І раптам Вольфгангу стала дрэнна: закружылася галава, пачало нудзіць. Ці не пераеў ён? Усчалася рвота. Усю ноч ён не мог заснуць, рэзі ў страўніку не сціхалі...»
Па Вейсу, здаецца, усе ведаюць, што адбылося, але Моцарту ніхто пра гэта не гаворыць.
Яму робіцца ўсё горш, а доктар Клосет кажа: «Ператамленне».
Ён траціць прытомнасць. Клічуць доктара, а той у тэатры. Клосет не спяшаецца да хворага, не хоча ісці, пакуль не закончыцца опера.
Доктар вельмі асцерагаецца хворага. Часта мые рукі — «баіцца сам падчапіць якую-небудзь заразу»...
І, урэшце, фінал жыццёвым пакутам. Апошнімі яго словамі, якія пачула сястра Сафі, былі: «Што робіць свет са сваімі дзецьмі».
І пачатак новых мучэнняў — зноў пасля смерці.
Ніхто не дае грошы на пахаванне Моцарта.
Самы блізкі сябра Вольфганга — барон ван Світэн згадзіўся заплаціць за пахаванне Моцарта па самым нізкім трэцім разрадзе. І ўручыў Сафі роўна восем гульдэнаў пяцьдзесят шэсць крэйцэраў за само пахаванне і яшчэ накінуў тры гульдэны на пахавальныя дрогі-калёсы.
Меней, чым ён патраціў на пахаванне свайго ўлюбёнца — шпака.
За труною ішло ўсяго сем чалавек: барон Світэн, які адшкадаваў на развітанне з сябрам гульдэнаў, Сальеры, які частаваў сябра атрутнаю вячэраю, сястра Сафі ды яшчэ чацвёра.
І то ўсе яны дайшлі толькі да сабора святога Стэфана, дзе адбылося адпяванне. Пасля адпявання труну зноў паставілі на каламажку, і вазак павярнуў іх у бок загарадных могілак — за труною ўжо за горад ніхто не пайшоў.
На могілках быў толькі адзін магільшчык. Вазак скінуў труну на зямлю і магільшчык спіхнуў цела Моцарта ў агульную яму для беднякоў — на тры рады ўжо складзеных там трупаў.
Спіхнуў Маэстра!
Генія!
І праўду ж кажуць: «Талентам зайздросцяць, а Геніяў — ненавідзяць».
А, можа, з гэтай нялёгкай кнігі пачаць?
7
У гэты ж том Анатолія Вінаградава, які я набыў за макулатуру, уваходзіла яшчэ і «Аповесць пра братоў Тургеневых».
Мікалай Іванавіч Тургенеў, адзін з трох братоў, сакратар Дзяржаўнага савета пры цары Аляксандры І, быў членам тайнага таварыства, разам з будучымі дзекабрыстамі рыхтаваў дзяржаўны пераварот, у сябе на кватэры сустракаўся з Пестэлем, Рылеевым, Пушчыным, Луніным, Мураўёвым (двое з іх неўзабаве будуць павешаны), рэдагаваў абедзве канстытуцыі — і пестэлеўскую «Рускую праўду», і мураўёўскую «Канстытуцыю».
Дарэчы, пасля няўдачы паўстання і яго самога, сакратара Дзяржаўнага савета, да каго меў ласку і быў прыхільны імператар Аляксандр І (а Тургенеў: «не люблю цара, які ўсміхаецца»), і хацеў яго назначыць міністрам фінансаў, новы цар, Мікалай І, што ўжо не ўсміхаўся, завочна прыгаварыў да бестэрміновай катаргі.
А спачатку ён нават быў асуджаны да пакарання смерцю праз павешанне. Як дзекабрыст першага разраду. Як ці не галоўны натхняльнік, ідэйны правадыр дзекабрыстаў і непрымірымы абвінаваўца самадзяржаўя. Мікалай Іванавіч перабраўся ў Англію, і браты з хваляваннем чакалі, выдасць ці не выдасць рэвалюцыянера англійскі ўрад Мікалаю І. Так што ён мог аказацца на вісельні шостым. Ці нават першым.
Мікалай І паведамляў свайму брату, які адрокся ад прастолу: «Я загадаў напісаць Метэрніху, каб ён распарадзіўся арыштаваць і прыслаць Мікалая Тургенева— сакратара Дзяржаўнага савета, які падарожнічае з двума братамі ў Італіі». Але Метэрніх Мікалая Іванавіча не выдаў.
Вінаградаў у прадмове да аповесці разважае:
«Паўстанне на Сенацкай плошчы 14 снежня 1825 года, якое дало такую яркую карціну гісторыі, ні ў якой меры не было справаю рук Мікалая Тургенева, тым меней Аляксандра. Цяжка сказаць, як склаліся б падзеі, каб Мікалай Тургенеў быў у Расіі. Пры яго жорсткай прамалінейнасці, вялікай і выразнай планамернасці дзеянняў, «14 снежня» ці не было б зусім, ці дынастыя Раманавых магла б знайсці сабе канец».
Вось якую вялікую ролю ў паўстанні дзекабрыстаў вызначаў біёграф Мікалаю Іванавічу Тургеневу. Сыну старога Івана Пятровіча Тургенева, выхаванага на ідэях гуманнасці масонаў, сябра Радзішчава (памятаеце, прысуд пісьменніку дадзены Кацярынай ІІ: «Бунтаўшчык, горшы за Пугачова»), і маці — Кацярыны Сямёнаўны, бязлітаснай прыгонніцы, бізунабойкі, прыгажуні з арапнікам, якая шкадавала ўдарыць сабаку і паласавала плёткаю спіны малых дзяцей.
Аляксандр — самы старэйшы з братоў Тургеневых. Ён быў блізкім сябрам другога Аляксандра — Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Старэйшы і верны сябра паэта.
Пасля таго, як Пушкін загінуў, яго бацька, Сяргей Львовіч пісаў пра Тургенева: «Я б жадаў, каб на заканчэнне запісак біяграфічных пра нябожчыка Аляксандра сказана было што Аляксандр Іванавіч Тургенеў быў адзіным клапатліўцам уладкавання яго ў Ліцэй і што праз 25 гадоў ён жа праводзіў цела яго на апошняе жытло. Няхай ведае Расія, што яна Тургеневу абавязана любімым яго паэтам». «Я глыбока крануты словамі беднага бацькі», — адказаў на гэта Тургенеў.