Усе тады пісалі вяльмож, мадоннаў, негацыянтаў, багатых людзей у багатым убранні, а ён маляваў сялян у звычайных, якія ёсць, сялянскіх апратках, і паказваў, як яны жнуць і косяць, як танцуюць і спраўляюць вяселлі. Яго героі — дабрадушныя і без хітрасці, яны працуюць у ахвоту і гэтак жа шчыра адпачываюць.
Жанравыя карціны з сялянскага жыцця Брэйгеля, своеасаблівая тэматыка іх былі тады нязвычнымі ў Еўропе.
Вось ягонае «Жніво». Усё, здаецца, як і ў нас. Толькі жнуць тут чамусьці не жнеі, а жнеяры. Мужчыны. Мусіць, таму, што яны не жнуць, а косяць. А гэта ўжо цяжкая, не жаночая праца.
Роўненька, ручайкамі, пакладзена на зямлю скошанае. Яшчэ не звязанае ў снапы. А што звязана — тое ўжо ў бабках. Дзіўна, але вельмі зручна вязалі тады снапы. Не пасярод перавязвалі, а збіралі ў сноп толькі каласкі і каля самых іх вязьмом пераціскалі салому. Разумееце, як іх лёгка было малаціць! Не ўвесь сноп, а ўсяго толькі вось гэты букецік з каласкоў.
Хто яшчэ косіць, хто звязвае снапы, а хто ўжо і абедае. А адзін касар у белай сарочцы — дарэчы, усе яны ў белых сарочках! — відаць добра-такі натаміўся — рукі, ногі раскінуў і спіць сном праведніка. І ніхто яго нікуды не гоніць: ідзі есці, ідзі касіць.
Якія ж гэта Нідэрланды! То ж усё адбываецца нібыта пад маімі Зубрэвічамі. І роўненькія беражкі абкошанай нівы — такія ўжо роўненькія! — таксама нашыя.
Як і на карцінах славутага беларуса-мастака Язэпа Драздовіча. Як і каля ягоных Пунек, што на Глыбоччыне. Як і на ягоным малюнку «Вёска Стадолішча», які ў 1918 годзе тушшу і пяром напісаў мастак.
Высвятляецца, што фламандскія вёскі вельмі падобныя на нашы, беларускія. Толькі крыху болей узгорыстыя.
А «Сенакос»! Вунь тры жанчыны, апранутыя ў чысценькае, з граблямі ў руках і на плячах спяшаюцца, бягуць да сваіх пракосаў. А іншыя ўжо, бачыце, сушаць, варочаюць іх. А вунь злева — мужчыны ўскідваюць на воз ужо сухое сена. Высока на возе — таптун: ён заюшана парадчыць там пададзенае. Нічога сабе атрымаўся вазок — кругленькі, роўненькі, акуратненькі. Парка коней, сагнуўшы галовы, ядуць кінутую перад імі траву. Жанчыны аграбаюць ля воза.
А вось «Вяртанне статку». Гоняць дадому кароў. Каля малюнка, гледзячы на яго, так і хочацца цытаваць верш нашага паэта Анатоля Вярцінскага «Статак вяртаецца з поля».
Статак вяртаецца з поля.
У цішыні вечаровай
бягуць авечкі і козы,
спаважна ідуць каровы.
Статак вяртаецца з поля.
Што трэба вёсцы болей?
Вёска святкуе падзею,
выйшла ўся насустрач —
ад гаспадынь руплівых
да дзетвары шустрай.
Бляюць авечкі і козы,
ціха мычаць каровы.
Людзі ўздоўж пасталі,
як каравул ганаровы.
Людзі рады жывёле.
Ціха каровы рыкаюць,
знаюць, што іх сустракаюць,
рады, што іх чакаюць.
Верш хочацца цытаваць увесь, цалкам. Дарэчы, цытату гэтую я бяру з томіка ў «Бібліятэцы беларускай паэзіі», які мне ў 1973 г. падараваў і падпісаў Анатоль: «Дарагі Янка, гэта добра, што ідзем разам з вясны ў лета. і хай шуміць славянскае веча!»
А «Сялянскае вяселле» Брэйгеля Мужыцкага! Вялікае застолле. Аднак маладых нідзе не відно. На пярэднім плане толькі два ежаносцы з нейкім вялікім, наспех збітым з дошак паддонам, на якім стравы ў місачках, ды, побач з разносчыкамі закусак, яшчэ, мусіць, віначэрп, чашнік, які пералівае віно з большага гляка ў меншы збанок, і малое, што амаль прысланілася да парожніх ужо ад хмельных напіткаў гарлачоў і есць нейкі блін ці праснак. І яшчэ на пярэднім плане дудары! Ага, дудары!
А «Сялянскі танец»! Уся вёска на вуліцы. Усе скачуць. Хто шчыра падымае ногі, хто ўжо круціць дзяўчыну, хто яшчэ бяжыць да танца, а хто ўжо вунь, зірніце, і цалуецца. І зноў жа на пярэднім плане — дудар!
Дудар? Дуда? Гэты, здавалася мне, такі ўжо наш, беларускі музычны народны інструмент — скураны мяшок, з устаўленымі ў яго трубкамі ды соскаю, які ціскаецца рукамі, — і Фламандыя, Нідэрланды? Ага, і Галандыя таксама! І ў Шатландыі, як і ў нас, дуда — асноўны нацыянальны інструмент. Ён, аказваецца, свой амаль усяму свету! Толькі ўсюды па-рознаму называецца: у рускіх гэта валынка, у балгар — гайда, у палякаў — каза, у чувашоў — сарнай.
Ага, «Сялянскі танец» Брэйгеля — гэта танец рухаў, а не людзей. Усё струменіцца, хвалюецца, імчыцца. Зірніце, на ўсёй карціне не знойдзеце ніводнага падобнага руху.