Ну, што, вы яшчэ сумняваецеся? Канечне ж, ён, Яўхім Васільевіч Пуцяцін, рускі адмірал і дзяржаўны дзеяч, спадкаемец друцкіх земляў, які асеў у Маскоўскай дзяржаве, і быў тою асобаю, у гонар якой і назвалі востраў пасярод Ціхага акіяна. І, як нашчадак земляў друцкіх, вядома ж, ён быў не чужы і маім Зубрэвічам, дзе жыў і яго далёкі родзіч па дзеду — князь Мітка Сякіра.
Вось такі я дзівак — пратаптаў сабе вузенькую сцежачку Зубрэвічы — востраў Пуцяцін і, наіўны, шчаслівы і задаволены, радуючыся, тапчуся, бегаю па ёй туды — сюды.
Тады ж з Далёкага Усходу я, апрача «Гаршына», прывёз у Мінск яшчэ маленечкую, амаль малютку ў папяровых вокладках «Кардыяграму» Эдуардаса Межэлайціса пад рэдакцыяй Барыса Слуцкага і з найвыдатнейшымі гравюрамі Стасіса Красаўскаса, якія пасля кнігі набылі самастойнае жыццё і зрабіліся класікай літоўскай савецкай графікі.
Набыў я яе, а правільней — выпрасіў, у кнігарні Уладзівастока. Вось у ёй на першай старонцы — экслібрыс горада: сопкі на даляглядзе, здаецца, гара Арліная — з рэтранслятарам, карабель у гавані, дамы між сопак, і ён, помнік чырвонаармейцу ў шынялі і будзёнаўцы, са сцягам у адной руцэ і горнам — у другой.
І яшчэ адну кнігу цягнуў я ў плечуку, у рукзаку, у заплечным мяшку, такую далеч дадому — вельмі вялікі, тоўсты і цяжкі фаліянт прывёз аж з Находкі.
Разумееце, цераз усю вялікую краіну, сем сутак — та-та-та, та-та-та, та-тата — мы з цягніком цягнулі гэты важкі том у Мінск. У поездзе — ніякіх, вядома, цяжкасцей, нязручнасцей я з-за фаліянта не адчуваў: ляжыць — ну і няхай ляжыць, вязе паравоз — ну і няхай вязе, а вось ужо ў Маскве напакутаваўся — электрычкі, турнікеты, розныя вакзалы, перасадкі.
Бачыце, колькі сіл было затрачана, каб даставіць гэты груз аж на самы ўскраек СССР, а я, дзівак, зноў вяртаю яго, як кажуць далёкаўсходнікі, на мацярык.
Я якраз тады збіраў шасцітомную «Усеагульную гісторыю мастацтваў», якая разраслася аж да дзевяці тамоў. І раптам у Находцы, гэтым далёкаўсходнім порце, я ў кнігарні бачу той том, якога ў мяне няма! Вочы ў мяне загараюцца, і я, не раздумваючы, адразу ж купляю яго.
Вось яны, аб’ёмістыя тамы, і цяпер стаяць у мяне радком на паліцы. Хачу знайсці між іх той, які я прывёз з такой далечыні, — і не магу: усе яны цяпер роўныя, усе аднолькавыя, усе мае.
Можа, вось гэты, чацвёрты том? Мастацтва 17—18 стагоддзяў. Мастацтва Італіі, Іспаніі, Фландрыі, Галандыі, Францыі, Беларусі.
Хусепе Рыбера, іспанскі жывапісец і гравёр. «Дыяген». 1637 г. Я нават і не думаў, што ёсць яго рэальны партрэт. Для мяне Дыяген — заўсёды быў міфічным вобразам, якога немагчыма пабачыць. А тут — глядзі, колькі хочаш. Жывы чалавек. Калматая, непрычасаная галава — нібыта ён і праўда толькі што вылез з бочкі. А ў руках — тагачасная свяцільня, лямпа, у якой гарыць свечка.
Рубенс. «Выкраданне дачок Леўкіпа». 1619—1620 гг. Усе прыгожыя. І тыя, каго крадуць, і тыя, хто крадзе — жанчыны, мужчыны, коні. І нават Амурчык, які трымаецца за грыву каня, — зноў жа прыгажунок.
Чакай, а што ж яны далі тут беларускае? Палац Радзівілаў у Нясвіжы. Канец 16—18 стст. Выгляд з боку двара. І яшчэ езуіцкі касцёл у Гародні. Выгляд з паўднёвага захаду. 1677 год.
А, можа, я вёз вось гэтую таміну? Том другі, кніга другая. Мастацтва сярэдніх стагоддзяў. Мастацтва Аравіі, Сірыі, Палесціны, Ірака, Егіпта, Туніса, Алжыра, Марока, Ірана, Індыі, Цэйлона, Інданезіі. Шэдэўры Кітая, Японіі, Камбоджы, Лаоса.
«Падзішах на слане». Мініяцюра з рукапісу «Акбар — наме». 16 стагоддзе.
Ся Гуй. «Горныя вяршыні ўдалечыні». 12—13 стагоддзі.
«Маджнун і Лейла ў пустыні». Мініяцюра з рукапісу Хасрова Дзехляві. 15—16 стагоддзі.
Хань Хуан. «Сад літаратуры». Жывапіс на шоўку.
«Разная лодка з выяваю продка» (Новая Зеландыя), вёслы (Маланезія), выява жывёлы, жывапіс на кары (Аўстралія), галава царыцы (Бенін), малюнак палявання (наскальны жывапіс бушменаў), пагада Якусідзі (Японія).
Не, мусіць, усё-ткі з Далёкага Усходу я прывёз тады вось гэты трэці том «Усеагульнай гісторыі мастацтваў». Мастацтва эпохі Адраджэння. Вялізны фаліянт на тысячу старонак: палова ілюстрацый, палова — тэксту.
Мне здаецца, менавіта з гэтай кнігі пачалася мая любоў да творчасці вялікага галандца Пітэра Брэйгеля Старшага, якога называлі Брэйгелем Мужыцкім, каб адрозніваць яго ад сыноў-мастакоў ды і пазнейшых нашчадкаў, таксама мастакоў, якія выйшлі з гэтай таленавітай сям’і.
Брэйгель нарадзіўся ў маленечкай вёсачцы Брэйгель, што ў Нідэрландах, у 1525 годзе і пражыў крыху болей за сорак гадоў. З’явіўся на свет у вёсцы і вёсцы ж аддаў свой талент.