Выбрать главу

Ён, бязгрэшны, прасіў прабачэння у іх, грэшных!

Ферэнц Ліст у некралогу пісаў пра Майстра:

«Паганіні памёр. З ім згас магутны дух, адзін з тых, якія прырода нібыта спяшаецца вярнуць сабе. З ім знікнуў унікальны феномен мастацтва. Яго геній , які не ведаў ні настаўнікаў, ні роўных сабе, быў такі вялікі, што не мог мець нават пераймальнікаў. Па ягоным следзе не зможа прайсці ніхто і ніколі. З ягонай славаю не зраўняецца ніякая іншая слава. Яго імя з тых, якія вымаўляюцца асобна».

Пасля смерці Паганіні засталося восем ягоных скрыпак. Працы Амаці, Гварнеры, Страдзівары. Інструменты з сусветнымі пашпартамі! І ў сваім завяшчанні ён падараваў іх сябрам, знаёмым. І, як ні дзіўна, ворагам. Ага, і ворагам! Скрыпачу Шпору, да прыкладу, які знішчаў і самога Маэстра, і ягоную творчасць.

Але скрыпкі, якія памяталі рукі Генія, так па-сапраўднаму і не загаварылі.

Ні ў кога.

Праўду казаў Ліст — ніколі не будзе на свеце другога Паганіні!

Яшчэ лёс аднаго Генія, таксама музычнага, таксама вялікага, таксама віртуоза

1 імправізатара — кампазітара Вольфганга Амадэя Моцарта быў чымсьці подобны да лёсу Паганіні.

Кампазітара, які пражыў усяго толькі 35 гадоў і за гэты час напісаў 17 опер, 2 араторыі, 4 кантаты, 50 сімфоній, 70 вакальна-сімфанічных твораў, 40 інструментальных канцэртаў, 50 камерных ансамбляў і гэтак далей, і гэтак далей.

Кампазітар, якога і сёння любяць слухаць не толькі людзі, але і ўсё жывое, што ёсць на зямлі: да яго музыкі горнуцца кветкі, пры ёй добра растуць трава і жыта, каровы даюць болей малака, а ў пчол здараецца тады больш узятак.

Чалавек жа лечыцца музыкай Моцарта. У ёй — радасць і аптымізм жыцця. І ў ёй — гармонія і ўцешнае трыумфаванне, светлыя і чыстыя летуценні ды мроі. Тое, што трэба чалавеку, траве, жыту, пчале.

З яго, як дыханне, выходзіла, спяшаючыся, вылятала музыка, ды так, што ён не паспяваў нават запісваць яе.

«Вяселле Фігара», «Дон Жуан», «Чарадзейная флейта».

Хто ў нашым вялікім і высокаадукаваным Савецкім Саюзе не ведаў гэтых опер?!

І раптам, у самым росквіце жыцця — смерць.

Наша «БелСЭ» пра гэта піша: «Пастаянная нястача падарвала здароўе кампазітара, і ён рана памёр». Нястача, нястача. І памёр? Наіўна!

«Малая савецкая энцыклапедыя» гаворыць: «Кампазітар, смела адстойваючы сваю незалежнасць, быў вымушаны весці знясільваючую барацьбу за існаванне, якая падарвала яго сілы і прывяла да ранняй смерці».

Гэта ўжо лепей. Тут ёсць канцэпцыя.

Пушкін паверыў, што Моцарта атруціў зайздроснік Сальеры:

Сальери

Ты думаешь?

(Бросает яд в стакан Моцарта.)

Моцарт

За твое

Здоровье, друг, за искренний союз,

Связующий Моцарта и Сальери,

Двух сыновей гармонии.

(Пьет)

Гэтую версію прыняў і Дэвід Вейс, аўтар рамана «Узвышанае і зямное», у якім расказаў аб жыцці Моцарта і пра яго час. Дарэчы, яму ж належаць і раманы «Голым прыйшоў я» пра Агюста Радэна, і «Дух і плоць» — пра Айседору Дункан.

Вось як убачыў гэтую трагедыю Вейс:

«Праз тыдзень, даведаўшыся, што Сальеры жадае паслухаць яго оперу, Вольф­ганг запрасіў кампазітара ў тэатр...

І хоць Вольфганг загадзя вырашыў быць з Сальеры крайне ветлівым, яго ўразіла захапленне, з якім Сальеры адносіўся да «Чарадзейнай флейты». Ён слухаў музы­ку як заварожаны і пасля кожнага нумара крычаў «Брава» .

Пасля спектакля Сальеры падзякаваў Моцарту за запрашэнне і папрасіў аказаць ім са спадарыняй Кавальеры гонар і павячэраць разам з імі.

Сальеры ўзяўся прыгатаваць вячэру — ён ганарыўся сваімі кулінарнымі здольнасцямі, — але сам амаль ні да адной стравы не дакранаўся, хоць усё глядзелася вельмі апетытна, і толькі ўгаворваў Моцарта абавязкова ўсяго паспытаць. Пані Кавальеры, як і гаспадар, ледзь дакраналася да ежы і больш назірала, чым ела.

Вольфганг вярнуўся на Раухенштэйнгасэ вельмі позна ў прыўзнятым настроі. Вечар прайшоў цудоўна, — можа, Сальеры не такі ўжо і злодзей, як здаецца.