Усе позіркі, зразумела, былі скіраваны на Ядвісю. Я успомніў, як Уладзя некалі казаў, што для людзей наймацнейшае відовішча — смерць. Як забіваюць. Цягне іх магнітам. А калі маральна забіваюць — якая розніца? Вось і цікуюць, ім цікава, цэлы спектакль, іх фінал вабіць: давядзе Швондзер да слёз Ядвісю, ці яна выскачыць з класа?
Калі ты высунуўся, калі паказаў нешта сваё, адрознае ад іншых, — будзь гатовы да зайздрасці, кпінаў, падножак. Тут кожны хоча стаць хоць некім, шэрая маса, бы тая вадзяністая каша ў каструлі, прыўздымаецца, пыхкае бурбалкамі, ападае, зноў надзімаецца ў іншым месцы — і так, безупынна, пыхкаюць бурбалкі. Бач, Ядвіся надумалася пабыць прынцыповай, смеласці набралася. Ага! Ты адна крывішся ад лухты Швондзера, адна такая разумніца, ведаеш пра тэлефоны і тое, дзе зараз дзеці гісторыка? Усе ведаюць, але ж во церпяць. А калі ты вырашыла пакрасавацца перад усімі сваёй прынцыповасцю — дык і атрымлівай!
Я ведаў, што так думае большасць з нас, і ў самога мільгала думка: чаго ты выстаўляешся, самая разумная? Але ў гэтым цкаванні Ядвісі — яўным з боку настаўніка і ціхім, якое праяўлялася ў задаволеных усмешачках з боку вучняў, — смярдзела ганебным збіццём адной натоўпам. Вось яе прывязалі да слупа, аголеную, на плошчы — і цяпер чытаецца прысуд, і ўсе ажно млеюць ад чакання таго моманту, калі ўрэшце запалае касцёр пад слупком і ахвяра пачне курчыцца і прасіць літасці і даравання, адрачэцца ад сваіх слоў.
Не дачакаліся: Ядвіся трымалася, твар яе застыў, хіба грудзі заўважна ўздымаліся-ападалі ад глыбокага і частага дыхання.
Зазвінеў званок. Швондзер спыніўся на паўслове — ён не дазваляў сабе парушаць парадак, адно дадаў:
— Мы працягнем на наступным уроку!
Ён быў задаволены, адчуваў сябе пераможцам — выходзіў з класа з задранай угару больш чым звычайна барадой, невялікім чэравам наперад.
Ядвіся адразу выскачыла з класа.
Я знайшоў яе ля акна ў канцы калідора. Падышоў, стаў глядзець, як і яна, за шкло.
— Даруй мне, — нарэшце ціха сказаў тое, з чым яе шукаў.
Ядвіся не адказала, нават не паглядзела на мяне, толькі ўздыхнула ледзь заўважна.
Падышоў Юрась, стаў з другога боку ад Ядвісі.
— Швондзер табе не прабачыць.
— А чаму ты думаеш, што я праз тое заганяюся? Мне пляваць! — са злосцю крутанулася да яго Ядвіся.
— Ну. калі не думаць пра атэстат, — прамямліў збянтэжана Юрась.
Мы не думалі, што ў яе можа быць гэтулькі злосці. Сама ж вінаватая.
Падышоў нясмела Уладзя. Ядвіся павярнулася спінай да акна, сустрэла яго насмешліва:
— Давай, выдай і ты што-небудзь разумнае!
Я адчуў крыўду. Мы ў чым перад ёй вінаватыя?
Уладзя разгублена спыніўся перад намі, сказаў, відавочна, даўно падрыхтаваныя словы:
— Рэчаіснасць. праўда. далёка не ўсім даспадобы. І не ўсім. патрэбная.
— А табе — патрэбная?
— Што? — лыпнуў вачыма Уладзя.
— Табе патрэбная праўда? Табе трэба ведаць пра рэчаіснасць? — Ядвіся ажно падалася наперад, і стала трывожна за Уладзю: зараз можа нешта адбыцца.
— Мне — трэба, — ціха, але ўпэўнена адказаў Уладзя.
— Ах, так. Хадзем! — Ядвіся схапіла яго за руку і пацягнула да лесвіцы, каб, напэўна, спусціцца на першы паверх. Азірнулася на нас з Юрасём — мы стаялі ў поўнай прастрацыі — і загадала рашуча: — Вы з намі!
Уладзя, бы маленькі хлопчык, спяшаўся за імклівай Ядвісяй, яна не выпускала яго рукі, мы — за імі. Я не адразу скеміў, куды яна цягне сябра і якой трасцы, а калі спынілася, здзіўляцца было позна: мы былі ў кутку паверха, дзе знаходзілася жаночая прыбіральня.
— Чакайце!
Ядвіся пацягнула на сябе дзверы з намаляваным чорным кружком, што абапіраўся на вяршыню такога ж самага чорнага трохкутніка, зазірнула, потым разнасцежыла дзверы, схапіўшы за руку цалкам збянтэжанага Уладзю і крыкнула яму:
— Рэчаіснасць, праўда? Ты сказаў, што не баішся яе. А пра існаванне жаночай прыбіральні ведаў? Вунь там унітаз, і твая Віялета таксама сюды ходзіць, і сікае, і какае! І вунь пракладка ў куце валяецца, глядзі, нехта паспеў ужо збегаць сюды на ўроку, скрываўленая, такая і ў Віялеты бывае, і мо зараз у яе ёсць, і яна выкідае вось сюды такую, бо яна — жывая, у яе таксама месячныя бываюць! Як бясплатны дадатак да тваёй закаханасці — рэчаіснасць, якую ты хочаш ведаць!
Мы з Юрасём аслупянелі.
Уладзя ірвануўся і панёсся некуды па калідоры.
— Ну, ты дала, — выдыхнуў Юрась.
— Ён не дзіця, — нервова адказала Ядвіся. — Я ў сем гадоў зразумела, што балерыны зусім не матылькамі какаюць. Вось так.