— Во-во, і ў школе колькі пужалі гэтымі антыфа, а пра скінхедаў маўчаць. На сайты іх гляньце — там рэальна ўсё нацызмам тхне! Атрыбутыка, прыкіды, дый не хаваюць яны сваіх поглядаў. «Славяне — вышэй за ўсіх!» — гэта рэальны нацызм, хіба не? А кнігі вы бачылі? «Мы — арыі! Вытокі Русі. Першая энцыклапедыя вышэйшай расы» — не нацызм? — выбухнуў я, успомніўшы сваё балючае пытанне, якое, па шчырасці, ні перад кім і не агучваў.
— Добрае пытанне, — нечакана згадзілася маці Юрася. — Добрае. вы ж хлопцы разумныя, пашукайце самі адказ. У чым прынцыповая розніца між вамі і скінхедамі?
— Ну вы даяце, параўноўваеце нас. — загарачыўся я, усхваляваны яшчэ і тым, што маё пытанне апынулася раптам значным у вачах разумнай жанчыны.
— Не параўноўваю, а прапаную знайсці прынцыповую розніцу.
— Ідэя, канечне, — адказаў за мяне Уладзя, і я пабачыў, што і яго раней мучыла гэта пытанне: чаму да скінаў усе паблажлівыя? Не думаць жа пра тое, што ў нас шануюць нацысцкія ідэі і групоўкі!
— Ідэя — зразумела, —згодна кіўнула Аліна Генадзьеўна. — Яшчэ шукайце. Што характарызуе кожнае аб'яднанне? Што павінна быць ва ўсяго жывога для існавання?
— Ідэя і форма?
— Малайчына, Уладзя. Ідэя і форма. Дык вось, пра форму. Розніца між скінамі і антыфа ёсць? Карацей, каб не зацягваць час: анархісты, антыфа не маюць упарадкаванай структуры. Скіны — маюць. Жорсткая цэнтралізацыя, яўны лідар, падпарадкаванне ніжэйшых вышэйшым. Што гэта дае? Кіруемасць. Цяпер зразумела? Такая структура трымаецца ўжо не адно на ідэі, але на дысцыпліне, абавязках. І чым далей, тым больш ідэя як асноўны фактар аб'яднання адыходзіць на задні план. Ідэя можа цяпер эвалюцыяніраваць. І ў сваім развіцці стацца зусім іншай. Зразумела, куды я вяду?
— Хочаце сказаць, скінаў у нас асабліва не чапаюць, бо іх можна падпарадкаваць? — нясмела запытаўся Уладзя.
— Вядома ж, — запэўніла Аліна Генадзьеўна. — Яны найперш падпарадкоўваюцца не ідэі, а свайму кіраўніку. Ён — лідар, бог і герой. Сёння ён сказаў адно, заўтра праз пэўныя абставіны ён будзе казаць іншае, тое, што запатрабуецца. Таму і такое стаўленне. Хай гуляюцца дзецюкі і дзеткі, абы вялікай шкоды не рабілі. Такая структура, зразумела, не выхоўвае вальнадумцаў. Яна выхоўвае падпарадкаванне. А вось вашы — выхоўваюць. Вальнадумства і непадпарадкаванне. Таму. Таму, паважаныя, час ікс надышоў — унікніце непрыемнасцей. Прытрымайце пакуль у сябе свае погляды.
— Пакуль? Мне цікава — дакуль? Да заканчэння школы? Да атрымання дыплома? Вось дакуль? Дакуль я не магу жыць і паводзіць сябе так, як лічу патрэбным і магчымым? — зноў усхадзіўся я. Хоць, зрэшты, я разумеў, чаму псіхую. Было крыўдна. Проста агідна.
— Атрымліваецца. — ціха пачаў Уладзя, зноў утаропіўшы позірк на донца пустога кубка, — атрымліваецца, што мы, вось мы з ідэяй роўнасці усіх людзей, іх правам на свабоды больш чужыя для дзяржавы, чым скінхеды?
— Не чужыя, — уздыхнула жанчына. — Больш небяспечныя. Бо вамі нельга кіраваць. А дакуль? Я не ведаю. Даводзіцца жыць у той рэальнасці, якая дадзена.
— Прыстасоўвацца? — з'едліва спытаўся я.
— А што ты хацеў? — ўзвіўся Юрась, яму не спадабалася, як я спрачаўся з ягонай маці. — Пакуль мы дзеці, дык нам яшчэ сёе-тое дазволена. Захочаш нармалёва жыць — будзеш прыстасоўвацца!
— А калі я не хачу?
— Прымусяць!
— Не сварыцеся, хлопцы, — паспрабавала суцішыць нас Аліна Генадзьеўна. — Гэта насамрэч жыццё. Атрымайце першы ўрок. Дамовіліся: ніякіх выклікаў. Будзьце разумныя.
Я падзякаваў за каву і пачаў збірацца дадому. Уладзя таксама пайшоў са мною. Юрась праводзіў нас да дзвярэй з трошкі вінаватым, але адначасова нейкім пераможным выглядам твару: ён дэманстраваў нам, што разумее нешта больш за нас, і то не яго віна, а наша бяда, што мы такія ўпартыя.
Мы маўчалі, потым Уладзя стаў распавядаць, бы самому сабе:
— Учора на лецішчы былі. Корпаліся на агародзе, потым бацька мяса гатаваў на мангале. Хораша так, ціха. Я спытаўся: ці могуць мне ключы даць, ну. вось у нядзелю наступную паедзем: ты, Юрась, Ядвіся, я. Вогнішча раскладзём, мяса насмажым.
— А што за свята ў нядзелю?
— А што, каб нармалёва пасядзець, нейкую дату пільнаваць? — уздыхнуў Уладзя. — Я вось, ведаеш, пра што там падумаў. ну, калі мы нешта не зрабілі, — дык усё незваротна, разумееш? Канечне, ты скажаш: дык жа час яшчэ будзе! Будзе, але ж будзе ўсё іншае. Карацей, вось.