Выбрать главу

...Уладзя губляецца ад майго пытання. Ён ад любога пытання губляецца. Вось хто ніяк з дзяцінства не вырасце. Тыповы батан: у акулярах, лапавухі, недалужны, невысокі, задуменна-засяроджаны. І летуценнік. Як вольная хвіліна — ён нырцуе ў тэлефон, праз слабы зрок амаль носам кранаецца экрана. Усё чытае: даведнікі, энцыклапедыі... Больш нічога ў яго тэлефоне няма — ні здымкаў, ні музона.

— Уладзя, табе гэта трэба? — колькі разоў пыталіся мы з Юрасём, калі ён з захапленнем апавядаў нам іншы раз, што, да прыкладу, «пакутаваць хернёй» насамрэч — дыягназ, яго выстаўлялі сынкам заможных людзей у царскай Расіі, каб вызваліць іх ад службы ў войску. Звычайная пахавая грыжа так і звалася па-лацінску — херня. — Ну, трэба табе ведаць гэта?

Уладзя вінавата ўсміхаецца. Дзівак ён. Мы ведаем: кумір Уладзі — эрудыт Васерман. Уладзя доб­ра вучыцца, роўны па ўсіх прадметах. А яшчэ ён умее неверагодна падробліваць почырк першага-лепшага чалавека і, канечне, подпісы. Некалі мы адпомсцілі нашаму фізіку Антосю Сямёнавічу (малады, кавалер яшчэ, можа, таму і нервовы). Ён увесь клас прымусіў перапісваць кантрольную пасля заняткаў — перахапіў у няўклюды Юзіка тэлефон, а там мы праз Вайбер скідвалі варыянты, бо пісалі кантрольную пасля «А» класа, ведалі рашэнні. Юрасю тады ніяк нельга было доўга заставацца ў школе, яму тэрмінова трэба было дамоў, ён і прасіўся ў яго. Хто ж падумае, што Юрась фізіку спісвае? Ён тыя задачкі рашае, як чыпсы есць. Юрась зазлаваў, за хвілін пятнаццаць рашыў усё, кінуў сшытак фізіку на стол. Але на фізіка нешта нашло, маўляў, сядзі, як усе, тады Юрась спакойна ўзяў заплечнік і рушыў да дзвярэй. Моўчкі, але з такім тварам, што настаўнік і рота не раскрыў. Нам з Уладзем ён нічога не растлумачыў, потым адно сказаў праз зубы: «Зноў нажраўся ў бары, маці патэліла: не забяром зараз, дык выклічуць нарад міліцыі». Юрась саромеецца свайго бацькі, ягонага п'янства. Цвярозы дзядзька Ігнат — нармалёвы мужык, не будзе прынюхвацца да цябе, нават калі ты толькі што затаптаў недакурак цыгарэты. Дык вось, я надыктаваў Уладзю тэкст пісулькі, нібы ад нашай бібліятэкаркі. Яна спагадлівая і не даставучая, затрымаеш кніжку, але не бегае за табой па школе — эсэмэскі кідае. Але ж страшненькая: твар шырокі, круглы, нос маленькі, рос ды не дарос. А зубы занадта вялікія, шырокія: як усміхнецца — здрыганешся. Казалі, нашага фізіка пару разоў бачылі ў бібліятэцы. А што яму там рабіць? Зразумела ж. У пісульцы Вольга Арцёмаўна, бібліятэкарка, запрашала фізіка на спатканне ў кавярню. Падкінулі ў яго штотыднёвік.

І ён прыйшоў! Тады восень была позняя, холадна, макрэдзь у паветры. Фізік прытопваў пад парасонам, нервова паглядваў на аўтобусны прыпынак. А мы ржалі, назіраючы за ім, зрабілі пару здымкаў — каб пазней ў свой «Кантакцік» класны закінуць. І тут пабачылі бібліятэкарку! Яна ішла паўз кавярню. Фізік так кінуўся ёй насустрач, мы думалі — біць пачне. Вольга Арцёмаўна разгублена лыпала вачыма на яго, той амаль спалохана мямліў... А далей было нешта: фізік прытрымаў бібліятэкарку за локаць, і яны зайшлі ўнутр!

— Падзея называецца фактам супадзення магчымых верагоднасцей, — выдаў са скрухай Юрась, калі мы вярталіся назад.

Праз сваё ўменне падробліваць почыркі Уладзя і пакутуе. Ну, дакладней, не праз гэта, а праз сваю закаханасць у прыгажуню нашага класа (ды і школы, пэўна ж) Віялету. Закахаўся Уладзя яшчэ ў садку. То і не дзіва — Віялету апраналі заўсёды як ляльку, не адзін ён зачараваны быў. Толькі вось у каго мінула тая дзіцячая закаханасць, а Уладзя не змог яе пазбавіцца. Колькі яму ні кажы, што гэта Віялета наколькі вонкава да лялькі Барбі падобная, нагэтулькі ж і ўнутры пустая, Уладзя не слухае. Раней, гады тры таму, крыўдаваў да слёз (насамрэч плакаў), тыднямі з намі не размаўляў, а цяпер адно ўсміхаецца і кажа пераканаўча і пераможна:

— Вы проста не ведаеце. Яна — не такая, як усе. Яна асаблівая!

Чым яму запярэчыш? І вось ужо каторы год ён выконвае за прадмет сваёй закаханасці хатнія пісьмовыя работы. На кантрольных паспявае спачатку рашыць варыянт Віялеты, потым свой. І нават дыктант піша адразу за дваіх, на двух аркушах адразу. За гэта Віялета дазваляе яму сядзець з ёй за адным сталом. А можа, і яшчэ што: за руку патрымаць. Дурань Уладзя. Мы трохі апякуемся ім: глядзім, каб не надта сцяліўся перад гэтай лялькай. Бо Уладзя ж — шчыры хлопец, у яго грошы заўжды водзяцца, ён з намі дзеліцца, яму іх даюць з разліку на траіх, мабыць. Неяк яго маці, цётка Жэня, маленькага росту жанчына, такая ўся кругленькая і лагодная, выйшла з пад'езда і папрасіла, пакуль я чакаў Уладзю: