Выбрать главу

Дзесьці за тысячы кіламетраў на ўсход ад Мастоў будуюцца домны, узнімаецца цаліна, плаціны перапыняюць сібірскія рэкі. Рамантыка нязведаных краёў вабіць моладзь. Вабіць яна і семярых Міхальчуковых дочак.

— Паедзем і мы, тата! —кажуць яны бацьку.

Старому і тут добра. Але ж ён разумее маладых і ўсё часцей задумваецца. Уласна кажучы, усюды свой край, усюды трэба працаваць, а змена ў струбніцкай кузні ёсць...

VI. АДКАЗНАЯ ПРАФЕСІЯ

1.

Вялікай дакладнасцю павінен валодаць бухгалтар. Веданне псіхалогіі людзей патрэбна педагогу і пісьменніку. Цяжка ўявіць інжынера, які не цікавіцца навінкамі тэхнікі. Бязмерная самаадданасць патрабуецца ад абаронцы Радзімы. Але таму, хто прысвяціў сябе медыцыне, прафесія ўрача прад'яўляе ўсе гэтыя патрабаванні адначасова.

Разнастайная праца медыка: зубному ўрачу, напрыклад, не абавязкова ведаць усе асаблівасці радыкуліту, а псіхіятру — умець цягнуць зубы. Але хірургу трэба быць і неўрапатолагам, і педыятрам, і тарапеўтам, і аталарынголагам, і стаматолагам, і анатомам.

У тых, хто прайшоў суровае выпрабаванне вайны з імем хірурга звязаны ўспаміны аб чалавеку ў белым халаце са стомленым ад бяссонніцы тварам і ўпартым бляскам у вачах, аб тых, хто спяшаў выратаваць раненага, не раз з небяспекай для ўласнага жыцця. Нямала такіх урачоў працуе і ў мірныя дні.

Такім урачом і з'яўляецца хірург 1-й гродзенскай бальніцы Уладзімір Юсцінавіч Мірончык.

2.

— Ой, дзяўчынкі, баліць! — раптам крыкнула падносчыца Надзя Леваноўская, выпусціла з рук цагліны і скорчылася.

— Чаго ты мучышся? — схіліліся над дзяўчынай сяброўкі.— Чаму ты не сходзіш да доктара Мірончыка! Ён аднаму чалавеку выразаў тры чвэрці страўніка, і той адчувае сябе вельмі добра!

Лёгка ім, здаровым, раіць, куды ісці, і разважаць аб чужых страўніках, але хіба лёгка адважыцца на аперацыю!

Аднак неўзабаве Надзя адчула такі боль, што ўжо не заўважыла, як сяброўкі панеслі яе да карэты хуткай дапамогі.

I вось яна ў 1-й гарадской бальніцы.

Надзі здаецца, што сцены палаты пабліскваюць неяк холадна, а сёстры ў белых халатах паглядаюць на яе чамусьці падазрона.

З суседніх ложкаў «новенькую» не без цікавасці разглядаюць «старажылы» палаты. Тумбачкі каля іх завалены пячэннем, яблыкамі. Толькі яе яшчэ пустая... Пахне лякарствамі, нібы ў аптэцы.

— Што, да доктара Мірончыка на аперацыю?—спагадліва пытаецца ў яе пажылая жанчына.

— Ага,— ледзь шэпча Надзя.— Апендыцыт... Дзяўчына няспрытна садзіцца на край ложка, спрабуючы зашпіліць непрывычна шырокую піжаму. Яна толькі цяпер пачынае разумець, дзе яна і што з ёю. Прыступ прайшоў, і Надзі здаецца, што яна зусім здаровая. Але з галавы не выходзіць трывожная думка аб аперацыі. Робіцца страшна. Дзяўчыне хочацца ўцячы адгэтуль.

— Ды ты не хвалюйся!—супакойвае дзяўчыну суседка.— Хутка абход, і доктар Мірончык зойдзе ў палату.

Загаварылі і другія хворыя. Надзі палягчэла.

Нарэшце ў калідоры пачуліся мяккія крокі і шастанне накрухмаленых халатаў. Нечы мужчынскі голас пытаецца:

— Уладзімір Юсцінавіч, вы мяне заўтра адпусціце дамоў?

— А як жа! — бадзёра і ўпэўнена чуецца ў адказ.— Хопіць у нас месца займаць! Вы толькі паглядзіце на яго, якія вусікі адгадаваў! Ці не жонцы сюрпрыз? — смяецца ўрач. I раптам заклапочана звяртаецца да некага яшчэ: — А вы, бацька, чаго так рана ўсталі? Вам трэба ляжаць і есці больш!

— Я ляжу, пане доктар, я ляжу і ем! — чуецца вінаваты старэчы голас з прыкметным польскім акцэнтам.

— Ідзіце і зараз жа кладзіцеся!—загадвае ўрач. Потым ласкава, але значна:— А ты, Коля, не драпайся, а то будзе твар, як у тых, хто воспай перахварэў, бачыў такіх? У-у, бадзяга ты,— смяецца ён спагадліва.— Нябось, цяпер будзеш ведаць, як у печ бензін ліць!

Калі ў суправаджэнні ардынатараў і сясцёр у палату ўвайшоў Мірончык, Надзя яго сустрэла як даўно знаёмага. Узіраючыся ў яго разумныя, добрыя вочы, дзяўчына адчула, што гэтаму чалавеку не страшна даверыць жыццё.

3.

Аднак у аперацыйнай Надзі стала не па сабе. Перад ёю стаяў урач у дзіўнай масцы і незвычайным фартуху. Побач у халатах і такіх жа масках мітусіліся людзі. Высокі стол, падобны на ложак, пад ім таз. Інструменты і колбачкі на століках накрытыя марляй.

— Ну, ну, Надзечка, смялей! — пачула яна знаёмы голас хірурга і баязліва, але даверліва, лягла на аперацыйны стол.

— Вось і малайчына. Ты адкуль?—спытаўся доктар, змазваючы ёдам месца для разрэзу.

— З Васілішкаўскага раёна... з вёскі...