Выбрать главу

Пазней маці нясмела пачынала пытацца ў бацькі пра нейкія свае справы, далей — больш настойліва, той пачынаў раздражняцца, а далей і наогул адказваў крыкам. Збіраўся з хаты і ішоў некуды, вяртаўся позна ўвечары, падпіты і нахабны, гучна патрабаваў есці, курыў на кухні, на поўную моц уключаў тэлевізар, рагатаў сам з сабой. Іншы раз знікаў на дні два-тры, маці каза­ла — на рыбалку з сябрамі. Адзін раз ён і сапраўды прывёз многа рыбы — вялікіх карпаў, ад якіх непрыемна тхнула балотам. Маці з бабай увесь вечар скрэблі тую рыбу, смажылі, на кухні стаяў прэсны пах рыбных вантробаў. Бацька ляжаў задаволены ў пакоі на канапе, гэтаксама піў піва і глядзеў тэлевізар, казаў мне: наступным разам абавязкова возьме мяне на рыбалку. А я на падлозе складваў з вялізнага набору «Лега» робата-трансформера і нясмела запытаўся: наступным тыднем паедзем? Бацька амаль весела адказаў, што зараз ён зноў збіраецца ў дарогу, а вось як прыедзе праз два месяцы — абавязкова пойдзем.

Але праз два месяцы ўсё было гэтак жа: ягонае вяртанне сярод ночы, тыдзень на канапе з півам. І наступным тыднем ён пачаў зноў збірацца, хоць маці нясмела ўшчувала: гэтулькі розных спраў у кватэры, усё старое. Бацька тады злосна гыркнуў: я даю табе грошы, наймі людзей, хай паправяць спецыялісты.

Маці расказвала мне, што бацька пачаў ездзіць на заробкі яшчэ да таго, як яны ажаніліся. Было, з'язджаў на паўгода, але грошай вялікіх не прывозіў: заўсёды нешта не атрымлівалася.

Баба намаўляла маці (я чуў не аднойчы), каб яна забараніла бацьку ездзіць на заробкі:

— Дзіця без бацькі расце, лічы. Ездзіць-ездзіць, такія грошы і тут можна зарабіць, а то і больш. Вунь колькі людзей будуецца, паўсюль спецыялісты патрэбныя. Плітку ў ванным пакоі нам пераклалі — за тры дні колькі той спецыяліст зарабіў? Хіба толькі ў Расіі тынкоўшчыкам праца ёсць?..

Маці і згаджалася, у кожным разе я не чуў, каб яна спрачалася з бабай. Мне пасля казала, што не адзін раз упрошвала бацьку кінуць тыя паездкі. Асабліва апошні раз, як прадчувала.

Бацька не вярнуўся ні праз месяц, як абяцаў, ні праз тры. Маці кінулася да яго сяброў, тыя казалі: у бацькі быў «свой аб'ект», дзе ён працаваў — яны дакладна не ведаюць. Тое Падмаскоўе — вялізнае. Праз паўтара гады маці звярнулася ў суд, каб бацьку прызналі невядома адсутным, бо ўзніклі пытанні з кватэрай, якую будавалі: усе паперы былі аформлены на бацьку, а тут трэба не­шта тэрмінова рабіць з дакументамі.

Так я афіцыйна застаўся без бацькі.

Дома захаваліся фотаздымкі. Раней я іх пераглядваў. У бацьку я нічога не бачу свайго, нічога ўва мне не ўздрыгвае. «Ты да маці падобны», — кажа мне баба, і гэта сапраўды так: у нас з маці скуластыя, выцягнутыя твары, выразныя бровы, тонкія вусны. Але маці прыгожая, а я.

Маці сапраўды дужа прыгожая. Тое я цяпер ацаніў. У яе зграбны, акуратны стан, яна не худая і не тоўстая, надзене джынсы, цішотку — бы студэнтка. Валасы злёгку завіваюцца, маці звычайна падстрыгае іх коратка, фарбуе ў прыемны цёмны колер. Вусны напамаджвае ледзь-ледзь, і памада няяркая, а яны ў яе ўсё адно выглядаюць свежымі, прывабнымі. Яна ўмее хутка сабрацца на працу ці на якое мерапрыемства: крышачку падвядзе вейкі і танюткія бровы, два разы махне пэндзлікам з пудраніцы — і вось, усё так выразна, так святочна. Хіба вось зморшчынак ля вачэй у маці шмат — яна мружыцца на зыркае святло, так гэта тлумачыць. Усё лета яна носіць цёмныя акуляры і выглядае ў іх загадкавай і трошкі чужой.

Каб я пайшоў у маці, дык быў хоць бы крышку прыгожы... А так? Недаўгалыгі, як Юрась, немаленькі, як Уладзя, сярэдні між імі. Спорт мяне ніколі не вабіў, то і выгляд такі — ніяк не Рэмба. Але што тыя плечы, калі на твары — новыя прышчыкі і сляды ад старых, увесь лоб імі пакрыты, таму і прычоска ў мяне такая, каб лоб затуляць цёмна-русым чубам. Вушы вытыркаюцца... Нос з невялікай гарбінкай — яе ў маленстве не было, пазней з'явілася. Скулы вострыя, ад носа складкі ідуць уніз да рота, а вусны тонкія, асабліва верхняя. Хоць бровы нармальныя — роўныя і густыя. Іншым вечарам я цісну і праціраю свае прышчыкі рознымі сродкамі, якія купляе маці, цісну з нянавісцю, твар палымнее, а іх не становіцца менш, яны ўкрываюць бараду, шчокі.Маці кажа — узроставае, гармоны. Ага, у іншых хлопцаў даўно прайшло, адно я ды Юзік ходзім прышчавыя...