Заможнасць сяла можна пазнаць адразу, не заходзячы ні да каго ў хату. Вось вёска Пракопавічы. Усе хаты адрамантаваны. Каля хат новыя платы. Над стрэхамі пераплятаюцца электраправады, антэны. Каля лесапілкі акуратна выстраілася аўтакалона. На вуліцы поўна веласіпедыстаў: едуць у школу дзеці, коціць паштальён, кудысьці спяшаецца медсястра.
У адным двары рамантуюць трактар. Дзеці абступілі механіка, просяць:
— Дзядзечка, пусціце ў кабіну, дайце патрымацца за рычагі!
— А двойкі ўчора не атрымаў?
— Не... тройку!
— Э-э, брат! Ну добра, лезь. Наступны раз буду пускаць толькі тых, у каго не менш чацвёркі, зразумела?
— А-га!..
З калгаснага двара выскачыла двухтонка. Яе спыняе пажылая калгасніца:
— Мне ўсяго два кіламетры!—апраўдваецца. Шафёр не здзіўляецца і дазваляе сесці. Павялося так: трэба цётцы ў суседнюю вёску, інакш як на машыне яна неможа туды дабрацца.
I ўвесь гэты малюнак сённяшніх Пракопавіч неяк гарманіруе з вясеннім сонцам, з песняй жаўрукоў, з бусламі, якія ляцяць над вё'скай, несучы ў дзюбах свой будматэрыял, пругка і важна махаючы крыллямі.
Асабліва прыгожыя Пракопавічы, калі на іх глядзець з Магілянскіх гор. Нібы дачны гарадок, раскінуліся яны ўздоўж асфальтаванага шасэ. I няцяжка сабе ўявіць пачуцці камуніста Пятра Дзеншчыкава, які адчувае, што ў змяненні ўсяго ўклада жыцця гэтых некалі з пакалення ў пакаленне гаротных людзей ёсць і яго доля. Так збываюцца яго даўнія мары.
IV. ПРАЦАВІТАЯ СЯМ’Я
Пасля першай сусветнай вайны ў глухую вёску Рагозінцы з эвакуацыі вярнуўся селянін. Ен прывёз маладую жонку-грузінку. Бедная не магла перанесці зняваг і пагарды забабонных родзічаў мужа і неўзабаве памерла, пакінуўшы маленькую дачку Севярыну. Сірату ўзялі на выхаванне сваякі. Дзяўчынка падрасла, але моладзь яе старанілася.
Па суседству з апекунамі Севярыны жыла малазямельная сям'я Гецольдаў. Сын Гецольда Лёнгін пакахаў дзяўчыну з грузінскімі рысамі твару. Тая адказала ўзаемнасцю, і яны пажаніліся.
Гецольду дастаўся ад бацькі кавалачак зямлі. Звычайна з такіх гаспадарак людзі ўцякалі ў горад, множылі там рады беспрацоўных, але маладажоны засталіся на сваёй зямлі.
Лёнгін, як ніхто іншы ў вёсцы, любіў і разумеў прыроду. Нягледзячы на малапісьменнасць, ён захапляўся сельскагаспадарчай літаратурай. Яму нават удалося прачытаць на польскай мове Мічурына. I хутка Лёнгін на сваім кавалачку зямлі пачаў тварыць цуды. Буракі ў яго на агародзе вырасталі па чатырнаццаць кілаграмаў, памідоры — па восемсот грамаў, гарбузы — па пуду!
Але гародніна ў тыя часы збыту не мела. Сям я ўсё большала, і жанчына з трывогай думала: што будзе з яе дзецьмі?..
Скончылася Айчынная вайна. Севярына, як мнагадзетная маці, стала атрымліваць дапамогу. А калі ў 1952 годзе ў вёсцы арганізоўваўся калгас імя Дзяржынскага, Лёнгіна выбралі звеннявым па тытуню, і ён горача ўзяўся за справу. Яму стала дапамагаць жонка. Гецольды выдатна апрацавалі зямлю, і ўчастак даў добры ўраджай тытуню. Настрой у калгаснікаў падняўся. Але хутка людзі пачалі гаварыць пра свайго старшыню:
— Ён спачатку скажа або зробіць, а тады ўжо падумае...
У гэтым пераканаўся і Гецольд. Аднойчы Лёнгін звярнуўся да старшыні калгаса Храмакова з прапановай:
— Я думаю разам з тытунём вырошчваць пладовыя дрэўцы. Закладзём калгасны садок!
— Не трэба! — пачуў Гецольд у адказ.— У Чарлёне ёсць пітомнік. Там і купім.
Да гэтага часу Севярына гадавала ўжо дзевяць дзяцей. Лёнгін паставіў на ногі ўсё сваё шматлікае сямейства і разам з другімі членамі звяна вывез пяцьсот вазоў гною і торфу, апрацаваў зямлю, вырасціў расаду і ўжо збіраўся садзіць тытунь. Ды ўчастак звяна спадабаўся старшыні Храмакову, і ён заявіў, што забірае яго пад іншыя культуры.
— А ты сабе возьмеш поле, якое летась было пад жытам. Нічога, апрацуеш. Ты на гэта майстра! — не без насмешкі сказаў Храмакоў.
Вельмі крыўдна было, вельмі, але Лёнгін здаўся. Затое не здалася Севярына. Яна схадзіла ў райцэнтр і звярнулася ў райком партыі.
Сакратар Мастоўскага райкома Дайнека яе ўважліва выслухаў і паабяцаў дапамагчы, а на развітанне сказаў:
— Калі зноў будзеце бачыць такую несправядлівасць, звяртайцеся да мяне. Заўсёды дапамагу!
I сапраўды, Храмакоў атрымаў вымову. Але, калі бура над яго галавой сціхла, ён зняў Гецольда з пасады звеннявога.