Выбрать главу

Паліцыя здагадвалася, што друкарскі станок знаходзіцца ў Гродна. Пачаліся павальныя вобыскі. Аднойчы друкарня выконвала тэрміновы заказ, друкавала лістоўкі для забастоўшчыкаў тытунёвай фабрыкі. Трэба было працаваць і днём. Раніцой, калі Ілья з таварышам былі ў падвале, жонка краўца праз акно ўбачыла сінія мундзіры — ішлі паліцыянты! Суля не разгубілася. На сцяне вісеў ручнік, пад ім была кнопачка. Жанчына націснула кнопачку. У падвале патухла святло. Увайшлі паліцыянты, абшукалі пакой, заглянулі ў шафу, пад ложак, нават у вёдры, склалі пратакол, далі Сулі падпісаць і пайшлі.

Увечары па вуліцы праходзілі забастоўшчыкі. Ілья стаяў ля сваёй хаты і прагна ўдыхаў свежае паветра. Малады хлапец, размахваючы пракламацыяй, закрычаў:

— Глядзі, з Масквы прыслалі, бачыў?!.

У Ільі стала прыемна на душы. Такія мінуты былі ўзнагародай за трывогу, за непакой пра будучае сям'і, за бяссонныя ночы.

Вельмі цяжка было працаваць Пату ў падполлі. Акрамя таго, сям'я не раз перажывала звычайныя нягоды: нястачу, хваробу жонкі, смерць сваякоў. Але небяспечна было тое, што ў Пата падрастаў сынок. А дзіця дзіцем, магло дзе-небудзь пахваліцца. Аднак усё гэта не адбілася на лёсе падпольнай друкарні. Яна існавала да дня вызвалення Заходняй Беларусі. Пасля Ілья Ісакавіч перадаў яе ў музей.

Ілья Ісакавіч дажыў да светлых дзён, за якія аддалі жыццё яго старэйшыя браты, за якое змагаўся ён сам. Цяпер Пату шэсцьдзесят сем год. Ён яшчэ моцны, бадзёры. Яшчэ зусім нядаўна Пат пакінуў працу ў швейнай арцелі і пайшоў на заслужаны адпачынак. Ён — персанальны пенсіянер.

III. ГАСПАДАР

Ці былі вы калі-небудзь на Магілянскіх гарах? Не? Шкада!

Вядома, гэта не Каўказ. Аднак і тут снег растае на два, а то і на тры тыдні пазней, чым на палях. У ярах растуць высокія, па пояс, палын, дзікія буракі, свірэпа, шырокая, як асака, трава. У адным месцы, нібы ў сапраўдных гарах, нават прытаілася невялікае азярцо. Тут вы можаце спудзіць не адну лісу і пашкадуеце, што з вамі няма стрэльбы. А калі ўзыйдзеце на самую высокую вяршыню, вы здзівіцеся. Вы пачуеце, як шуршыць у хмарах вецер. Унізе перад вамі адкрываецца вялікая, перасечаная рэчкаю Свіслач, балоцістая раўніна. За ёю — асфальтаванае шасэ Гродна — Берастовіца. Далей — вёскі, вёскі, як кінуць вокам, аж да самага гарызонта, дзе выразна відаць, як дымяць каміны Ваўкавыскага цэментавага завода «Перамога». А гэта ж да яго адсюль па прамой добрых сорак кіламетраў! Налева і направа — таксама вёскі з доўгімі прысадзістымі будынкамі ферм, двух-, а то нават трохпавярховыя школы. Выцягнуліся нітачкі алешын на беразе рэчак. Люстэркамі блішчаць азерцы. Сінеюць пералескі. Растапырылі свае крыллі ветракі. У адным месцы ледавік пакінуў велізарную, строга сіметрычную гару, быццам насыпаў курган нейкаму казачнаму багатыру.

Калі вам пашанцуе і ў гэты дзень паветра будзе празрыстае, вы ўсё гэта ўбачыце так выразна, быццам на далоні.

На ўсходнім схіле каля вашых ног раскінулася вёска Магіляны, адкуль і паходзіць назва гэтых гор. З гэтай вёскі выйшлі чатыры старшыні калгасаў. Пра аднаго з іх — Пятра Іосіфавіча Дзеншчыкава мы і збіраемся расказаць.

1.

Зямля ў Магілянах — пясчаная, камяністая. На ёй зрэдку расце ядловец.

— Каменні ёсць, ядловец свой, хлеба прыкупіўшы — жыць можна! — калісьці ў жарт гаварылі магілянцы. I дадавалі:—А захацелася яшчэ чаго-небудзь, залезь на гару і глядзі. Чым не курорт?

Чвэрць стагоддзя таму назад на Магілянскіх горах быў авечы выпас. Разам з іншымі хлапчукамі сюды прыганяў свой статак магілянскі хлопчык Пеця — сын Юзіка Дзеншчыкава. Узабраўшыся на вяршыню высокай гары, Пеця глядзеў на палоскі сваёй вёсачкі, яны былі такія вузкія, што драўляная барана адным крайнім зубам чапляла адну мяжу, другім — крайнім — другую. Часамі па дарозе з Алексіч ішоў Пецеў бацька і нёс, прывязаную вяровачкай да пальца, бутэльку газы. Пеця ведаў, што ў бацькі ў кішэні ёсць яшчэ скрыначка запалак за дзесяць грошаў. Бацька ідзе і лічыць: у скрыначцы сорак восем запалак, а калі іх раскалоць папалам — будзе дзевяноста шэсць. Да самай зімы хопіць!

Крыху счакаўшы, па гэтай самай дарозе з Берастовіцы пляцецца фурманка. Гэта едзе дзядзька Адам. Конік Адама такі маленькі, што, здаецца, прывязаны да аглабель, і такі худы, што не разбярэш, дзе дуга, а дзе рэбры. Скура на коніку — быццам паношаная світка, на баках абдзёртая да мяса, уся  ў драпінах і струпах. Дзядзька вязе з Берастовіцы падарунак сям'і — бутэльку лёку...

Юзік Дзеншчыкаў вучыў старэйшага сына Мікалая ў Беластоцкай рамесніцкай школе, ускладаў на яго вялікія надзеі і на гэта аддаваў усю гаспадарку. Пеця з малых год ведаў, чаго каштуе кавалак хлеба.