— А вы чаго крычыце? Я зараз у сваёй кватэры, на мяне тут маці не крычыць, я не ваш сын! Нарадзіце сабе, тады і размаўляйце з ім, як вам уздумаецца!
Класуха асеклася на паўслове. Я пачуў уздых, нейкі занадта хатні, так маці іншы раз уздыхае, калі на нешта неабходнае патрэбныя вялікія грошы. Потым Зіначка ціхім голасам прамовіла:
— Я выбачаюся за сваю нервовасць. Скажы, калі ласка, Вяргейчык: дзе ты быў учора?
Што-што, а выбачацца наша Зіначка ўмее. Тое праўда: калі зразумее, што сарвалася без дай прычыны, дык павініцца сама. Ну, і выбачаем, жывы ж чалавек.
— Дома я быў, Зінаіда Мартынаўна. Дакладна дома, можаце патэліць маці, ды яна недзе ў горадзе. Глядзеў фільмы да ранку. А што здарылася?
— Добра, веру, — уздыхнула яшчэ раз класуха, цяпер з палёгкай. — А Дубоўскі і Мітранка? Не ведаеш, дзе былі?
— Ды не збіраліся мы нікуды, не пастух я ім. Уладзя на лецішча з бацькамі меўся паехаць, у Юрася свае справы.
— Добра, дзякуй.
Нешта нарабілася ўчора. Мабыць, нехта з нашых ўляцеў. А куды і завошта? Бач, ні слова не сказала. Юрасю патэлефанаваць?
Не паспеў я падумаць, як тэлефон зноў завібрыраваў, — Юрась быццам пачуў маё жаданне.
— Пабудзіла класуха?
— Пабудзіла. Што за фігня, ведаеш?
— Давай да мяне зараз, я ўжо Уладзю выклікаў, — загадаў Юрась без тлумачэнняў. — Маці кліча.
Юрасёва маці — журналістка, фрылансер, піша для нейкага жаночага часопіса, а раней працавала ў недзяржаўнай газеце. Падстрыжаная пад хлопца, курыць проста ў пакоі за сваім ноўтам, хоць і пры адчыненым акне. Хоць там залева, хоць мароз ці снег — кубак кавы злева ад ноўта, папяльнічка — справа, акно насцеж. Разумная вельмі, спакойная такая, з намі размаўляе заўсёды, бы з роўнымі, ніякіх там «дзетачак» і «сыночкаў». Ніколечкі б не здзівіўся, калі б яна да нас па імені і імені па бацьку звяртацца пачала з выканнем. Пра бацьку Юрася я ўжо казаў трохі. Працуе ў прадпрымальніка, рамантуе камп'ютары. Гэтак разбіраецца ў іх — бы Юрась у матэматыцы. Бяда, меры не ведае, калі выпівае. Але тое не наша справа, разбяруцца. У астатнім нармалёвы мужык, хоць не такі кампанейскі, як ва Уладзі: мы на лецішчы з яго бацькам — лепшыя сябры, ён нам раней рабіў розныя драўляныя штукі: мячы, аўтаматы, рагаткі. Цяпер і мяса насмажыць, і з мячом з намі пабегае, распавядзе, як на спатканні да дзяўчат узімку на лыжах ганяў, як вушы адмарожваў і кухталёў ад мясцовых атрымліваў. Але ні піва, ні гарэлкі не п'е і нам настойліва раіць: «Ты — гэта ты, калі цвярозы. Адна кропля спіртнога робіць з цябе іншага». Шкада, што бацька Уладзі ў камандзіроўках па тыдні-два, па выхадных заняты — ён менеджар у прыватнай фірме, з ім цікава на лецішчы...
— Нашых антыфа ўчора затрымалі. Ноч у мянтоўцы былі! — сустрэў Юрась на парозе навіной.
— Хадзем на кухню, я там буцеры раблю, будзеш?
Уладзя сядзеў у кутку на канапе, бы спайманы на гарачым злодзей.
— Ты чаго калоцішся? — пакпіў я з яго. — Хіба цябе таксама лавілі, а ты ўцёк?
— Непрыемна. Хлопцаў шкада. — апраўдваўся Уладзя.
Нашы антыфа — Кастусь і Ігнат. Яны таксама больш у баку ад усіх іншых тусовак, а таксама ад класных і школьных спраў. Калі дзявяты клас заканчвалі, яны апошні месяц цалкам забілі на дырэктарку і яе загады адносна формы адзення — хадзілі на заняткі ў сваіх прыкідах. Хоць ведаем, што яны ў нашай школе такія смелыя, а ў іншы раён не сунуцца — перастрэнуць скінхеды, мала не здасца. У нашай школе скінаў няма, мо і ёсць якія, ды адкрыта не паказваюцца, бо антыфа ўсіх у школе чалавек дзесяць, хлопцы канкрэтныя, доўга не размаўляюць. Кастусь з Ігнатам уваходзяць і ў вялікую гарадскую групоўку, ездзяць на футбольныя матчы як балельшчыкі. Ну, а там іншы раз ці ля стадыёна, ці ў электрычках сутычкі здараюцца неслабыя. Нас у актавай зале збіраў неяк міліцэйскі маёр, пужаў адказнасцю ды іншым.
— А мы прычым? — па праўдзе кажучы, здзівіўся я. — Нам жа глыбока пофіг гэты футбол.
— Усе пры тым і ўсё пры справе, калі гаворка ідзе пра нефармальныя моладзевыя аб'яднанні, шаноўныя анархісты.
Гэта маці Юрася зайшла на кухню. У саколцы і шортах, худая, а ногі ў яе доўгія, рукі і шыя тонкія і гэтаксама доўгія. Такая вось. як высахлае дрэва. Відаць адразу, у каго Юрась удаўся. Павіталася, пачала запраўляць кававы аўтамат.
— Хто каву будзе? Ці ўсе гарбату?
— Я кавы хачу, — папрасіў я, хоць і не аматар гэтага напою. Мяне нешта адразу панесла наперарэз. Сабе і ўсяму.
Юрась тым часам нарабіў бутэрбродаў з сырам і каўбасой.
— Дык нашых выпусцілі? — парушыў я маўчанне.
— Выпусцілі пад раніцу. З вашай школы яшчэ траіх затрымалі, не ведаю, з якіх класаў. А з горада недзе пад паўсотню антыфа. Балельшчыкаў. Разборкі са скінамі ў электрычцы, потым выйшлі ўсе на прыпынку перад горадам, але там ужо чакала міліцыя. Здаецца, быў нават спецназ. Зараз усе класныя кіраўнікі старэйшых класаў пішуць справаздачы: дзе хто быў з іх вучняў апоўдні і да раніцы сённяшняга дня, — безэмацыйна расказвала Аліна Генадзьеўна.