Выбрать главу

Многа значыць асабісты прыклад. Пазнаёміўшыся са старшынёй бліжэй, члены праўлення і брыгадзіры адчулі ў ім сумленнага, клапатлівага работніка і чалавека. Гэта прымусіла людзей прыслухоўвацца да Дзеншчыкава. Такім чынам пазіцыі новага старшыні крыху ўмацаваліся. Прыроднае чуццё падказвала Пятру Іосіфавічу розныя падыходы да людзей: да аднаго з ласкай, да другога з просьбай, трэцяга трэба было ў час пахваліць, а чацвёртага і прымусіць. Справа крыху пайшла.

Аднак вынік першай восені быў вельмі ж нязначны. Калгас пасеяў з паўтара гектара цукровых буракоў, далі яны па... шэсцьдзесят цэнтнераў з гектара, а для ўборкі прыйшлося... наймаць людзей з іншых калгасаў.

З'явіліся цяжкасці нават там, дзе іх ніяк нельга было чакаць.

Каля вёскі Пракаповічы з пакон вякоў ляжала бясплоднае тарфяное балота. Яшчэ ранняй вясной старшыня вырашыў яго ўзараць, спадзеючыся, што да зімы на ім вырасце добрая трава. Трактарысты балота ўзаралі ледзь не на метр глыбінёй. Але на ім да зімы не паказалася ні адна травінка, ворыва засталося ляжаць мёртвым пластом.

— Чаго вы хочаце — гэта ж магілянец! Ён зроду не бачыў балота, а толькі горы,— смяяліся нядобразычлівыя людзі.

Але гэтакіх цяпер засталося куды менш. У сялян пачала прабуджацца цікаўнасць: а і на самай справе, чаму так здарылася? I яны ж раней думалі, варта толькі бясплоднае балота ўзараць, як адразу пачне расці трава. I самі не рабілі гэтага толькі таму, што не хапала сілы!..

Вясной калгас пасадзіў шмат бульбы. Яна ўрадзіла. Гэта адразу падняло жывёлагадоўлю. Каровы павялічылі надоі. Адкормленыя свінні далі прыбытак. У банку на калгасным рахунку з'явіліся першыя зберажэнні, павялічыўся працадзень, і ў калгаснікаў памацнела ўпэўненасць: працуй як след, твая праца не прападзе! Згуртавалася група актывістаў, якую ўзначальвалі брыгадзіры. З гэтай групай старшыні было ўжо лягчэй рыхтавацца да новай вясны.

3.

I ўсё ж такі старшыні за цэлы год удалося актывізаваць толькі невялікую частку калгаснікаў. У гэтым ён пераканаўся, калі па беразе Свіслачы пачалі хадзіць інжынеры з рознымі вымяральнымі прыборамі. Яны выбіралі месца для электрастанцыі. Збывалася мара маленькага Пеці, вынашаная яшчэ на Магілянскіх гарах. Але на яго вялікую крыўду ў калгасе імя Сталіна толькі дзесятая частка калгаснікаў згадзілася правесці святло ў свае хаты.

— Патрэбны нам гэтыя выдумкі, як карове пятая нага!..

— Яшчэ маланка вёску спаліць. Дайграецца гэты магілянец...— бурчалі многія і нізавошта не хацелі ісці на будаўніцтва плаціны.

Тым часам Дзеншчыкаў разам з праўленнем рыхтаваўся да вясны. Гной і торф у час вывезлі на поле. Не давалі спакою Індурскай МТС. Наладзілі агранамічную вучобу калгаснікаў. Адрамантавалі інвентар. Добра памог старшыні сакратар калгаснай партарганізацыі малады заатэхнік Аляксей Анісімавіч Шах.

Клопаты не пайшлі на марна. Другі год скончыўся лепш: на працадзень прыйшлося па два кілаграмы збожжа, па тры — бульбы, па два з паловай рублі грашыма. Нават цукар выдалі на працадзень. Гэта адразу змяніла атмасферу ў калгасе. Наетупіў круты пералом. Калгаснікі пачалі настойліва патрабаваць у брыгадзіраў:

— Дай работы!

Між іншым, у той год адна брыгада пасеяла шаснаццаць гектараў буракоў, а сабрала, вядома, сваімі сіламі па чатырыста цэнтнераў з гектара.

Абудзіліся нават старыя. Сямідзесяцігадовыя бабка Раманоўская і дзед Юляк Вярышка аднаго разу паскардзіліся старшыні:

— Чаму твае брыгадзіры нам нічога не даюць? Хочам і мы працаваць!

Прыйшлося бабку паслаць да куранят, а дзеду даручылі рабіць венікі і граблі. Абое за год выпрацавалі па 350 працадзён.

4.

Зімою электрыфікавалі фермы. Быццам рушыў з месца зляжалы лёд. Электрычнасць правялі да сябе ў хаты ўсе калгаснікі, а неўзабаве ніхто нават не ўяўляў, як гэта можна жыць без электрычнасці.

Тады сталі задумвацца, які ўпарты і надзейны чалавек іх новы старшыня. Яны ж не верылі, упіраліся, пасмейваліся з яго намаганняў, нават злараднічалі, а ён цвёрда рабіў сваё.

— I свайго такі дабіўся!—прызнаваліся яны.

— Залаты чалавек! — з удзячнасцю дадавалі другія.— I не злапамятны!

— Сапраўдны камуніст! — з радаснай гордасцю заяўлялі трэція.

Так зацвярджаўся непахісны аўтарытэт старшыні Дзеншчыкава. Ва ўсіх калгаснікаў з'явілася цвёрдая вера ў тую справу, якой ён кіраваў.