Выбрать главу

А сюжэтнаю асноваю аповесці стаў выпадак, расказаны Хемінгуэем зноў жа ў гэтым нарысе:

«Іншым разам ля Кабаньяса стары злавіў велічэзнага марліна, які ўвалок, сцягнуў яго лодку ў мора. Праз два дні старога падабралі рыбакі ў шасцідзесяці мілях ва ўсходнім накірунку. Галава і пярэдняя частка рыбы былі прывязаны да лодкі. Тое, што засталося ад рыбы, было меней за палавіну і важыла васемсот фунтаў. Стары не расставаўся з рыбаю дзень і ноч, і яшчэ дзень, і яшчэ ноч, і ўвесь гэты час рыба плыла на вялікай глыбіні і цягнула за сабою лодку. Калі яна ўсплыла, стары падцягнуў да яе лодку і ўдарыў яе гарпунам. Прывязаную да лодкі, яе атакавалі акулы, і стары змагаўся з імі зусім адзін у Гальфстрыме на маленькай лодцы. Ён біў іх багром, калоў гарпунам, адбіваў вяслом, пакуль не выдахся, і тады акулы з’елі ўсё, што маглі. Ён рыдаў, калі рыбакі падабралі яго, амаль звар’яцелага ад сваёй страты, а акулы ўсё яшчэ прадаўжалі кружыць вакол лодкі».

«Стары і мора», кніга, якою мы зачытваліся ў маладосці, — несумненна, адзін з найлепшых твораў Хемінгуэя. Яму ў 1953 годзе была прысуджана Пулітцэраўская прэмія. Думаецца, што і Нобелеўскі камітэт, які праз год ушанаваў пісьменніка Нобелеўскай прэміяй, меў на ўвазе зноў жа і яе, гэтую вечную аповесць-прытчу «Стары і мора».

«Свята, якое заўсёды з табою» — кніга ўспамінаў, якую надрукаваў Хемінгуэй, ужо лаўрэат Нобелеўскай прэміі, — стала і нашым святам. Яна — пра Парыж, куды дваццацігадовы Хемінгуэй прыехаў як раз’язны карэспандэнт газеты «Таронта дэйлі стар» са штаб-кватэраю ў французскай сталіцы. Прыехаў з маладою жонкаю, якую ўсе звалі проста Хэдлі — яны ажаніліся толькі што, у верасні, а ўжо ў снежні 1921 года на старым французскім параходзе «Леапальдзіна» адплылі з НьюЁрка ў Францыю. З рэкамендацыйнымі пісьмамі Шэрвуда Андэрсена, які прасіў сваіх французскіх сяброў (Гертруду Стайн і іншых) дапамагчы ў Парыжы Эрнесту Хемінгуэю — «майму сябру і слаўнаму чалавеку».

І вось ужо «ўвесь Парыж належыць мне, а я належу гэтаму блакноту і алоўку».

Маладажоны радаваліся Парыжу, былі захоплены ім.

«Нашым домам на вуліцы Кардынала Лемуна, — чыталі мы ў «Свяце, якое заўсёды з табою», — была двухпакаёвая кватэрка без гарачай вады і каналізацыі, якую замяняў бак, што не было такой ужо і нязручнасцю для тых, хто прывык да мічыганскіх прыбіральняў у двары. Затое з акна адкрываўся цудоўны краявід. На падлозе ляжаў добры спружынны матрац, які быў нам зручнай пасцеллю, на сценах віселі карціны, якія нам падабаліся, і кватэра здавалася нам светлаю і ўтульнаю».

Кватэрка была на другім паверсе, над забаўляльнаю ўстановаю, дзе пілі і танцавалі жыхары з бліжэйшых вуліц — у раёне рабочай беднаты. Аднак Хемінгуэй, не зважаючы на гэта, будзе потым часта вяртацца з любоўю і ў тую просценькую кватэрку, і на тыя вуліцы сваёй парыжскай маладосці.

Значыць, і мы ў сваёй маладосці пабывалі ў Парыжы — разам з Хемінгуэем. Праўда, тады нам, цнатлівым савецкім юнакам, няёмка было чытаць тое, што ўспамінаў пісьменнік. Да прыкладу, такое: «І потым мы падняліся да сябе ў пакой, каб любіць адно аднаго». Нам здавалася, што такія «падняцці» ў іх здараліся вельмі часта.

Што ж, тады, калі тыя, хто вярнуўся з Францыі, расказвалі нам, што там цалуюцца на вуліцах, нікога не саромеючыся, мы не верылі і чырванелі...

Значыць, з Парыжам нас пазнаёміў Хемінгуэй.

Цікава, але штосьці падобнае я потым сустрэў і ў самога Хемінгуэя. У «Зялёных пагорках Афрыкі» пісьменнік расказвае як кнігі знаёмілі яго з іншымі краінамі. Ён піша: «І я думаў, што, дзякуючы Тургеневу, я сам жыў у Расіі, гэтак жа як жыў у Будэнброкаў і ў «Чырвоным і чорным» лазіў да жанчыны ў акно, а яшчэ была тая раніца, калі мы ўвайшлі ў Парыж праз гарадскія вароты і ўбачылі, як Сальседа прывязалі да коней і чацвертавалі на Грэўскай плошчы. Усё гэта бачыў я сам. І то ж мяне так і не паднялі на дыбу, таму што я быў далікатна ветлівы з катамі, калі нас з Какана каралі смерцю».

Здорава! Пісьменнік усё перажывае як і звычайны чытач. Але ж наколькі ў яго мацней і глыбей гэта атрымліваецца!

Хемінгуэй выдатна ведаў вялікую і магутную рускую літаратуру. Звычайна пералік выдатных пісьменнікаў свету ён пачынаў са Льва Тал стога, з яго рамана «Вайна і мір». У яго запісах часта можна сустрэць:

«Я з задавальненнем усеўся пад дрэвам, прысланіўся да яго спінаю і адкрыў «Севастопальскія апавяданні» Талстога».

«У мяне ўсё яшчэ былі «Севастопальскія апавяданні» Тал стога, і ў гэтым жа томіку я чытаў аповесць «Казакі» — вельмі добрую аповесць».

«Дастаеўскі стаў Дастаеўскім таму, што яго саслалі ў Сібір».