Выбрать главу

А калі ў яго спыталіся, ці спадабалася Еўропа, ён адказаў асцярожна:

«А не ведаю яшчэ! Страката вельмі ў вачах, і таўпёж у галаве. Ну, ведаеце, адразу бачыш: тут пабудавана, назапашана болей, чым у нас. Зямлю песцяць — цудоўна».

Ладны том твораў Івана Вальнова са шчырым подпісам яшчэ ў студэнцкія гады падараваў мне аднакурснік па журфаку Ваня Старавойтаў. Той Ваня, асобу якога мы абмяркоўвалі потым на камсамольскім сходзе, — ён хацеў паступіць у партыю, а мы чамусьці задумаліся ў тым, ці апраўдае ён як член КПСС гэтае наша вялікае давер’е. Потым Ваня працаваў недзе ў разведцы ў Скандынавіі, потым у Міністэрстве замежных спраў Савецкага Саюза, затым, пенсіянерам ужо, як кіраўнік дэлегацыі прывозіў у Беларусь, у Брэст, вялікую групу ветэранаў Міністэрства замежных спраў СССР. Першаму ён пазваніў мне. Ды сустрэцца тады нам, аднакурснікам, — час, час абмежаваны! — так і не ўдалося.

Аднак вернемся зноў да Максіма Горкага, да яго «Партрэтаў».

Гэта кніга выйшла ў серыі «ЖЗЛ» у 1963 годзе. Акурат да яе трыццацігоддзя. Значыць, серыя ўжо актыўна і напорыста працавала аж трыццаць гадоў. Парадкавы нумар «Партрэтаў» — 358. Значыць, трыста пяцьдзесят восем кніг пра славутых людзей свету ужо трымалі ў руках і мелі ў сваіх бібліятэках мільёны ўдзячных чытачоў!

«Жыццё славутых людзей» — гэтая ідэя поўнасцю належыць Максіму Горкаму. Ён, здаецца, і нарадзіўся з ёю, і пражыў, шануючы яе, усё сваё жыццё.

Максім Горкі задумаў, выпеставаў і разам са сваімі памочнікамі ды прадаўжальнікамі ажыццявіў гэтае цікавае і вельмі патрэбнае для моладзі выданне.

Ён пра гэтую серыю думаў, мусіць, заўсёды.

Яшчэ ў 1916 годзе Максім Горкі звяртаецца з пісьмом да Герберта Уэлса:

«Я прашу вас, Уэлс, напісаць кнігу для дзяцей пра Эдысана, пра яго жыццё і працы. Вы разумееце, як неабходна кніга, якая вучыць любіць навуку і працу».

І тады ж ён угаворвае Рамэна Ралана:

«Вельмі прашу Вас напісаць біяграфію Бетховена для дзяцей. Фрыціёф Нансен дае «Жыццё Хрыстафора Калумба» і г. д.»

Праз некалькі месяцаў Аляксей Максімавіч адсылае пісьмо К. А. Ціміразеву:

«...Я прашу вас, ці не возьмеце Вы на сябе працу скласці біяграфію Дарвіна».

Тады, на вялікі жаль, гэтыя высакародныя задумы не ажыццявіліся. Аднак біяграфіі і Эдысана, і Бетховена, і Дарвіна ўсё ж выйшлі. Толькі крыху пазней — ужо, як кажуць, за савецкім часам. У серыі «Жыццё славутых людзей».

А першая кніга ў «ЖЗЛ» — «Дантэ» А. Джывілегава — пабачыла свет у 1933 годзе.

Горкага ў юнацтве я любіў. Збіраў усё, што датычылася яго сувязяў з Беларуссю, з беларускай літаратурай. А такіх стасункаў, на мой погляд, было нямала.

Найперш — сяброўскія сувязі з абодвума нашымі Багдановічамі — бацькам, Адамам Ягоравічам, і сынам, Максімам Адамавічам.

Вось як пра гэта расказвае Ніна Барысаўна Ватацы, былы галоўны бібліёграф Дзяржаўнай бібліятэкі БССР, у сваёй кнізе «Шляхі», якую яна шчыра падпісала маёй жонцы: «Дарагой Раісе Фёдараўне Сіпаковай на добры ўспамін аб сумеснай рабоце, клопатах і хваляваннях». Дарэчы, Раіса Фёдараўна, якая доўгі час працавала ў нашай галоўнай бібліятэцы загадчыкам сектара, з’яўляецца і сааўтарам-складальнікам рэкамендацыйнага бібліяграфічнага даведніка «Беларуская літаратура», выдадзенага ў Маскве ўсесаюзнай «Кніжнай палатай» пад грыфам Дзяржаўнай ордэна Леніна бібліятэкі СССР імя Ул. І. Леніна».

Дык вось Ватацы піша:

«У 1896 г. сям’я Багдановічаў пераязджае ў Ніжні Ноўгарад. Тут Адам Ягоравіч знаёміцца з Аляксеем Максімавічам Горкім. З гэтага часу і пачалася іх дружба, пра якую так цёпла пісаў Адам Ягоравіч у сваіх успамінах пра Горкага.

Праз тры гады сем’і іх парадніліся. У 1899 г. Адам Ягоравіч ажаніўся з роднай сястрой жонкі Горкага — Аляксандрай Паўлаўнай Волжынай. Ёсць сямейнае фота тых гадоў. Стаяць Аляксей Максімавіч і Адам Ягоравіч, на пярэднім плане — сёстры Волжыны — Кацярына Паўлаўна Пешкава з маленькім сынам Максімам і Аляксандра Паўлаўна Багдановіч.

Па сведчанні самога Адама Ягоравіча, Аляксандра Паўлаўна была добрай маці ягоным дзецям. Ды спакой і шчасце ў сям’і Багдановічаў былі кароткімі. Нарадзіўшы сына, Аляксандра Паўлаўна памерла ад родаў. Сына яе назвалі Аляксандрам, выхоўваць яго ўзялі да сябе Кацярына Паўлаўна і Аляксей Максімавіч. Але пражыў Шурык нядоўга. Ён памёр ад дызентэрыі, калі яму было 5 гадоў».

М. Горкі пісаў пра А. Багдановіча: «Прыязджаў святлейшы князь, і Адам меў трыумф. Князь дзякаваў яму за парадак раней за ўпраўляючага (банка) і пры ўпраўляючым».