У Ганны Ахматавай быў свой Парыж, свая вышыня. Гэтая выдатная руская паэтэса, здаецца, заўсёды, усё сваё жыццё жыла ў апале, у няміласці, яе імя нельга было нават упамінаць: акмеістка, апявала дваранства і яго сядзібы; была жонкаю Мікалая Гумілёва, паэта, расстралянага бальшавікамі за ўдзел у контррэвалюцыйным мецяжы ў Кранштаце; пра яе жорстка гаварылася — безыдэйнасць, апалітычнасць, забыццё пра высокую адказнасць перад народам — у 1946 годзе ў пастанове ЦК партыі «Аб часопісах «Звязда» і «Ленінград», пасля якой Ахматаву разам з Міхаілам Зошчанкам выключылі з Саюза пісьменнікаў СССР.
Зразумела, вось гэтая эпіграмка не пра Ахматаву, аднак і яна пра тое ж:
Ах, томит меня истома —
Уж хотел повеситься:
Исключили из писдома
На четыре месяца.
Праўда, пасля крытыкі культу асобы тую пастанову ў 1958 годзе адмянілі, аднак Ганна Андрэеўна ўвесь гэты час і жыла і нібыта не жыла: фізічна яна жыла, пісала, аднак насамрэч яе ўжо не было — яе добрае імя выкрэслівалася адусюль.
Дык вось у прадмове да саліднага аднатомніка, які выйшаў пасля скасавання ранейшай пастановы ЦК, Г анна Ахматава піша:
«У 1910-м (25 красавіка ст. ст.) я выйшла замуж за М. С. Гумілёва, і мы паехалі на месяц у Парыж».
А да гэтага Мікалай Гумілёў, таксама малады паэт, які быў заснавальнікам і тэарэтыкам акмеізму, усюды прадстаўляў будучую жонку як акмеістку. Карней Чукоўскі пра гэта ўспамінаў так:
«Тоненькая, стройная, падобная на нясмелую пятнаццацігадовую дзяўчынку, яна ні на крок не адыходзілася ад мужа, маладога паэта М. С. Гумілёва, які тады ж, пры першым знаёмстве, назваў яе сваёй вучаніцай».
Дык вось пра Парыж. Яе Парыж.
«Пракладка новых бульвараў па жывому целу Парыжа (якую апісаў Заля), — успамінае Ганна Андрэеўна ўсё ў той жа прадмове, — была яшчэ не закончана (бульвар Raspail). Вернер, сябра Эдысона, паказаў мне ў таверне «Taverne de Panteon» два сталы і сказаў: «А гэта вашы сацыял-дэмакраты: тут — бальшавікі, а там — меншавікі». Жанчыны з пераменным поспехам спрабавалі насіць то штаны, то амаль спавівалі ногі. Вершы былі ў поўным запусценні, і іх куплялі толькі з-за віньетак больш ці менш вядомых мастакоў. Я ўжо тады разумела, што парыжскі жывапіс з’еў французскую паэзію».
Для яе Парыж — гэта і Амедыё Мадзільяні. Яна згадвае пра мастака:
«Верагодна, мы абое разумелі адну істотную рэч: усё, што адбывалася, было для нас абоіх перадгісторыяй нашага жыцця: яго — вельмі кароткага, майго — вельмі доўгага. Усё чароўнае ў Мадзільяні толькі іскрылася праз якісьці змрок. Ён быў зусім не падобны ні на кога на свеце. Я ведала яго жабраком, і было незразумела, чым ён жыве. Як мастак ён не меў і ценю прызнання».
Але ж які далікатны, уважлівы і ласкавы ён быў!
Гаварыў толькі па-французску:
«Вы для мяне як насланнё».
«Як мы разумеем адно аднаго».
«Толькі вы здольная ўлавіць гэта».
Юнацтва Ахматавай заўсёды памятала Мадзільяні. І потым яна распытвала часам пра яго ў тых, хто вяртаўся з Парыжа, але ніхто нават нічога не чуў пра мастака.
«Толькі аднойчы М. С. Гумілёў, калі мы ў апошні раз разам ехалі ў Бежацк (у маі 1918 г.), і я ўпамянула імя Мадзільяні, назваў яго «п’янай пачвараю ці чымсьці падобным на гэта і сказаў, што ў Парыжы ў іх была сутычка з-за таго, што Гумілёў у нейкай кампаніі гаварыў па-руску, а Мадзільяні пратэставаў...»
Ганну Ахматаву малявалі шмат якія тагачасныя мастакі — Н. Альтман, О. ДэлаВос-Кардоўская, К. Пятроў-Водкін, Н. Тырса, Г. Вярэйскі, А. Тышлер.
Ганна Андрэеўна была характэрнаю, ці, як бы цяпер сказалі, вельмі фотагенічнай асобаю, і таму яе любілі маляваць. І на партрэтах яна атрымлівалася такая ж: элегантная, выкшталцоная, задумлівая, недасяжная, стройная, велічная, поўная годнасці.
Гэтыя партрэты ўпрыгожылі першую манаграфію пра Ганну Ахматаву, якую напісаў А. І. Цяўлоўскі і якая выйшла праз восем гадоў пасля адмены той сумнавядомай пастановы ЦК «Аб часопісах «Звязда» і «Ленінград».
Аднак быў яшчэ — самы першы! — партрэт паэтэсы, якога ў манаграфіі няма. Ахматаву шмат маляваў Мадзільяні, калі яна ў 1910 годзе ўпершыню прыехала ў Парыж.
Гэта нават не партрэт. Гэта ўсяго толькі росчырк пяра. Хуткая і лятучая лінія, імклівая і амаль невагомая. Амаль такая ж няўлоўная, як і сама паэзія Ганны Ахматавай.
Кнігі, пра якія я расказваў, з’явіліся потым. А найперш пасля таго, як Ахматаву і Зошчанку наноў прынялі ў Саюз пісьменнікаў, быў светлы, як свята, томік выбранай паэзіі Ганны Андрэеўны. Аформлены з густам, шыкоўна. Белая чыстая супервокладка. Справа ўнізе — невялікія, але вельмі выразныя літары: «Анна Ахматова». І яшчэ меншыя: «Бег времени». А на ўсю светлую супервокладку — тая імклівая і лятучая лінія. Мадзільяні! Знакаміты партрэт Ганны Ахматавай! Усяго толькі росчырк пяра.