Чакай, чакай. Гэта ўжо мне аднекуль знаёмае. А, то ж Уітмен. Паэт, якога я вельмі люблю і адзіную ягоную кнігу «Лісце травы» пераклаў на беларускую мову.
Ага, я не памыляюся: Айседора Дункан любіць таксама Уітмена! Яна піша: «Я адкрыла танец, варты паэмы Уітмена. Найвышэйшым паэтам нашай краіны з’яўляецца Уолт Уітмен. Я ствару для дзяцей Амерыкі новы танец, які адлюструе Амерыку».
А вось як пра тую ж любоў да сваёй краіны гаворыць і Уолт Уітмен, паэт, які ўсё ўспрымаў на фоне бясконцага па часе і прасторы Сусвету. Цытату я падаю ў сваім перакладзе:
Я пасею і выгадую, нібы густалістыя дрэвы,
суполкі сяброў і таварыстваў уздоўж усіх амерыканскіх рэк,
і на ўзбярэжжах вялікіх азёр, і ўсюды па прэрыях.
Я ствару гарады неразлучныя,
якія пакладуць адзін аднаму свае рукі на плечы...
А некаторыя згадкі Дункан пра Уітмена нават для мяне, здавалася б, добра знаёмага з жыццём і творчасцю паэта, былі невядомыя:
«Уолт Уітмен напісаў праўду пра Амерыку. Адзін час пошце забаранялі прымаць яго кнігу да перасылкі як «амаральную». Такая ацэнка цяпер здаецца нам недарэчнаю».
Кнігу забаранялі нават перасылаць? І праўда, глупства! Як амаральную? Лухта!
І вось Айседора Дункан робіцца жонкай Сяргея Ясеніна. Неяк хутка, амаль імгненна. Яна — шчыра любіць сваю Амерыку, ён — да самазабыцця любіць сваю Расію.
І несумненна — абое любяць адно аднаго.
Дункан палюбіла рускага паэта, па сутнасці, яшчэ хлапчука, пасля найвялікшай сваёй трагедыі. Яе дзетак, Патрыка і Дзердры, у закрытай аўтамашыне змыў дождж у Сену.
Вось як у сваіх успамінах пра Айседору «Нерасказаная гісторыя» піша пра гэта яе сяброўка Мэры Дэсці:
«Аўтамабіль, у якім яна (няня-англічанка) і дзеці патанулі, быў з закрытым верхам, і пакуль ён напаўняўся вадою, няня прыціскала дзяцей да грудзей, спрабавала прыкрыць іх пледам і з адчаем і жахам глядзела, як марудна набліжаецца смерць».
Сама ж Дункан успамінае тое, здавалася б, шчаслівае ранне:
«Патрык буяніў болей, чым заўсёды. Забаўляючыся, ён пераварочваў крэслы, і калі крэсла падала, Патрык крычаў ад радасці».
«Чароўнасць вясны і выгляд маіх дзяцей, румяных, прыгожых і шчаслівых, усялялі ў мяне такую радасць, што я раптоўна выскачыла з пасцелі і пачала танцаваць з імі. Мы ўтраіх заліваліся смехам. Няня, усміхаючыся, глядзела на нас».
І ўсё ж:
«Пацалаваўшы дзяцей, я сказала:
— Я хутка вярнуся!
На развітанне Дзердры прыціснула вусны да шкла. Нагнуўшыся, я пацалавала шкло з другога боку у тым жа месцы. Дакрананне да халоднага шкла пакінула ў мяне трывожны асадак».
Як выразна ўсё ўспамінаецца ёй пасля трагедыі!
І вось ён. Сярожа. Таксама, хоць і малады, аднак са сваімі клопатамі і праблемамі.
Успаміны Дункан заканчваюцца яе прыездам у Расію, у СССР:
«Бывай, Стары Свет! Прывітанне Новаму Свету!»
Яна прыняла «рускую рэвалюцыю» і прыехала дапамагаць ёй.
А пра Айседору і Сярожу зноў жа ва ўспамінах яе сяброўкі Мэры Дэсці. У яе «Нерасказанай гісторыі».
«Раптам дзверы з трэскам расчыніліся, і перад Айседорай узнік самы прыгожы твар, які яна калі-небудзь бачыла ў жыцці, апраўлены залатымі, цудоўнымі кучарамі, з поглядам блакітных вачэй, які пранікаў у душу. Паэта і танцаўшчыцу не спатрэбілася прадстаўляць адно аднаму. Гэта быў лёс. Яна адкрыла абдымкі, і ён упаў на калені, прыціскаючы яе да сябе, прамаўляючы: «Айседора, Айседора, мая, мая!»
Потым яна ўжо не памятала, як танцавала, як Ясенін чытаў вершы, як яны прыехалі да яе дадому. Яна памятала толькі «галаву з залатымі кучарамі», якая ляжала ў яе на грудзях і словы «Айседора, Айседора, мая, мая!» і да самай смерці гаварыла, што памятае, як яго блакітныя вочы глядзелі ў яе вочы і як у яе з’яўлялася адзінае пачуццё — закалыхаць яго, каб ён адпачыў, яе маленькае, залатавалосае дзіця».
«З гэтага дня ў Айседоры не было ні гадзіны спакою, і вельмі хутка яна зразумела, што малады паэт не толькі вялікі геній, але і вар’ят. За ім заўсёды хадзіла група прыяцеляў, якія яго ні на хвіліну не пакідалі і не давалі ім застацца ўдваіх».
Яны, Сяргей і Айседора, часта бывалі ў Сяргея Канёнкава. Яны любілі да яго заходзіць, і ён любіў іх бачыць у сваёй майстэрні: сядзіць, нешта стругае. Можа, новага Ягора-пасечніка. А, можа, ужо і яго самога, Ясеніна, выразае, вызваляе з дрэва.