Выбрать главу

І самому Адаму: «Заўсёды мяне вабіла нястрымнасць энергіі Вашай, і — разумееце — рады я ведаць, што гэтая энергія не згасла».

Сам А. Багдановіч напісаў свае ўспаміны пра Горкага «З жыцця Аляксея Максімавіча Пешкава». Надрукаваў іх у кнізе «М. Горкі на Радзіме». Іх правілі, падкарацілі. Ён абураецца: «Гэта чорт ведае што! Што яны там зрабілі з маім рукапісам?» Але ўспаміны ўсё роўна хваляць — у «Літаратурным аглядзе», да прыкладу: «Яны напісаны жыва, выразна, акрэслены ў іх вобраз Горкага канкрэтны і дынамічны».

А гэты — лае. І хто б вы думалі? Плехаў! Адзіны з сяброў, што застаўся.

Той Плехаў, «які абавязаны мне, — скардзіцца Адам Ягоравіч, — усёй сваёй кар’ерай», піша: «Палавіну прачытаў уважліва, астатняе толькі прагледзеў: надакучыла, брыдка стала. Дзіцячыя думкі, усё вельмі павярхоўна, а галоўнае — брахня і самаўсхваленне, самарэклама».

«Ну, ведаеш, — скардзіцца Адам Ягоравіч, — усяму ёсць межы, але вінаваціць чалавека ў хлусні і карыслівых мэтах за кошт папулярнасці свайго старога друга — гэта ўжо занадта». І апраўдваецца:

«Пры тым я ж пісаў пра тое, што рабілася на вачах Кацярыны Паўлаўны Пешкавай, якая ўсё гэта чытала ў рукапісе і ніякіх заўваг і правак не зрабіла».

І яшчэ за адно Адам Ягоравіч, хоць і з лёгкім сумам, але ўсё ж сердаваў, гневаўся.

Ён — вядомы беларускі этнограф і фалькларыст, мовазнавец, навуковец, займаецца навуковай і літаратурнай дзейнасцю, друкуецца ў выданнях Акадэміі навук. Ён напісаў і выдаў навуковыя кнігі «Пра паншчыну», «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў», двухтомнік «Мова зямлі. Утварэнне моварачных імёнаў і тых, што ад іх паходзяць».

Ён зрабіў шмат запісаў беларускага фальклору. Частка іх надрукавана ў «Матэрыялах для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» Паўла Шэйна. У рукапісах засталіся яго працы — двухтомнік «Этнічны склад народаў славянскіх і рускіх» і «Этнічны склад беларускага народа».

Праўда ж, уражвае?

Вось кніга з маёй бібліятэкі — факсімільнае выданне навуковай працы Адама Багдановіча «Пережитки древняго міросозерцанія у белоруссовъ. Этнограграфический очеркъ А. Е. Богдановича. Гродна. Губернская Типография. 1895». Кніга, якую я вельмі шаную. Кніга, якую, падараваную яму, чытаў Максім Горкі і на якой зрабіў каля трыццаці адзнак.

Вось толькі кароткі прадметны паказальнік яе:

Аўлассе — конскае свята. Вампіры. Вялікадні (пасха). Веснянкі — песні. Вір — месцазнаходжанне вадзяніка. Сустрэча з ваўком, зайцам, з папом, з поўнымі вёдрамі. Ведзьмы-кароўніцы. Дзяды. Змей-грашаносец. Калыханне парожняй люлькі. Калядоўшчыкі. Куцця. Русалкі. Суроцы. Тлумачэнне сноў. Хатнік. Чараўнікі. Шопты (загаворы). Шчодрык. Юр’ева раса і інш.

Без цытавання гэтай кнігі і да сёння не абыходзіцца ніводнае сур’ёзнае даследаванне беларускага фальклору.

Працытуем і мы:

«Нельга размаўляць цераз парог ці праз акно: гэта да сваркі.

Нельга спаць перад заходам сонца: захварэеш на ліхаманку.

Нельга класці нож вастрыём угору: будзе непрыемнасць.

Нельга наступаць на саломенкі, якія ляжаць крыж на крыж: можа забалець нага».

І вось такія «перажыткі» непрыхільна асуджае Адам Багдановіч:

«Мы выбіралі з іх самае тыповае і найбольш распаўсюджанае ці, на нашу думку, каштоўнае для навукі. Аднак і з прыведзенага дастаткова відно, якой густой сеткаю прымхаў і забабонаў аблытаны розум беларуса, як зацемнена яго мысленне параджэннямі першабытнага мораку і як неабходна святло навукі, святло сапраўднага пазнання, каб рассеяць усе гэтыя прывіды, усё гэта царства цемры...»

І ты ўжо, дарагі мой чытач, можа, як і я, не з усім тым згаджаешся, пра што піша шаноўны Адам Ягоравіч, а з нечым, магчыма, хочацца нам з табою і паспрачацца з ім. Г эта наконт «царства цемры»...

У сваёй дабротнай прадмове да гэтага факсімільнага выдання Алесь Бельскі слушна гаворыць:

«Безумоўна, у сучаснага чытача Уводзіны да яе (да гэтай кнігі) могуць выклікаць супярэчлівае пачуццё. Тут аўтар выступае з пазіцый адукаванага на расійскі манер тутэйшага інтэлігента, які з кніжак ідэалістычна ўспрымаў культуру рускага народа, спрабуючы быць, на ягоную думку, падкрэслена аб’ектыўным да духоўнага жыцця беларусаў».

«БелСЭ» у артыкуле пра Адама Ягоравіча піша: «Багдановіч Адам (Адольф) Ягоравіч (20.3.1862, м. Халопенічы Мінскай губ. — 16.4. 1940), беларускі этнограф і фалькларыст, мовазнавец, бацька М. Багдановіча. З сям’і былога прыгоннага».

«Бацька Максіма Багдановіча». І ўсяго толькі? Ён, аўтар столькіх навуковых прац, і адно — «бацька»? Вось што ён з гэтага выпадку гаворыць. Цытую Н. Б. Ватацы, якая ў сваю чаргу цытуе Адама Ягоравіча — так бы мовіць, цытата ў цытаце: