Партрэт Сяргея Ясеніна спачатку быў зроблены ў гліне з натуры, а потым па памяці ўжо пераведзены ў дрэва.
Дастаю з кніжнай паліцы томік «Канёнкаў». У серыі «Жыццё ў мастацтве». Вось гэта драўляная скульптура. Кампазіцыя бюста ўнікальная. Канёнкаў звычайна любіў заканчваць усе свае працы, а тут закончана толькі адна галава, а ўсе астатнія дэталі дадзены фрагментарна. Скульптар падкрэсліваў, што бачыць паэта ў хвіліны найвышэйшага творчага ўсплёску і таму імкнуўся схапіць самае галоўнае ў ім.
Яны, не зважаючы на розніцу ў гадах, вельмі сябравалі. Абодва былі славутымі сялянамі, і, трапіўшы ў горад, сумавалі без сваіх вёсак. Нават Анатоль Марыенгоф пісаў пра гэта ў сваім «Рамане без хлусні». Той Марыенгоф, які ўсчынаў сварку з кожным, хто пры ім гаварыў, што Ясенін піша лепш за яго. Канёнкаў любіў Ясеніна і казаў, што больш яркай і гарачай прыхільнасці за ўсё сваё жыццё ён не ведаў ні да аднаго са сваіх сяброў. Канёнкаў бываў у Ясеніных. Ясеніны бывалі ў яго. Балерыну Айседору Дункан ён і ляпіў, і маляваў, аднак з выяў яе амаль нічога не засталося.
Сярод іншых работ Канёнкава мне найперш хочацца ўспомніць тут выдатны «Аўтапартрэт» самога скульптара ды «Паганіні» ў мармуры — вытанчаны і элегантны шэдэўр вялікага віртуоза скрыпкі, месцазнаходжанне якога і зараз невядома. «Кампанелай» Паганіні я захапляюся даўно і, слухаючы, разумею, чаму сучасныя кампазітары не могуць не толькі выканаць, а нават і расчытаць некаторыя яго творы.
Дункан і Радэн.
«Потым я спынілася, каб растлумачыць яму мае тэорыі новага танца, — успамінае славутая танцоўшчыца. — Але неўзабаве зразумела, што ён мяне не слухае. Ён пільна глядзеў на мяне, вочы яго блішчэлі з-пад напаўапушчаных павек, а затым з тым жа выразам, які быў на яго твары, калі ён стаяў перад сваімі работамі, ён падышоў да мяне. Яго рукі слізгалі па маёй шыі, грудзях, пагладзілі мае плечы, прайшліся па бёдрах, па аголеных каленях і ступнях. Ён пачаў мяць усё маё цела, нібыта яно было з гліны. Ад яго веяла такім жарам, які хваляваў і абпальваў мяне. Мяне ахапіла жаданне аддацца яму ўсёй сваёю істотаю, і, сапраўды, я б зрабіла так, калі б мяне не спыніў сполах, выкліканы маім недарэчным выхаваннем. Я адступілася, накінула сукенку зверху тунікі і, збянтэжаная, прагнала яго. Як шкада! Як часта я раскайвалася ў гэтым ілжывым дзяціным разуменні, якое пазбавіла мяне выпадку аддаць сваю нявіннасць самаму вялікаму Пану, магутнаму Радэну».
Ага, усё ў жыцці ўзаемазвязана, і наша жыццё ўжо само па сабе ёсць неймаверны і неверагодны сюжэт.
Для мяне Радэн — гэта, зразумела, «Пацалунак», «Мысліцель» ды шчымлівапранізлівая «Тая, што была цудоўнай Аміер» — трагічны вобраз старасці.
І скульптура-помнік «Грамадзяне Кале», якую заказаў Радэну горад Кале.
У 1347 годзе, калі французскі горад, абложаны англійскім войскам караля Эдуарда III, не здаваўся і калі кароль паабяцаў яго зруйнаваць разам з насельніцтвам, каб уратаваць людзей, да заваёўнікаў з вяроўкамі на шыі і ключамі ад горада ў руках выйшлі заложнікі — шэсць грамадзян Кале.
Спачатку думалі рабіць помнік аднаму з заложнікаў. Але Радэн настаяў на сваім — калі і рабіць гэты помнік, то ствараць скульптуры трэба ўсіх шасці. Праца цяжкая, але высакародная.
Групу чамусьці паставілі на высокі п’едэстал. Так, на вышыні, яна не глядзелася. Радэн злаваўся, быў незадаволены. Заложнікі павінны ісці па зямлі! Калі прыбралі пастамент — скульптар супакоіўся: людзі, босыя, як зазвычай, як заўсёды, ідуць па зямлі. Так, як і было задумана.
Яны і цяпер, шасцёра адважных, ідуць на смерць. Бачыце іх рукі? Яны, раскрытыя, растуленыя, развітваюцца з жыццём, як птушку, выпускаюць яго са сваіх далоняў...
А радэнаўская «Рука Бога»! Невядома адкуль яна, вельмі высліжаная, вырастае, узнімаецца і трымае ў нейкіх невядомых і недасяжных вышынях кавалак усё той жа неапрацаванай, як цвердзь, пароды, у якую ўпрасавана тысячагоддзямі белае, таксама высліжанае, мармуровае чалавечае цела.
А «Вечная вясна»! «Мармуровая глыба, на якой напаўляжаць закаханыя. Скала зрабілася нібыта абрамленнем фігур, і, махнуўшы рукою на ўсе прымхі, ён узяўся за сонечнага Адоніса, які абдымае зіхоткую німфу, што абвілася ва ўсхваляваным выгіне вакол цела свайго каханага. У гэтых, перапоўненых пачуццёваю знямогаю, постацях ён увекавечыў Камілу і сябе», — так напісаў у рамане-біяграфіі Радэна «Голым прыйшоў я» Дэвід Вейс, у кнізе, якая выйшла ў той жа вельмі папулярнай у СССР серыі «Жыццё ў мастацтве».
З кім яна, Айседора Дункан, толькі не сябравала!
«Аднойчы яна (Джульета Мендэльсон) запрасіла нас усіх танцаваць перад Элеанорай Дузэ».