Выбрать главу

І вось ужо:

«Мы ўсе паехалі экспрэсам, які ішоў у Фларэнцыю: Элеанора Дузэ, Крэг, Мэры Кіст і я з дзіцем».

Дзіцятка было немаўляткам — яно толькі што нарадзілася. Яны з Крэгам назвалі дзяўчынку Дзердры, што значыць улюбёная Ірландыі.

«У дарозе я няньчыла дзіця, аднак у мяне сапсавалася малако, і мне давялося карміць яго з бутэлечкі».

Цікава, а ці ёсць яны, славутыя, у нашай «БелСЭ» — «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі».

Дункан — няма. А Дузэ — ёсць: італьянская актрыса, з акцёрскай сям’і, высту­пала ў італьянскіх вандроўных трупах, арганізавала сваю, вызначалася праўдзівасцю і філігранным майстэрствам...

«Пачаліся першыя дыскусіі, у якіх я была перакладчыцай паміж Крэгам, які не разумеў ні па-французску, ні па-італьянску, і Дузэ, якая не ведала ніводнага слова па-англійску».

Дык вось, Элеанора Дузэ. Кніга пра яе выйшла зноў жа ў серыі «Жыццё ў мастацтве».

Стой, стой, стой, хлопча... Ну і разгаварыўся ж ты! Спыніся, дружа, агледзься. А то нанізваеш усё, як на нітачку: гэта кніга, а тады гэта, а потым вунь тая. Няма стройнасці і прадуманасці сюжэта.

Прабач, а чым гэта дрэнна? Можа, яно якраз і добра, што ўсё чапляецца? Можа, менавіта гэта і ёсць сюжэт? Натуральнасць аповеда. Нязмушаная ручаіна, плынь свядомасці.

Значыць, на чым жа мы там, у самым пачатку сваёй працы, спыніліся? Ад чаго адхіліліся?

Ага, я расказваў, як мой школьны таварыш Толя Круцікаў выпрасіў у мяне пачытаць трохтомны «Архіпелаг ГУЛАГ» і потым вярнуў яго. Я, шчыра кажучы, жахнуўся, якімі ён вярнуў мне кнігі. Я не пазнаў іх!

Не, не скажу, што Толя не шанаваў кнігу. Не, ён таксама вельмі даражыў кнігаю

і бярог яе. Чытаючы, каб захаваць чысціню выдання, старанна абгортваў яго.

Але ж. У Толі была дача, і ён часта ездзіў на яе. І браў з сабою «Архіпелаг ГУЛАГ». Вы не ўяўляеце, як ён яго занасіў, а правільней, завазіў, чытаў кнігу, едучы на дачу і вяртаючыся адтуль, чытаў у вагонах электрычкі і на сваіх сотках, у сваім бунгала, а яна ж, дача, патрабуе працы з зямлёю, а зямля ж, колькі ні мый рукі, ўсё роўна не вельмі адмываецца.

Сварыўся я на сябра? Крыху. Але ж падараваў Анатолю потым і томік Арыстафана, і «Гісторыю інквізіцыі» — з усімі яе жахамі.

Сам я гэтага ўплямленага экзэмпляра ўжо не чытаў. Бо прачытаў «Архіпелаг ГУЛАГ» намнога раней. Чытаў тое ж падпольнае, Вермонскае выданне, з якога потым у 1989 годзе зроблена рэпрынтнае ўзнаўленне, і якое, заношанае, і цяпер з годнасцю стаіць на маіх кніжных паліцах.

Тады, у СССР, гэтая кніга была забароненая.

Яе мне на некалькі дзён даў Барыс Сачанка, якому таксама хтосьці па сакрэце прынёс пазнаёміцца.

І сам я чытаў той «ГУЛАГ», абгарнуўшы газетаю, хаваючыся. Ад сына — не хацелася яго, школьніка, падключаць да гэтага цяжкага матэрыялу, да нашых дарослых клопатаў. І месца, каб схаваць кнігу, здаецца, знайшоў выключнае. Але ж, калі праз некалькі гадоў у мяне зайшла размова з сынам пра Салжаніцына і «ГУЛАГ», ён усміхнуўся:

— Я ведаю «ГУЛАГ». Убачыўшы, што ты штосьці ўпотайкі, хаваючыся, чытаеш, знайшоў тваю схованку і таксама прачытаў раман. Тое першае, вермонскае выданне.

Калі з табою ўжо восень, з якімі ж лісткамі развітвацца — найперш? Усе ж яны дарагія мне.

2

Гэта і сапраўды быў век кнігі.

Кніга ў нашым родным XX стагоддзі, здаецца, была ці не самаю галоўнаю каштоўнасцю. Кнігі чыталі і абмяркоўвалі. Кнігі ведалі ў твар, паважалі і сябравалі з імі. Кнігі дарылі на любыя святы, і тыя, хто атрымліваў такі падарунак, былі шчаслівыя.

Мы ўпіваліся кнігаю! Вядома ж, у сваім дваццатым стагоддзі мы часам, здаралася, і прыгублялі сеё-тое, не без гэтага, але ж нашым самым галоўным наркотыкам, несумненна, была кніга.

Кніга была нашым жыццём. Ствараліся вялікія хатнія бібліятэкі ў нашых цеснаватых хрушчоўках. Спадзяюся, не было амаль ніводнай кватэры і ніводнай вясковай хаты, каб у іх не знайшлося хоць бы адной кнігі.

Нашы святы не абыходзіліся без кнігі — іх, як самых найлепшых сяброў, запрашалі на любую ўрачыстасць. Але ж не толькі гэта — у кніг былі і свае святы: Дзень Кнігі, Дзень Паэзіі, Дзень Ведаў.

Кнігі гаварылі з намі, іх мы цытавалі.

Выступленні паэтаў збіралі цэлыя стадыёны прыхільнікаў. Кнігі выходзілі стотысячнымі, мільённымі тыражамі, а іх усё было мала, мала і мала — паспрабуй насыціць такую агромністую краіну, якая чытала, як кажуць, запоем!

Калі маю кнігу, у якую былі ўключаны дзве аповесці «Крыло цішыні» і «Даверлівая зямля», у перакладзе на рускую мову выдавецтва «Правда» ў 1984 годзе выдала 500-тысячным тыражом, я спалохаўся: гэта ж паўмільёна! Заваляць, думаў, усе кнігарні СССР! Аднак неўзабаве супакоіўся, убачыўшы, што кніга з’явілася толькі ў некалькіх беларускіх кнігарнях і паляжала ўсяго некалькі дзён.