У зале стаялі дзве дынамамашыны, кожная па восемсот кілават. Адпа была латаная-пералатаная. Па яе крутых баках збягалі кроплі, як збягаюць яны па целе, калі вылазіш з вады. Другую хавала вялізная фанерная скрынка з акенцамі.
— Хлопцы, туды заглядаць нельга!—папярэдзіў інжынер дасціпных студэнтаў.
— А хто там? — запыталі мы.
— Шведы.
— Шведы? У нас? У Гродна?—здзівіліся мы.
— Так... Замяняюць дэталь...
— Навошта ж яны загарадзіліся фанерай?
I вось што тады расказаў нам галоўны інжынер:
— Некалі гэтую дыпамамашыну гарадская ўправа набыла ў Швецыі. Новую дэталь мы заказалі ў Стакгольме. Фірма выканала заказ, але з умовай, што замяняць дэталь будуць толькі яе прадстаўнікі. Нядаўна шведскія тэхнікі прывезлі дэталь і патрабавалі, каб ніхто не глядзеў на іх работу, таму што яны не маюць права выдаваць прафесійны сакрэт фірмы.
— Але навошта ж яны ад нас хаваюцца? — не маглі зразумець студэнты, якія выраслі ў гарадах і вёсках ўсходніх абласцей Беларусі.
Студэнты-«заходнікі» маўчалі. Яны ўсё добра разумелі...
У гэты час з фанернай будкі выйшлі два рослыя белабрысыя хлапцы, і разыгралася нямая сцэна. Мы разглядалі іх скураныя курткі незвычайнага пакрою, начышчаныя да люстранага бляску туфлі, а яны — нашы растаптаныя на франтавых дарогах кірзавыя боты і патрапаныя шынялі. Мы не маглі дараваць шведам іх выдумак, і ніхто з нас нават не ўсміхнуўся іншаземцам...
Цяпер абодва гэтыя выпадкі з фанернымі будкамі здаюцца анекдатычнымі. Ды я, мабыць, і сам не паверыў, калі б не бачыў іх сваімі ўласнымі вачыма.
У нашыя дні ў Гродна ўзвышаюцца ўжо тры градзірні, а самая маленькая з іх тая, якую пабудавалі ў 1946 годзе. Гарадская ТЭЦ дае ўжо не тысячу шэсцьсот, а чатырнаццаць тысяч кілават.
Падобна электрастанцыі, на Гродзеншчыне ўзняліся з руін або пабудаваны нанова мэблевая фабрыка, тонкасуконны камбінат, завод жалезабетонных канструкцый, шаснаццаць цагляных заводаў, цукровы завод у Скідзелі, абутковая фабрыка ў Лідзе...
Велізарны Савецкі Саюз, і на карце краіны нашу Гродзеншчыну няцяжка прыкрыць адным пальцам. Але ў кантрольных лічбах, прынятых XXI з'ездам, знайшлося месца і для яе. Там сказана аб Беларусі: «Новыя прамысловыя прадпрыемствы будуць пабудаваны ў заходніх абласцях, якія мелі ў мінулым нізкі ўзровень прамысловага развіцця».
За сем год валавая прадукцыя прамысловасці ў нашай вобласці ўзрасце амаль удвая. За 1959-1965 гады дзяржава асігнуе нам для капіталаўкладанняў больш двух мільярдаў рублёў. За сямігодку будуць пабудаваны:
Непадалёку ад Гродна, у Грандзічах, будуецца завод сілікатнай цэглы на сто дзесяць мільёнаў штук у год! Калі выкласці гэтую цэглу ў адзін рад, ёй можна апаясаць увесь зямны шар!
Новымі прадпрыемствамі папоўніцца харчовая прамысловасць вобласці. У Ваўкавыску ўжо ў 1961 годзе закончыцца будаўніцтва магутнага мясакамбіната, прадукцыя якога ў тры разы перавысіць магчымасці мясакамбіната ў Гродна, які цяпер лічыцца буйнейшым.
Для ўсіх гэтых прадпрыемстваў трэба шмат электраэнергіі. Таму на дапамогу Гродзенскай ТЭЦ праз нашы палі і лясы пракладаецца амаль пяцьсот кіламетраў ліній высакавольтных перадач. Па іх пойдзе ток з Бярозаўскай ДРЭС, якая будуецца ў суседняй Брэсцкай вобласці.
Адначасова з высакавольтнай лініяй прыйдзе газ з Украіны. Ён таксама папоўніць энергетычныя рэсурсы вобласці.
За сямігоддзе нашы чатырыста калгасаў атрымаюць амаль дванаццаць тысяч трактараў — па дваццаць пяць машын на калгас! За гэтыя ж гады гродзенцы пабудуюць сотні палацаў культуры, клубаў, кінатэатраў, школ-інтэрнатаў і іншых культурна-бытавых устаноў.
Старому гарадоцкаму ткачу давялося нямала перажыць за яго працоўную кемлівасць. Савецкая ўлада, як толькі два дзесяцігоддзі таму назад прыйшла на Гродзеншчыну, разламала ўсе фанерныя клеткі і дала прастору народным сілам.
Праўда, у гіганцкіх маштабах Савецкага Саюза дасягненні гродзенцаў яшчэ вельмі сціплыя. Але, успамінаючы часам нямую сцэну трынаццацігадовай даўнасці на Гродзенскай ТЭЦ, я хацеў бы пабачыць выраз твару шведскіх тэхнікаў, калі б яны зноў заглянулі да нас гадкоў гэтак праз сем, а то і раней... Бо яшчэ ў мінулым годзе на Сусветнай выстаўцы ў Бруселі красавалася прадукцыя нашага Нёманскага шклозавода і заваявала там бронзавы медаль. А шведскія канкурэнты яшчэ да сённяшняга дня раўніва захоўваюць вытворчыя сакрэты, што даўно ўжо сталі здабыткам далёкага індустрыяльнага мінулага...