Душна! Няма чым дыхаць! Густа, моцна, буйна. Здорава і назаўсёды!
6
Каб набыць кнігу Анатоля Вінаградава «Аповесць пра братоў Тургеневых. Асуджэнне Паганіні» (аповесць і раман у адным томе), мне давялося здаць аж 60 кілаграмаў макулатуры. Бо томік быў „макулатурны” і ў ім, на апошняй старонцы, пісалася:
«Каб захаваць лясныя багацці нашай краіны, з 1974 года арганізаваны збор макулатуры ў абмен на мастацкую літаратуру, для чаго пашыраны выпуск папулярных кніг айчынных і замежных аўтараў.
Збор і здача другаснай папяровай сыравіны — важная дзяржаўная справа. Бо 60 кг макулатуры захоўвае ад высякання адно дрэва, якое вырастае 50—80 гадоў»...
Значыць, я захаваў ад высечкі адно дрэва. На ўсёй, здавалася б, бязмежнай тэрыторыі вялізнага тады Савецкага Саюза. Адзін раз і адно дрэва. І больш гэтага ніколі не рабіў. Не здаваў ніякай макулатуры!
Бо што такое макулатура? Гэта старыя кнігі. А кніга ж, чым больш яна старэе, тым большай робіцца яе каштоўнасць. Яна, старэючы, становіцца рарытэтам. Рарытэтам! А не макулатурай.
Да таго, як упершыню сабраў макулатуру, пра Нікало Паганіні я многае ведаў. На той час, за два гады да выхаду кнігі Вінаградава, я меў ужо біяграфію гэтага выдатнага італьянскага скрыпача і кампазітара, віртуоза і Майстра, напісаную Марыя Цібальдзі-К’еза.
Ведаў, што, калі зласліўцы абрывалі струны на ягонай скрыпцы, вялікі маг музыкі мог іграць і на адной ацалелай струне, і даваў гэтак цэлыя канцэрты, і ніводзін слухач нават не здагадваўся, што скрыпач іграе, па сутнасці, на сапсаваным інструменце, хоць ён і працы слыннага Страдзівары ці Гварнеры дэль Джэзу.
Ведаў, што некаторыя ягоныя творы, якія ён сам і запісваў, і да сёння не могуць зразумець і нават прачытаць высокакваліфікаваныя спецыялісты.
Ведаў, што ў яго было вельмі шмат каханак, прыхільніц, але яшчэ болей — хваробаў і ворагаў.
Любіў усяго яго, але найперш — капрычыо «Кампанела»: як толькі даходзілі да мяне знаёмыя, нібыта напраўду жывыя, гукі, я адкладваў убок усё і, як зачараваны, — у каторы раз! — слухаў гэты шэдэўр. І мне заўсёды здавалася, што так апантана іграць чалавек не можа! Так можа выкарыстоўваць скрыпку, калі слухачу здаецца, што скрыпка тая жывая, што ў яе ёсць душа і што гэта менавіта яна, а не
Заканчэнне. Пачатак у № 1, 2 г. г.музыкант, гаворыць, — не, так можа іграць толькі чалавек выключны, фенаменальны, незямны.
Дзіўна, аднак менавіта за гэта і ўчапіліся незычліўцы Паганіні. Яны на ўсе лады пачалі крычаць, што ён, геній, звязаўся з д’яблам і што, калі цудоўна іграе ён на адной струне, яму дапамагае сам нячысцік, які, прыхінуўшыся да другой ад скрыпкі шчакі, нашэптвае яму на вуха дасканалыя, непаўторныя гукі. Ён таму і геній, што сябруе з д’яблам!
Да гэтага цкавання Майстра, на вялікі жаль, далучыліся і каталіцкія святары, якія, як звычайныя, прымітыўныя зайздроснікі, таксама асуджалі яго за сувязь з д’яблам. «Не можа чалавек стварыць такога! — былі катэгарычныя яны. — Гэта вышэй за чалавечыя магчымасці!»
А ўзнімацца за свае магчымасці — чалавеку не дадзена: нельга!
Так геніяльнасць чалавека ўступіла ў супярэчнасць з самім жыццём. Здавалася б, выключнасць павінна была дапамагаць Паганіні жыць, ствараць і радавацца жыццю, а яна наадварот блыталася пад нагамі і толькі шкодзіла, мазоліла ўсім вочы.
Яго геніяльнасць была яму ворагам! Яна замінала Паганіні жыць пры жыцці і яшчэ больш пачала перашкаджаць яму пасля смерці.
Чаму ж пасля жэзээлаўскай кнігі «Паганіні», напісанай італьянцам Марыя Цібальдзі-К’еза, мне так захацелася мець яшчэ і біяграфію слыннага скрыпача, створаную Анатолем Вінаградавым? А таму, што ў анатацыі да к’езаўскага выдання было напісана, што кніга друкуецца ў скарочаным выглядзе, а мне вельмі хацелася ведаць пра гэтага віртуоза як найболей і як найпаўней.
Таму, што на той час прачытаў ужо гісторыка-біяграфічную кнігу Вінагарадава «Три цвета времени» пра жыццё і творчасць Стэндаля, і яна, белетрызаваная, мне вельмі спадабалася.
Анатолій Карнелевіч, сын настаўніка, дырэктар Румянцаўскага музея ў Маскве, а потым — дырэктар Дзяржаўнай бібліятэкі СССР, быў выдатным біёграфам. Ён пісаў і навукова, і займальна. Яго цікава было чытаць!