Маці, спявачка Антонія Б’янкі, якая гастраліравала з Паганіні і лічыла, што кампазітар павінен толькі акампаніраваць ёй, а не выражаць сябе, з-за чаго яны ўвесь час сварыліся, таксама ўжо была супраць мужа.
Яна, прававерная каталічка, сціснуўшы кулакі, наступала на Паганіні.
«Мне ўсе кажуць, — лямантавала гэтая жанчына, — што вы бязбожнік, мне сказалі, што вы карбанарый, мне сказалі, што вы не выканалі патрабаванне свяшчэнніка, які прапанаваў вам акунуць скрыпку ў святую ваду, каб даказаць несправядлівасць абвінавачванняў у тым, што ваша скрыпка пасвечана д’яблу. Вы — вораг Хрыстовай царквы!»
«Вядома ж! — закрычаў і Паганіні. — Хіба для таго чароўны Гварнеры рабіў гэту скрыпку, каб вашы паны размачылі яе ў вадзе... Ага, я сапраўды звязаны з д’яблам, ага, я сапраўды знаходжуся ў руках нячыстай сілы, але гэтая брудная сіла — папы, а д’ябал — гэта вы, сіньёра».
Прачнуўся Ахіліна, заплакаў, працягнуў ручкі да маці. Але Антонія, замест таго, каб прылашчыць сына, дала яму звонкую аплявуху. Дарэчы, яна і самога Паганіні ўжо біла па шчоках.
Антонія кінулася да гітары. Адным скокам! Сарвала футляр з петляў і ўчапілася ў скрыпку.
Ахіліна да канца дзён сваіх памятаў той малюнак: знявечаная, пашматаная скрыпка з паабрыванымі струнамі ляжыць на падлозе.
Ён сам тады зваліўся з пасцелькі. І вывіхнуў плячо. Маці нават не падышла да яго, каб падняць.
Калі бацька развёўся з Антоніяй Б’янкі, Ахілінка застаўся з ім. Паганіні гаварыў сыну:
«А ты ведаеш, яна не вартая таго, каб сумаваць па ёй. Яна ж прадала мне цябе! За грошы!»
Антонія Б’янкі ўжо была любоўніцай прэфекта, ёй трэба былі грошы, і паліцыя дапамагла ёй перанесці залатыя мяшкі са спальні мужа.
Паганіні паміраў. А святая царква ўсё хацела вярнуць Генія ў сваё лона. Антоніё Гальвані, епіскап Ніцы, прыслаў свайго вікарыя. Маўляў, святая царква, напалоханая вашым нездароўем, хочучы прынесці вам палягчэнне, прапаноўвае вам споведзь, дараванне грахоў ды святое прычасце. Аднак Паганіні, які ўжо не мог нават гаварыць, рашуча і ўпэўнена — адмоўна! — круціць галавою.
А потым у жыцці яго адбыўся яшчэ адзін нечаканы канфуз: акурат у дзень смерці да Паганіні з’явіўся прэфект паліцыі, каб выканаць прыгавор Каралеўскага суда — прывезці асуджанага Музыку ў Парыж, каб там пасадзіць яго ў турму на дзесяць гадоў...
Смерць уратавала Маэстра ад турмы.
Але і пасля смерці для спакутаванага цела Генія выпрабаванні не канчаюцца.
Абражаныя адмоваю ад прычасця святары, не дазваляюць хаваць Маэстра ў зямлю. Ніхто — нават радзіма! —не хоча прымаць да сабе мёртвага Чарадзея.
«Уночы, — піша Анатоль Вінаградаў, — труну Паганіні, па загадзе капітана невядомага карабля, перавозяць на востраў Сен-Ферэоль. Калі хто-небудзь быў у гэтым месцы Міжземнамор’я, то, высаджваючыся на маленькім адзінокім востраве, мусібыць, бачыў у пячоры, нібыта знарок зробленай над морам, месца, дзе вісела труна Паганіні».
Менавіта вісела, бо ёй нельга было нават дакранацца да зямлі.
Аднак улады ўсё ж дазналіся, што Ахіліна пахаваў бацьку на востраве.
Нікало Паганіні нарадзіўся ў Генуі, памёр у Ніцы і вось цяпер ягоная труна вісела ў гроце на ланцугах на невялічкім закінутым востраве.
Яго цела тройчы закопвалі ў зямлю і тройчы выкопвалі зноў, каб разлучыць з ёю.
Нарэшце, Папа Рымскі дазваляе сіньёру Ахіла пахаваць бацьку, аддаць яго цела роднай зямлі, змяшацца з ёю, ласкавай.
Але гэта ўжо адбылося аж праз пяцьдзесят шэсць гадоў пасля смерці Паганіні.
«Сівавалосы, жаўтатвары, велізарнага росту, слабы старэча, з апухлымі векамі і навіслымі бровамі — кавалер ордэна Святога Георгія, маркіз Ахіла Паганіні стаіць са свечкаю ў руках між кіпарысаў. У маленькай агароджы ўзвышаюцца восем калон. Над архітравам узнімаецца лёгкі купал, на франтоне якога — вялікі надпіс : «Нікало Паганіні».
Быў ужо 1896 год, калі ўладальнік вілы Гаёна ў цынкавай труне ўпершыню і назаўсёды ўехаў у свой маёнтак. Маркіз Ахіла ўсё ж дамогся свайго — з неверагоднай упартасцю! — яго бацька нарэшце пахаваны і ягоны прах змяшаўся з роднай зямлёю.
«Маркіз Ахіла ціха прыкладае хустачку да вачэй, а калі высыхаюць слёзы замілавання, ён падлічвае грошы, якія засталіся, і з жахам думае пра тое, як дорага абыходзіцца людзям уз’яднанне з каталіцкай царквою і як цяжка кладуцца на дзяцей грахі бацькоў».
Якія гэта грахі? У Маэстра грахоў не было! Біёграф жа сам крыху вышэй пісаў пра тое, калі расказваў нам, чытачам, як Маэстра нечакана для ўсіх зрабілі Кавалерам ордэна Залатой шпоры:
«Вынесены на руках на авансцэну, з брыльянтамі і золатам на раскрытай далоні Паганіні збянтэжана кланяўся публіцы. Ён кланяўся нізка, горбячыся ў тры пагібелі і прыкладаючы правую руку да сэрца ў знак поўнага недаўмення з выпадку ўвагі рымскага першасвяшчэнніка і ў знак таго, што ён прыніжана просіць рымскі натоўп прабачыць яму яго велізарны талент, які прыгнятае іх. Ён прасіў людзей прабачыць яму яго натхненне. У нягоднікаў і жандараў, у злодзеяў і чыноўнікаў, у цырульнікаў і зводніц, у рымскіх банкіраў ён прасіў прабачэння за тое, што ён бясконца вышэй за іх і высакародней, за тое, што ён спальвае штохвілінна сваё жыццё на агні вялікага мастацтва, якое не згасае».