фёдаровіча ці адправіў па пошце. Забыўся, даруй. Але ж у музеі, вядома ж, быў і з Жураўскім бачыўся.
Мне думаецца, што музей Блока трэба было рабіць у Лунінцы альбо ў Пінску. У Лапаціна ж ён беспрытульны. Выхаваўчая роля па розных прычынах зведзена на нітто... Ці нават лепшае месца для музея было б у Парахонску».
Слова на заканчэнне
На гэты мрукапіс абрываецца...
І ўжо ніколі, ніколі не дазнаемся, з кім яшчэ Янка Сіпакоў хацеў нас пазнаёміць, пра што меў жаданне нам расказаць.
Незвычайнае, дзівоснае падарожжа! Ад кнігі да кнігі. Ад лёсу да лёсу. Ад краіны да краіны... Якім жа няпростым, зайздросна багатым быў свет пісьменніка! І якім шчодрым, светлым быў яго талент, каб гэтак цёпла, з незвычайнай любоўю, з сардэчнай замілаванасцю ўсё ўбачанае і пачутае ўзнавіць у жывым, хвалюючым слове.
Застаецца толькі шкадаваць, што захапляльнае падарожжа ў гэты чароўны свет заўчасна абарвалася. Але дзякуй табе, дарагі Янка, і за тое, што ты змог зрабіць, паспеў сказаць!
Зіновій ПРЫГОДЗІЧ
Падрыхтоўка тэксту і публікацыя Сяргея СІПАКОВА.