Гэтую цытату я ўзяў з двухтомніка «Сябры Пушкіна», дзе Тургеневу адведзена больш за сорак старонак. Ягоныя ўспаміны змешчаны паміж згадкамі пра вялікага паэта Вяземскага і Чаадаева.
Аляксандр Іванавіч Тургенеў і сапраўды паспрыяў, як бы цяпер сказалі, ягонаму паступленню ў Царскасельскі ліцэй. Ён быў 8 студзеня 1815 года на тым экзамене, дзе Пушкін у прысутнасці Дзяржавіна чытаў свае «Успаміны ў Царскім Сяле», калі ўсе надзеі і спадзяванні паэта былі яшчэ наперадзе.
І вось ужо іншыя ўспаміны. Самога Тургенева:
«3 лютага ў поўнач мы з Канюшаннай царквы накіраваліся з целам Пушкіна ў дарогу; я з паштальёнам у кібітцы ззаду цела; жандарскі капітан паперадзе яго. Дзядзька нябожчыка пажадаў таксама праводзіць астанкі свайго добрага барына да апошняга ягонага жытла, куды нядаўна вазіў ён жа і цела яго маці; ён стаў на дрогах, якія вязлі скрынку з целам, і не пакідаў яго да самай магілы. Уночы праехалі мы Сафію, Гатчыну, а да раніцы 4-га лютага былі ўжо ў Лузе, за 140 вёрстаў ад Пецярбурга, а да 9-ці гадзін вечара таго ж дня ўжо ў Пскове. Я накіраваўся ў ноч, зноў з труною і з жандарам, спярша ў гарадок Востраў, дзе спраўнік і гараднічы нас сустрэлі (за 54 вярсты ад Пскова) і паслалі з намі чыноўніка далей; за 55 вёрст ад Вострава мы заехалі, пакінуўшы труну на апошняй станцыі з паштальёнам і дзядзькам, да спадарыні Осіпавай, у тры гадзіны апоўдні; яна суседка Пушкіна, чыя вёсачка ў вярсце ад яе сяла, і любіла П. як маці; у яе праводзіў ён больш за ўсё час ссылкі сваёй (і за сувязь з імі, Тургеневымі!), і ўся сям’я яе шчыра аплаквала паэта і добрага суседа. Яна паслала сваіх сялян капаць магілу для П. у манастыр, які знаходзіўся за 4 вярсты, у гарах. Магілу было цяжка капаць у мёрзлай зямлі і трэба было чакаць да раніцы. Мы вярнуліся ў Трыгорскае. На другі дзень, 5 лютага, на світанні, паехалі мы зноў у Святагорскі манастыр; магілу яшчэ капалі; маім далакопам дапамагалі сяляне Пушкіна, якія даведаліся, што труна прыбыла туды; між тым як мы пелі апошнюю паніхіду ў царкве, магіла была гатовая для прыняцця скрынкі
з труною — і гадзін у 7 раніцы мы апусцілі яго ў зямлю»...
І ніхто? І ні слова? Моўчкі?
Божа, няўжо толькі такое пахаванне заслужыў самы найвялікшы паэт Расіі?!
І ён — ахвяра паўстання дзекабрыстаў. Ён жа сябраваў з многімі дзекабрыстамі. Потым пасля задушэння паўстання, у ягоных рукапісах мы часам знаходзім нервовы накід вісельні з пяццю павешанымі. Ён нават намаляваў пакаранага смерцю Рылеева.
Дык што ж усё-ткі адбылося тады на Сенацкай плошчы ў Пецярбургу? 14 снежня 1825 года?
У Таганрогу нечакана памірае імператар Аляксандр І.
Нашчадак, князь Канстанцін, якому прысягнула ўжо войска, адракаецца ад прастола на карысць Мікалая.
Імператарам становіцца Мікалай І.
Менавіта ў дзень прысягі новага імператара лейб-гвардыі Маскоўскі, Грэнадзёрскі палкі і Гвардзейскі марскі экіпаж, паднятыя афіцэрамі-дзекабрыстамі, каб сарваць каранацыю, выйшлі на плошчу і пастроіліся ў карэ вакол помніка Пятру І.
Каля 3 тысяч салдат! Пры 30 страявых кіраўніках паўстання!
Ага, гэта подзвіг. Ага, гэта сіла волі — яна мацней за ўсё. Ага, яны адкрыта, не хаваючыся, выказалі сваю нянавісць да самадзяржаўя і самадзержцаў. Але які ж гэта подзвіг? Няма дзеянняў, а таму няма і сэнсу ў гэтым паўстанні. Выйшлі на плошчу, пастроіліся і стаяць. Новы цар ужо сцягнуў да пляцу паслухмяныя яму войскі. Па іх ужо страляюць карцеччу, а яны — стаяць.
«Кучка багацеяў вываліла на Сенацкую плошчу абараняць народ», — пацяшаліся з іх уладалюбцы.
І праўда, а як бы яны абаранялі той народ?
Сярод дзекабрыстаў — тры генералы, восем палкоўнікаў, чатыры падпалкоўнікі. Пятнаццаць чалавек адносіліся да вышэйшага афіцэрства! Трое мелі княскія тытулы, удзельнічалі ў паўстанні і бароны. Дваране многія — былі блізкія да царскага двара. І ўсе мелі багацці: адны — велізарныя, іншыя — крыху меншыя. Але ж мелі!
І што б яны сказалі народу? «Мы аддадзім вам тое, што вы далі нам?» А ці паверыў бы ў гэта народ? Ці спакусіўся б абяцанкамі?
Яны не ведалі пакуль народ, а народ — не ведаў іх.
Атрымліваецца нейкая бравада, прабачце, нават нейкая нібыта гульня: «Ды мы вам пакажам». Што, каму, як вы пакажаце? Пакажаце — дык паказвайце! Вы ж ужо стаіце на плошчы. Узброеныя...