Я глядзеў на яе. Якая яна была прыгожая! Крылцы носа трапяталі ад кожнага ўздыху, яна глядзела наперад, проста ў вочы Швондзеру. Яна не баялася яго! Ні каліва! Хоць ёй было страшна — пальцы рук пабялелі, вусны напружыліся, і куточкі іх падрыгвалі. Мне нясцерпна хацелася зараз стаць побач з ёй, сказаць нешта разумнае, асадзіць Швондзера, але я не ведаў — што сказаць.
А гісторык зноў пачаў бялець, наблізіўся да Ядвісі.
— Хто дазволіў табе перапыняць старэйшых, настаўнікаў?! — засіпеў ён. — Сядзь і слухай! — ужо крыкнуў ён і працягнуў, калі Ядвіся села: — Патрыятызм — тое, што робіць з чалавека грамадзяніна. Тое, на чым трымаецца дзяржава. Патрыятызм — гэта з усяго магчымага абіраць роднае, сваё!
— «Купляйце беларускае», — нечакана гучна вырвалася з мяне хоць нешта. І атрымалася — ляпнуў дрэнь.
— Менавіта так! — аж узрадаваўся Швондзер з маёй падказкі. — Купляйце сваё! Падтрымлівайце сваю эканоміку! Сваю дзяржаву і сваю краіну! Зразумела табе, юная лэдзі? — нечакана ён схіліўся да Ядвісі, ледзь не пырснуўшы слінай у яе твар.
— Зразумела, Іван Мікалаевіч, — Ядвіся ўзнялася з месца, адказала, як бы і вінавацячыся, але і я, і ўсе навокал адчулі, што зараз яна зноў нешта выдасць. — Я вось адно не разумею, патлумачце, калі ласка. У вас тэлефон ёсць?
— Ёсць, — мармытнуў гісторык, яшчэ не ведаючы, як паставіцца цяпер да гэтай настырлівай вучаніцы.
— А ён у вас чыёй вытворчасці? Беларускай? А тэлевізар дома з вялікім экранам? Беларускі? А камп'ютар?
— Гэта дэмагогія! — заравеў Швондзер. — Мы гэтулькі вытрывалі ў вайну, мы мусілі самі падымацца, адбудоўваць народную гаспадарку, у той час як сусветны імперыялізм даваў грошы ўсялякім Германіям, каб тыя хутчэй аднаўляліся. Мы жылі сярод ворагаў і мусілі бараніцца, нам трэба было выдаткоўваць шмат рэсурсаў на абарону сябе! Мы і сёння мусім трымаць немаленькую армію.
— А яна ў Еўропу хоча, — кінуў з'едліва Віктар Марыноўскі.
Швондзеру прыйшлася да душы і гэта падказка.
— Уся атрута для моладзі сёння канцэнтруецца ў Еўропе! Геі, лесбіянкі, аднаполыя шлюбы, усёдазволенасць — вось да чаго прыйшлі! Яны жадаюць аднаго — засяліць у нас распусту, каб моладзь згубіла апошнія маральныя арыенціры! Еўропа — рассаднік маральнага раскладу! Для моладзі наша дзяржава стварыла ўсе ўмовы для таго, каб жыць, працаваць і прыносіць карысць сваёй Радзіме тут, нараджаць і гадаваць дзяцей, для чаго будуюцца новыя сучасныя бальніцы, адчыняюцца светлыя дзіцячыя садкі, ёсць мацярынскі капітал.
— І менавіта таму ваш сын вывучыўся і зараз працуе ў Варшаве, а дачка — у Германіі!
Ядвіся выгукнула словы не з абвінавачваннем — з адчаем, у якім адчуваліся блізкія слёзы.
Швондзер спатыкнуўся і замёр.
Гэта не было таямніцай для школы — ён і раней у нас, і сёлета паспеў пахваліцца: ягоныя дзеці такія высокаадукаваныя, так добра ён іх выхаваў, што іх запрасілі працаваць у нямецкую фірму і польскую бальніцу. Ён ніяк не думаў, што яго гонар можа быць скарыстаны супраць яго самога.
Ён хапаў паветра ротам, як рыба ў каламутным магазінным акварыуме, але урэшце авалодаў сабой:
— Ты, кажучы мовай сацыялогіі — недаразвіты кавалачак соцыуму, у тваіх мазгах — адно каша з агітак Захаду! Ты не адчуваеш ні ўдзячнасці, ні павагі да тых, хто працаваў дзеля цябе! Вось дзе корань зла!
...Ядвіся стаяла. Швондзер хадзіў вакол свайго стала і гаварыў, гаварыў, гаварыў. Усім было зразумела, што яму не знайсці ніякіх слоў супраць праўды, якую агучыла Ядвіся, але ён не мог змірыцца з гэтым, і больш для сябе, здаецца, шукаў новыя і новыя довады сваёй нібыта ісціны апошняй інстанцыі, ужо непрыхавана здзекаваўся з Ядвісі.
Потым ён дазволіў ёй сесці, але не спыніўся: у яго другое дыханне адкрылася ці што. Сеў на іншага свайго ўлюбёнага канька — на мараль. І зноў пачаў ад свайго дзяцінства, нейкага ражна распавядаў пра вароты, якія дзёгцем шмаравалі вяскоўцы, калі даведваліся, што ў гэтым двары жыве дзяўчына вольных паводзін. І вось не скажаш, што ён Ядвісю ў нечым такім вінаваціў, а так паралелі праводзіў, такія намёкі рабіў, нібыта яна стала найвядомейшай прастытуткай горада, а ўсё праз тое, што, канечне ж, не любіць сваю Радзіму і не разумее, якой удзячнай яна мусіць быць ветэранам Вялікай Айчыннай.
Ядвіся сядзела чырвоная, як вараны рак. Яна не чакала, што яе пачне гнобіць дарослы чалавек. Ды каб адно гэта — клас ажывіўся, нехта пачаў хіхікаць з асобных «жартачак» Швондзера, а той, падахвочаны такой увагай, — папраўдзе ж пачалі з цікавасцю слухаць (хто нам пра тыя вароты ў дзёгці раней апавядаў?) — вышукваў новыя доказы сваёй праўды: ад Еўропы ўсе беды, распуста і жыццю трындзец!