— Ніякі ты не дурань! — горача запратэставаў я. — Тут я выпадкам падслухаў, як маці з сяброўкай дзялілася сакрэтам. Ну, там у іх на працы нейкі трыкутнік любоўны, такія жарсці! Дык вось, я слухаў і думаў: ну і дурнота! І дарослыя ж людзі, а такія глупствы вырабляюць! Во, значыць, закаханасць — такая хвароба, што першага-лепшага напаткае.
Падслуханую размову я выдумаў — нічога я не чуў. Фільмы ж розныя глядзіш, дык бачыш, на што закаханыя здольныя. Але ж Уладзю пра фільмы казаць не будзеш, жывыя людзі яны і ёсць жывыя, так больш пераканаўча.
— Ага, цяпер разумею, — весялей адказаў Уладзя. — Некалі давялося прачытаць стары «баян»: тым розніцца геаметрычны трыкутнік ад трыкутніка кахання, што ў геаметрычным толькі адзін кут можа быць тупым.
Я засмяяўся, быццам гэтага «баяна» папраўдзе не чуў раней.
— Знаеш, мая бабуля Марыля ведае адну цудоўную формулу. Думаў — проста словы, а вось калі іх не тое што паўтараць, а мець заўсёдна на ўвазе, дык гучаць зусім не бессэнсоўна. Хочаш, скажу?
— Скажы, — зацікавіўся Уладзя.
— Усё будзе добра.
— Так проста?
— Ну. дык і проста. Але — усё будзе добра, скажы?
— Скажу. Усё будзе добра!
У панядзелак Уладзя чакаў нас з Юрасём. Мы зноў ішлі ўтрох. Ядвісю пабачылі на лаўцы ў двары школы, падышлі і селі, выцягнуўшы ногі, бо лаўка была нізкая. Павіталіся. Маўчалі.
Уладзя сеў ля Ядвісі, крануўся пальцамі яе рукі, якую яна паклала на калені.
— Ты не перажывай, — сказаў ён з кволай усмешкай. — Я. Карацей, нешта адбылося, і я. у суботу, на лецішчы, там. там такая вольніца, дык і я адчуў сябе свабодным. Крутое пачуццё — быць свабодным.
— Прайшла любоў, завялі памідоры? — асцярожна пажартаваў я.
— Ілюзіі прайшлі, казкі больш няма, — выправіў Уладзя. — І неяк пофіг, ужо не баліць. Смешна вось з сябе зараз. Трошкі шкада. Трошкі агідна. Наогул — пуста.
— Усё адно даруй, — Ядвіся павярнула далонь, сціснула сваімі пальцамі пальцы Уладзі, якія ён не спяшаўся ўбіраць. — Я ведаю, як можа быць балюча, калі расплюшчваюцца вочы, — і голас яе ўздрыгнуў.
— Норм, кажу, не перажывай, — рагатнуў нязмушана Уладзя. — Воля таго каштуе, каб трошкі пабалела. Юр, я да цябе сяду!
— Давай, — кіўнуў Юрась, і нешта ў яго вачах мне не спадабалася. Ён, падалося, шкадаваў, што вось Уладзя, магчыма, пазбавіўся сваёй летуценнасці, стане звычайным пацаном без закідонаў. Ці Юрасю даспадобы, каб у ягоным атачэнні былі менавіта такія, як мы з Уладзем: адзін невылечны ў сваёй дзіцячай закаханасці і другі — шэры да невыразнасці?
— Уладзечка, што гэта значыць? — Віялета спыталася і гучна, і насмешліва, ступіла крок з-за стала, калі пабачыла, як Уладзя скіраваўся да Юрася і сеў з ім побач. — Я зараз атрымаю па алгебры кол, ты пашкадуеш...
— Не пашкадую. — Уладзя без аніякай сарамлівасці паглядзеў у яе вочы, спакойна і ціха дадаў: — Даруй, але далей спраўляйся без мяне.
Віялета свідравала яго позіркам, вочы яе звузіліся, твар імкліва мяняўся: вось ён быў разгублены, вось ужо грэблівасць, а вось і сапраўдная нянавісць.
— Цябе ж папярэджвалі — некалі усе становяцца відушчымі, — заўважыла Ядвіся са з'едлівай усмешкай.
— А ты, лялька анучная, запомніш!
Усю сваю злосць Віялета ўклала ў гэту пагрозу. Ядвіся зноў усміхнулася, гэтым разам з нечаканым шкадаваннем, бы глядзела на псіхічна хворую, і прамовіла:
— Не лялька, а Лелька. І. ты бойся, каб я нешта запомніла, бо мая памяць часам дорага каштуе!
Гэта быў не выклік, а хутчэй папярэджанне, сяброўскае такое. І ў класе ўзрушана зашапталіся: здаецца, пачыналася вайна, і было цікава — хай хоць нешта, абы быў нейкі рух у застылым балоце школьнага быцця.
5
Як толькі Зіначку прызначылі нашай класухай, яна ўсё імкнулася арганізоўваць розныя сумесныя выправы-вандроўкі. Спадзявалася зрабіць з нас «дружны клас». Мы бачылі яе намаганні, пасмейваліся сабе, не скажу, што аднекваліся, — нехта ў першы год з імпэтам дапамагаў Зіначцы, збіраў грошы, нават нейкія сцэнары рабіліся, каб весела было. Карацей, спрабавалі гуляць у весялосць і той самы «дружны клас». І да сённяшняга часу ў яе захаваліся добраахвотныя памочнікі, той жа Ромка Макар, дзяўчаты некаторыя. Я дык увогуле не разумеў гэтых высілкаў і неяк запытаўся ў Юрася: