Выбрать главу

«Першая частка сапраўдных каментарыяў, што расказваюць пра паходжанне інкаў, якія былі каралямі Перу, аб іх ідалапаклонстве, законах і праўленні на вайне і ў свеце; аб іх жыцці і заваёвах і аб усім, чым была тая імперыя і іх дзяржава да таго, як прыйшлі ў яе іспанцы. Яны напісаны Інкам Гарсіласа дэ ла Вега, народжаным у Коска, капітанам яго вялікасці. Прысвячаецца яснейшай прынцэсе донне Каталіне Партугальскай, герцагіне Браганскай і г. д. Прапушчана з дазволу святой інквізіцыі, суддзі першай інстанцыі. У Лісабоне, у канторы Педра Красбеека надрукавана. Год 1609».

Зноў загаварыўся. Пра гэтыя кнігі я раскажу пазней. Як і пра «Жыццё дванаццаці цэзараў» Гая Святонія Транквіла з «Літаратурных помнікаў». Калі раптам забудуся — напомні, шаноўны мой чытач, пра гэта мне сам.

Значыць, Джон Стэйнбек. Раман «Квартал Тартылля Флэт». Аладкавая раўніна. Заселеная выхадцамі з Мексікі. Гісторыя жыцця чатырох пайсана, чатырох сяброў, расказаная з гумарам.

Пайсана — гэта нашчадак іспанцаў, індзейцаў і мексіканцаў. Ды яшчэ і шмат якіх іншых еўрапейцаў. Па-англійску ён гаворыць, як пайсана, і па-іспанску ён зноў жа гаворыць, як пайсана. Пайсана нічым нельга аблытаць, ашукаць, бо ў яго няма ніякай маёмасці — у яго няма чаго ўкрасці!

Не, мы, чытачы, любілі гэтага пайсана Дэкі. І яго сяброў — таксама.

А Стэйнбеку ён прынёс славу і грошы.

Яго ж «Жамчужына». З яе дапамогай Кіна марыў даць сыну адукацыю, а калі Кайаціта памірае, жамчужына траціць для яго ўсялякі сэнс, рэальную каштоўнасць, і Кіна выкідвае яе ў мора...

«Зіма трывогі нашай» — апошні раман Стэйнбека. Выйшаў ён у 1961 годзе. Гэта ўжо не родная яго Каліфорнія, а дагледжаны гарадок у Новай Англіі.

У той час, калі я пішу гэтыя радкі, беларускае радыё прынесла сумную вестку: у сваім доме ў Нью-Гэмпшыры на 92-ім годзе жыцця памёр выдатны амерыканскі пісьменнік, аўтар адзінага рамана «Над прадоннем у жыце» (так і сказалі: адзінага!) славуты Майстра Джэром Сэлінджэр. Удзельнік Другой сусветнай вайны. На фронце пазнаёміўся з Эрнестам Хемінгуэем. У апошнія гады жыў пустэльнікам — не прымаў нікога, адмаўляўся ад сустрэчы з прэсаю. Толькі летась дамогся забароны публікацыі рамана «60 гадоў пасля: прабіраючыся праз жыта», які напісаў прыхільнік яго творчасці і які нібыта з’яўляецца працягам рамана «Над прадоннем у жыце».

Аўтар аднаго рамана? Такі знакаміты пісьменнік?

Не, вядома ж, Сэлінджэр — аўтар не толькі аднаго рамана. У яго ёсць выдатныя апавяданні і эпічны цыкл твораў — сага пра сям’ю Глас.

Аднак толькі адзіны раман «Над прадоннем у жыце» ўключаны ў школьныя праграмы.

Першая кніга Джэрома Сэлінджэра, якую я прачытаў, быў томік з хлапчуком на вокладцы, які, абапёршыся на вушак рукою, задумліва і крыху сумнавата глядзіць кудысьці ўдалячынь. Мне падабаецца, што аўтар нам, чытачам, нічога не навязвае, не разжоўвае, не тлумачыць — маўляў, самі чытайце і разбірайцеся ва ўсім.

Я, чытаючы раман, атаясамліваў шаснаццацігадовага Холдэна з тым хлапчуком, што на вокладцы, і імкнуўся зразумець, усё вяртаючыся да вокладкі, углядаючыся ў малюнак, адкуль у юнага героя гэтая далікатная ранімасць душы, гэтае непрыманне фальшу, якія вылучаюць яго з равеснікаў.

Першаю маёю кнігаю Самерсэта Моэма, якую я купіў у 1965 годзе, быў зборнік яго апавяданняў «Дождж». Нават першы сказ з загаловачнага апавядання, у які я ўткнуўся яшчэ ў кніжным магазіне, здзіўляў і заварожваў:

«Хутка час класціся, а заўтра, калі яны прачнуцца, ужо будзе відна зямля».

Як шмат тут сказана! Якая шырыня і спрасаванасць думкі і які прастор для яе разгарнення — куды хочаш, туды і вядзі! Ужо адкрываецца столькі накірункаў для роздуму!

А хто не ведаў тады віёнаўскае чатырохрадкоўе, якое ў турме напісаў паэт, прысуджаны да павешання:

Я — Франсуа, чему не рад.

Увы, ждет смерть злодея,

И сколько весит этот зад,

Узнает скоро шея.

Франсуа Віёна ведалі сучаснікі як магістра мастацтваў і бадзягу. Адначасова! Гэтак здзіўляюча дваіўся вобраз паэта. Бадзяжніцтва і турмы, сувязі з прафесійнымі разбойнікамі, удзел у іхніх грабяжах ды забойствах, і ў той жа час — ён паэт акружэння двара самога герцага і паэта Карла Арлеанскага і піша па яго просьбе «Баладу паэтычнага спаборніцтва ў Блуа» — для яго альбома — «Над ручаём ад смагі паміраю».

От жажды умираю над ручьём.

Смеюсь сквозь слёзы и тружусь играя.