Ды гары ён гарам, той «Кандыдат»! А гэта ж кніга!
«І я асабліва падазрона, асабліва недаверліва адношуся да рускага чалавека ва ўладзе, — нядаўні раб, ён робіцца самым разбэшчаным дэспатам, як толькі набывае магчымасць быць уладаром блізкага свайго».
Ну, ведаеце, такое. Адным словам, незнаёмы Горкі!
Мы ж ведалі М. Горкага-публіцыста ў асноўным па ягоным нарысе «Ул. І. Ленін». Памятаеце:
«Быў ён просты і непасрэдны, як і ўсё, што гаварылася пра яго».
«Ленін, знешне, увесь у словах, як рыба ў лусцэ».
І з пісьма Леніна Горкаму:
«А ў вас крывахарканне і Вы не едзеце!!! Гэта ж і напраўду і бессаромна, і нерацыянальна.
У Еўропе, у харошай санаторыі будзеце і лячыцца і ўдвая болей справу рабіць. Далібог. А ў нас — ні лячэння, ні справы — адна мітусня. Марная мітусня. Едзьце, вылечыцеся. Не ўпарціцеся, прашу Вас!»
Ну і, зразумела, вядомае ўсім яго, Леніна, выказванне пра Льва Мікалаевіча Талстога:
«— Якая глыба, га? Які мацёры чалавечышча! Вось гэта, бацюхна, мастак. І ведаеце, што яшчэ ўражвае? Да гэтага графа сапраўднага мужыка ў літаратуры не было.
Потым, гледзячы на мяне прыжмуранымі вочкамі, спытаўся:
— Каго ў Еўропе можна паставіць побач з ім?
Сам сабе адказаў:
— Няма каго.
І, паціраючы рукі, засмяяўся, задаволены».
Нават Франц Кафка, гэты экспрэсіяніст, экзістэнцыяліст, мадэрніст, майстар абсурду, які парваў з рэалістычнымі традыцыямі, у сваіх гутарках з Густавам Яноўхам, маладым пражанінам, што хадзіў за ім ценем і ўсё запісваў (гэта стала потым кнігаю «Размовы з Кафкам») прызнаваўся ў сваёй сімпатыі да Леніна і да Горкага і здзіўляўся, як цікава піша Горкі свае ўспаміны.
Прачытаўшы чэшскі пераклад згадак Максіма Горкага пра Льва Талстога, Кафка сказаў:
— Дзіўна, як Горкі малюе характэрныя рысы чалавека, не даючы сваёй ацэнкі. Я хацеў бы прачытаць яго заметкі пра Леніна.
— А хіба Горкі ўжо надрукаваў успаміны пра Леніна, — спытаўся Яноўх.
— Не, ён гэтага яшчэ не зрабіў. Але я думаю, што ён калі-небудзь абавязкова іх апублікуе. Ленін сябруе з Горкім. А Максім Горкі бачыць і ўсё адчувае пяром. Гэта відно па нататках аб Талстым. Пяро не інструмент, а орган пісьменніка.
Кафка прадбачыў, што Горкі абавязкова напіша свае ўспаміны пра Леніна!
Нарыс пра Леніна адкрывае кнігу М. Горкага «Партрэты» ў ЖЗЛ. Вялікі басяк, грузчык, пекар, дворнік, і славуты пралетарскі пісьменнік Аляксей Максімавіч Пешкаў расказвае ў ёй, успамінае, згадвае, знаходзячы кожнаму, пра каго піша, свой штрышок, сваё бачанне яго жыцця і творчасці, пра тых, каго ведаў і з кім быў знаёмы ды сябраваў: Чэхаў, Стасаў, Кацюбінскі, Леў Талстой, Леанід Андрэеў, Сава Марозаў, Сяргей Ясенін, Іван Паўлаў ды Іван Вальноў. Вось, да прыкладу, што ён піша пра Вальнова:
«Іван Ягоравіч Уладзіміраў — Іван Вальноў, селянін, вясковы настаўнік — з’явіўся на востраве Капры ў 1909 ці 1910 годзе. Да гэтага ён жыў недзе каля Генуі, здаецца, у Каві-дзі-Лаванья, а туды прыехаў з сібірскай ссылкі. Сасланы быў як член партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, арганізатар аграрнага руху ў
Малаархангельскім павеце Арлоўскай губерні, — да ссылкі сядзеў некалькі месяцаў у славутым садычнай жорсткасцю Арлоўскім «цэнтрале», катаржнай турме. Там турэмныя наглядчыкі некалькі разоў збівалі яго, а аднойчы, збіўшы да страты прытомнасці і кінуўшы ў карцар, аблілі салёнаю вадою; раствор гэты раз’еў сінякі і раны, пакінуўшы на скуры глыбокія рубцы».
Ссылку Вальноў адбываў у глухім сібірскім сяле. Ён працаваў батраком у заможных сялян, заслужыў іх павагу, і яны — па сваёй волі! — арганізавалі яму ўцёкі. Пра гэтыя ўцёкі расказвае ўжо сам Вальноў:
«Мужыкі там былі — добрыя, пісьменныя, я даволі шчыльна ўкрапіўся ў іх жыццё, працаваў, прапагандаваў і пра ўцёкі — не думаў. Але неяк уночы прыходзяць двое — і ўсцешылі: «Прыехаў ураднік з паперай, кажа, што цябе патрабуюць назад, у Расію, там яшчэ нешта адкрылася за табою, і табе, за грахі, дадаць трэба. А мы цябе лічым чалавекам харошым, дык ты ўцякай! Урадніка напаілі, спіць, прачнецца — яшчэ напоім. Пра цябе яму сказана, што ты на паляванне ўчора пайшоў. Конь — запрэжаны, вось ён адвязе цябе; даедзеш да сваіх». Я ўцяміў, што начальства дарэмна ў Маскву не пакліча, а калі запатрабавала — значыць, ці катаргай пачастуе, ці павесіць. Вешалка мне пагражала; я быў арганізатарам баявой дружыны, удзельнічаў у эксах; атрымліваючы на поўдні літаратуру з Грэцыі, быў высачаны шпіёнамі, давялося страляць, аднаго, здаецца, укакошыў. Увогуле павесіць мяне было за што, ну і — акрамя таго — шыя ёсць. Расцалаваўся з прыяцелямі і — гайда! Ціхенька, чарапахай, прапоўз па Расіі; патаўхаўся сям-там за мяжою, вось — кінула сюды».