А ўжо 15 снежня пачаліся масавыя арышты.
Бунтаўшчыкоў везлі з палкоў і сядзіб.
Нікіту Мураўёва, аўтара новай канстытуцыі, арыштавалі ў сядзібе цесця — на вачах у цяжарнай жонкі.
У цудоўным палацы Лавалей усю ноч, пасля арышту там Трубяцкога, па загадзе цара і пад аховай дваццаці салдат Паўлаўскага палка штыхамі ўзломвалі ўсе шафы, капаліся ў скрынках пісьмовых сталоў.
Кюхельбекер збег. Яго, калежскага асэсара, настойліва шукалі ў Смаленскай губерні, у маёнтку маці. Пецярбургскі генерал-губернатар пісаў Смаленскаму «зусім сакрэтна»:
«І калі ён там будзе знойдзены, то загадайце яго ўзяць пад моцны нагляд, накіраваць сюды з маім пасланцом, дадаўшы да каравула другога чыноўніка». І пасля роспісу — прыпіска генерал-губернатара: «Калі будзе злоўлены, то везці скаванага».
Ахвяр было многа. Іх везлі з Масквы, Кіева, Кішынёва, Тыфліса, Бярдзічава, з Белай Царквы і нават з нашага Бабруйска — пра бабруйскае адгалінаванне дзекабрыстаў у маёй бібліятэцы ёсць кніжка Сямёна Букчына: «К мечам рванулись наши руки».
Амаль усім, каго прывозілі ў Петрапаўлаўскую крэпасць, абавязкова задавалі нечаканае і непазбежнае пытанне: «Растлумачце, што, калі і ад каго вядома было вам пра намер зрабіць замах на жыццё нябожчыка гасудара імператара ў 1823 годзе падчас яго знаходжання ў Бабруйску?»
Гэтае пытанне задавалі Рылееву, Аляксандру Мураўёву, Абаленскаму, Івану Якушкіну, Міхаілу Фанвізіну, Муханаву, Пестэлю, Аляксандру Бястужаву-Руміну, Павала-Швяйкоўскаму, Тызенгаўзену, Нораву.
Аказваецца, у дзекабрыстаў быў свой «бабруйскі план», паводле якога імператара Аляксандра І павінны былі арыштаваць у Бабруйскай крэпасці і там жа патрабаваць ад яго Канстытуцыю.
Аднак гэта чамусьці не здарылася. У ноч з 12 на 13 верасня была пастаўлена рота Норава, карабінеры якой стаялі ля ўваходу ў царскія пакоі. Але раніцою імператар вярхом на кані выехаў з цэнтральных варот, і перад ім ва ўзорным парадку, гвардзейскім строем прамаршыравалі ўсе палкі крэпасці.
Усяго да следства было далучана 579 чалавек.
Допыт вялі следчая камісія, барон дэ Толь, Бенкендорф. І сам імператар. Без адпачынку і без сну ён вёў допыт амаль усіх «злачынцаў» — за выключэннем вельмі нямногіх. Дапытваў людзей у кайданах і без іх у сваім шыкоўным, ярка асветленым — аж сляпіла вочы — кабінеце ў Зімнім палацы. А калі не дапытваў, то ўсё роўна стаяў за шырмаю і слухаў як гэта рабілі іншыя.
І вось — Кранверкская курціна, берагавое збудаванне, казематы, куды іх, пасля абвяшчэння смяротнага прысуду, прывозяць, — ужо не ў Аляксееўскі рэвелін, а ў гэты змрочны каземат.
І вось 13 ліпеня 1826 г. Глыбокая ночь. За вокнамі стукаюць сякеры цесляроў — гэта ім рыхтуюць вісельню. Адну на пяцёх. Вялізную — яна відаць нават з другога берага Нявы.
Звіняць у апошні раз ланцугі асуджаных на смерць — каб лягчэй ісці, Рылееў падтрымлівае свае кайданы за насоўку, прадзетую праз звяно ланцуга.
Не па сабе робіцца, калі чытаеш, як яны, ужо ў рове Кранверкскай курціны, дзе збудавана вісельня, чакаючы, калі прывязуць з Вучылішча гандлёвага мораплавання лаўкі — вельмі высокую вісельню збудавалі! — якія выб’юць потым у іх з-пад ног, як яны, седзячы на траве, нарваўшы травінак, цягнуць жэрабя, каму першым, каму другім, трэцім ісці на эшафот і потым на дзіва строга прытрымліваюцца гэтай чаргі.
І яшчэ жахлівей уявіць сабе, як трое павешаных — Мураўёў-Апостал, Бястужаў-Румін і Рылееў — зрываюцца з вісельні жывымі. вяроўкі няякасныя, рознага памеру, ірвуцца. А ахвяры са звязанымі рукамі — сам жа Рылееў падказаў кату звязаць ім рукі.
Хтосьці з салдат заўважыў: «Пэўна, бог не хоча іхняй смерці».
Ва ўсім свеце ёсць такі няпісаны звычай: сарваўся з вісельні — яго шчасце, бо ў другі раз вісельніка не вешалі.
А іх паднялі на вісельню і ў другі раз.
— Вешайце, вешайце іх хутчэй! — як вар’ят крычаў Галянішчаў-Кутузаў.
Бенкендорф не вытрымаў — упаў нічком на шыю каня, заплюшчыў вочы.
— Чаму ж вы не глядзіце, генерал, як мы паміраем у пакутах? — спакойна спытаўся ў яго Рылееў.
А Мураўёў-Апостал толькі ўздыхнуў:
— Бедная краіна, нават павесіць тут не ўмеюць.
На іх зноўку накінулі петлі.
Праз два тыдні жонка паэта Наталля Міхайлаўна Рылеева атрымала паведамленне ад каменданта Петрапаўлаўскай крэпасці: «Выконваючы паведомлены мне князем Аляксандрам Мікалаевічам Галіцыным найвысачэйшы наказ, пасылаючы пры гэтым грошы пяцьсот трыццаць пяць рублёў асігнацыямі, якія засталіся пасля Кандрація Фёдаравіча Рылеева, маю гонар быць са шчырым шанаваннем, мілая спадарыня, ваш пакорны слуга А. Сукін».