Я нават не шукаў яе, не бегаў за ёю, не выпрошваў ні ў кога. Проста яна сама торкнулася мне ў рукі на нейкім звычайным кніжным развале.
А вось за поўны тэкст «Бібліі» я ўжо аддаў цэлы мяшок кніг са сваёй бібліятэкі.Тады, памятаеце, вялася вельмі актыўная прапаганда і барацьба з усім, што было пра Бога. Самыя, так званыя, антырэлігійныя гады. Мытняў у нас яшчэ не было, аднак на мяжы адымалася ўсё, што з’яўлялася, як тады лічылася, «опиумом для народа».
Мне прапаноўвалі такую, канфіскаваную на мяжы, біблію. Я адмовіўся. Бо шукаў якраз кананічны, поўны збор усіх кніг і старога, і новага запавету.
І знайшоў яе!
Гэта «Библия. Книги священного писания ветхого и нового завета» Выданне Маскоўскай патрыярхіі. Па блаславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія. Масква. 1968 г. Зроблена з сінадальнага выдання 1912 года. Вялізны фаліянт на 1371 старонку.
Прабач, дарагі мой чытач, шаноўны мой дружа! Зноў я загаварыўся. А табе ж трэба даць трошкі перадыхнуць, адпачыць.
Ды і сама кніга — «Біблія»! — вымагае пашаноты і павагі да сабе. Пра яе нельга гаварыць мімаходзь, бо яна кніга кніг, адна з даўнавечных сведкаў старажытнай пісьменнасці, — перад ёю толькі, здаецца, самая першая на зямлі кніга «Махабхарата» ды гліняныя таблічкі з клінапісам.
Так што давай, дарагі мой дружа, пакуль перакурым. Калі ты курыш. А калі, як і я, не курыш — проста памаўчым. Паглядзім у акно. У наша з табой трэцяе тысячагоддзе.
А, можа, развітанне пачаць менавіта з яе, з «Бібліі»?
Якое развітанне? Ты ж не разбураеш сваю бібліятэку, ты ж ствараеш новую. А ў той, новай бібліятэцы, гэтая кніга кніг будзе ўпрыгажэннем любога кнігазбору.
Янка СІПАКОЎ
6 красавіка 2010 г.
Трэці дзень Вялікадня.