Прабачце мне за гэтую эмацыянальную рэфлексію. Вядома ж, лёгка рэфлексаваць праз дзвесце гадоў пра тое, што адбылося ў той, незнаёмы табе, час. А жыві ты тады. Столькі ж нечаканасцей з’яўляецца! Як ва ўсім і заўсёды.
Адмовіўся ўзначаліць паўстанне Аляксандр Тургенеў — ён нават не прыехаў у Расію з Еўропы. Хоць на яго спадзяваліся.
Паспешліва абраны новы дыктатар паўстанцаў — палкоўнік Трубяцкі. Яго жонка, графіня Лаваль, францужанка, ужо, кажуць, вышывала яму сцяг для паўстанцаў. Аднак гэты сцяг князю Сяргею не спатрэбіўся — замест таго, каб ісці на Сенацкую плошчу, ён пайшоў да сваякоў, да Лаваляў, дзе яго і арыштавалі. Не пайшоў на плошчу — застаўся жывы, а каб пайшоў, — быў бы сёмым на вісельні: яму спачатку абвясцілі смяротны прыгавор, які потым замянілі бестэрміноваю катаргай.
Нават страшна выказваць такую думку, але ж, здаецца, некаторыя з дзекабрыстаў, не верачы ў поспех свайго выхаду на плошчу, не хацелі, каб паўстанне ўдалося. Яны не ведалі, што ім рабіць з уладаю, калі яна раптам упадзе на іх рукі. Не разумелі, што рабіць з краінаю, каб падняць яе, зрабіць шчасліваю.
Паўстанне — такім, як задумана, — не атрымалася. Дэманстрацыя сілы маладымі стала дэманстрацыяй іхняй слабасці.
На плошчы ўжо нельга маўчаць! На плошчы ўжо трэба нешта гаварыць. Але найперш — нешта рабіць. Выйшлі — рабіце, працуйце! Абараняцца на плошчы— гэтага ўжо мала. Там трэба наступаць.
На Сенацкай плошчы мітусіўся толькі паэт Кандрацій Рылееў. Па сутнасці, ён адзіны кіраваў тады паўстаннем.
Не, у яго ўжо былі і сапраўдныя планы: захоп Зімняга палаца, а на выпадак неабходнасці — і знішчэнне царскай сям’і. І ўжо быў вядомы той, хто павінен застрэліць цара — Кахоўскі. Кахоўскі, які смяротна параніў потым Міларадавіча.
Рылееў то знікаў з плошчы, то зноў з’яўляўся на ёй. Шукаў «дыктатара» Трубяцкога. Хадзіў у казармы, каб вывесці на плошчу новыя палкі.
Аднак апошні раз, вяртаючыся на плошчу, ён нават не змог прайсці праз царскія кардоны і загароды, і ўжо сам расстрэл паўстанцаў карцеччу назіраў з натоўпу.
Не, ён ведаў, што рабіць!
Ва ўспамінах Мікалая Бястужава ёсць размова Рылеева са сваёй маці, якая ад’язджала ў вёску ўлетку 1824 года, дзе яна неўзабаве, не дажыўшы да паўстання, і памерла.
— Паберажы сябе, — казала яна, — ты неасцярожны ў словах і ва ўчынках; урад падазроны; шпіёны яго ўсюды падслухоўваюць.
На што сын адказаў:
— Не палохайцеся, мілая матуля, выслухайце, і вы супакоіцеся. Ага, намеры нашы страшныя для таго, хто глядзіць на іх збоку і, засяроджваючыся, не бачачы прыгожай іхняй мэты, заўважае адны толькі жахі, якія пагражаюць кожнаму з нас; але вы мне маці — вы можаце, вы павінны бліжэй разглядаць свайго сына. Калі вы аддалі мяне ў ваенную службу на ахвяру ўсім яе цяжкасцям, небяспекам, самой смерці, якая магла мяне падсцерагчы на кожным кроку, — ці мог я шукаць таго і іншага, бесперапынна не сустракаючы смерці? Не, але вы тады столькі не баяліся, як цяпер... Цяпер настаў век грамадзянскай мужнасці, я адчуваю, што маё прызначэнне вышэй — я буду ліць кроў сваю, але за волю Айчыны, за шчасце суайчыннікаў, дзеля адбору з рук самаўладдзя жалезнага скіпетра, для набыцця законных правоў прыгнечанаму чалавецтву — вось якімі будуць мае дзеянні. Калі я паспею, вы не можаце сумнявацца ва ўзнагародзе за іх: шчасце расіян будзе лепшаю для мяне ўзнагародаю. Калі ж загіну ў барацьбе законнага права з уладаю, калі сучаснікі не змогуць зразумець і ацаніць мяне — вы будзеце ведаць чысціню і святасць маіх намераў; можа быць нашчадкі аддадуць мне належнае, а гісторыя запіша імя маё разам з імёнамі вялікіх людзей, якія памерлі за Айчыну.
Маці, зноў жа па Бястужаву, спалатнела ўся — «жаль і пачуццё ўнутранага задавальнення змешвалася на твары яе», — аднак яна знайшла ў сабе сілы, каб блаславіць сына, які прызнаўся ёй, што з’яўляецца членам тайнага таварыства.
І вось раніца 14 снежня. Той жа Бястужаў успамінае, як Наталля Міхайлаўна, жонка Кандрація Фёдаравіча, заліваючыся слязамі, прасіла яго не хадзіць на плошчу. Убачыўшы, што муж не слухае яе, у роспачы закрычала да дачушкі:
— Насценька, прасі бацьку за сябе і за мяне!
«Маленькая дзяўчынка, — піша Бястужаў, — выбегла, рыдаючы, абняла калені бацькі, а маці амаль у непрытомнасці ўпала яму на грудзі. Рылееў паклаў яе на канапу, вырваўся з яе і даччыных абдымкаў і пабег».
Тую ж ноч Рылеева арыштавалі. Ужо дома, ужо ў ложку. Па загадзе самога імператара прыехаў па яго флігель-ад’ютант Дурнаво. Цар загадаў прывезці Рылеева жывого ці мёртвага і ў кайданах.»
Цяпер, пасля здрады Якубовіча і Трубяцкога, ён быў галоўны вораг Мікалая І.