Гэта з кнігі публіцыстыкі Хемінгуэя «Стары газетчык піша». З серыі публіцыстычных кніг, якія выдавала маскоўскае выдавецтва «Прагрэс». Я набыў яе амаль усю: Байран, Маруа, Прыстлі, Сіменон, Чэстэртон, Марыяк, Сэнт-Экзюперы і іншыя.
З Хемінгуэеўскай кнігі мастацкай публіцыстыкі я даведаўся і пра тое, што падчас Другой сусветнай вайны ён «распарадзіўся, каб ні адна з маіх кніг не з’явілася ў германскіх дзяржаўных выданнях, пакуль ва ўладзе там фашызм».
І пра тое, што гэты мудры чалавек сказаў у сваёй кароткай, вельмі кароткай прамове пры атрыманні Нобелеўскай прэміі:
«Кожны пісьменнік, ведаючы, якія вялікія пісьменнікі ў мінулым гэтай прэміі не атрымалі, прымае яе з пачуццём пакорлівасці».
Значыць, Хемінгуэй любіў рускую літаратуру. Захапляўся ёю і вучыўся ў яе.
Мы таксама раслі на гэтай вялікай літаратуры. Аднак ужо маё пакаленне адкрывала для сябе і вялікую глыбу — цікавую амерыканскую літаратуру, сярод якой вяршыняю ўзвышаўся і Эрнест Хемінгуэй.
Дык што ж гэта, урэшце, за глыба такая, і сам ён, Хемінгуэй? Давайце паспрабуем нешта зразумець па фотаздымках, якімі ілюстравана яго біяграфія ў «ЖЗЛ».
Вось маленькі хлапчук у самбрэра вудзіць стронгу. Хемінгуэю ўсяго пяць гадоў, а ён ужо, як маеш, рыбалоў...
Хемінгуэй на фронце ў Італіі (1918 г.). А крыху далей — ён ужо на мыліцах, з кіёчкам. Дзевятнаццацігадовы Эрнест уступае ў транспартны корпус Амерыканскага Чырвонага Крыжа і едзе на італа-аўстрыйскі фронт, адкуль, цяжка паранены ў абедзве нагі, пасля трохмесячнага лячэння ў шпіталі ў Мілане, вяртаецца дадому. Вяртаецца з кіёчкам.
Іспанія. Карыда. Бой быкоў. І вось ён на феерыі. Перад раз’юшаным быком.
А вось ён на рынгу. У баксёрскіх буцах. Здаецца, перад пачаткам матча, бо ніхто яшчэ не пабіты.
А вось Эрнест са сваімі паляўнічымі трафеямі. Якія магутныя рогі! Па іх відаць, якім волатам быў той, каго ён перамог.
А гэта ён з забітым ім жа буйвалам у даліне Серэнгеці.
А гэта ў Іспаніі, на вайне. А вось на сваім кацеры «Пілар» — ого, які ён мацак, здаравяка.
А вось і сам «Пілар». Дарэчы, падчас Другой сусветнай вайны на ім Хемінгуэй паляваў за нямецкімі падводнымі лодкамі ў Карыбскім моры.
А вось ён, Хемінгуэй, на святкаванні свайго шасцідзесяцігоддзя ў Малазе. Адстрэльвае попел с цыгарэты, якая ў вуснах сябра — знакамітага тарэадора Антоніё Ардоньеса.
Мы любілі яго ўсёю душою, а ўжо пакаленне, якое ішло за намі, дык і ўвогуле абагаўляла. Яны звалі Хемінгуэя проста «Хэм», адпускалі, як у яго, бароды, імкнуліся ва ўсім пераймаць свайго куміра: «Як там у Хэма?», «Хэм сказаў».
Таму набыццё пасля нялёгкіх захадаў яго чатырохтомніка я ўжо ўспрыняў як вельмі вялікую радасць.
Усе яго творы чыталіся запоем. І таму нам зусім было не зразумела, чаму ён, гэты жыццялюб і моцны чалавек, які толькі што адсвяткаваў сваё шасцідзесяцігоддзе, паляўнічы і рыбалоў, які загарпуньваў нават кашалотаў, уцёк з клінікі, дзе лячыўся, прыехаў дадому, узяў у збройным пакоі сваю самую лепшую стрэльбу, зарадзіў яе на абодва ствалы, уклаў рулю сабе ў рот і выстраліў з абодвух.
Чаму?!
Успамінаюцца «Зялёныя пагоркі Афрыкі»:
«А бывае, што пісьменнік і сам не ведае, што яму трэба. Генры Джэймсу трэба было разбагацець. Ну і вядома, багацця ён не ўбачыў.
— А вы?
— У мяне шмат іншых інтарэсаў. Жыццём сваім я вельмі задаволены, але пісаць мне неабходна, таму што, калі я не напішу нейкай колькасці слоў, усё астатняе жыццё траціць сваю прывабнасць.
— А што вам трэба?
— Мне трэба пісаць — і як можна лепей, і вучыцца ў працэсе працы. І яшчэ я жыву жыццём, якое дае мне радасць».
Пра тое ж, скардзячыся на старасць, пісаў у сваіх успамінах і наш Іван Шамякін — маўляў, не магу прыдумаць ужо ніводнага, нават дробнага, сюжэта. «А я ж увесь свой век толькі пісаў. І без гэтага жыццё маё траціць усялякі сэнс».
Мы ж мелі асалоду ад яго «Начных успамінаў» і не разумелі, чаго ён іх не прадаўжае.
Шчаслівы пісьменнік, калі яму пішацца вось так лёгка і нязмушана:
«Вясною я звычайна працаваў рана раніцою, калі жонка яшчэ спала. Вокны былі расчынены насцеж, і каменне бруку абсыхала пасля дажджу. Сонца высушвала мокрыя твары дамоў насупраць майго акна. У магазінах яшчэ не адкрывалі аканіц. Пастух гнаў па вуліцы статак, іграючы на дудцы, і жанчына, якая жыла над намі, выйшла на тратуар з вялікім збанам. Пастух выбраў чорную казу з набухлым вымем і падаіў яе адразу ў збан, а яго сабака загнаў тым часам астатніх коз на тратуар. Козы пазіралі па баках і круцілі галовамі, як турысты. Пастух узяў у жанчыны грошы, падзякаваў ёй і пайшоў далей, іграючы на сваёй дудцы, а сабака пагнаў коз, і яны пабеглі трушком па бруку, устрэсваючы рагамі».