— Вось глядзі. Я, ты, Уладзя — мы разам. А Віялета, Алег, Юзік, іншыя. мы ўсе — розныя. Цяпер вось змушаныя мець нейкія агульныя рысы, бо школа ж, клас, а мы — вучні. Не разумею.
— Што не разумееш?
— Не разумею, навошта прыкідвацца, гуляць у нейкае сяброўства, «актыўна і весела бавіць вольны час». Навошта? Мы праз два гады —разляцеліся. Ты ж бачыў летась, хто на сустрэчу выпускнікоў прыходзіць? Алкашня адна, каму такая сустрэча — нагода і прычына выпіць, некаму і на халяву. Ну, вучыліся разам, дык што? Ды я з паловай класа развітаюся і не захачу ніколі бачыцца.
— Правілы соцыуму, — Юрась як ведаў, пра што я спытаю, гэтак шматзначна і важна выдаў адказ, пабачыў, як я скрывіўся, і нехаця дадаў: — Ну, так мне маці казала. Усё жыццё — гульня, усё жыццё — нейкія правілы.
— З'ехаць бы куды-небудзь. Дзе ніякіх правіл, — шчыра ўздыхнуў я.
— На выспу, аднаму, — упарта заспрачаўся Юрась. — Бо нават калі ты з некім будзеш, усё адно будуць правілы.
— З каханым чалавекам правілы непатрэбныя, — сказаў і я нешта разумнае і дарослае.
— Ты фільмаў нагледзеўся, — рагатнуў паблажліва Юрась. — Яшчэ як патрэбныя. Вунь, нават шлюбныя дамовы складаюць, пратаколы паводзін!
— Да д'ябла такое каханне, — замяўся я: — Хутчэй бы зваліць.
Мінуў месяц заняткаў, і наша класуха, як і чакалася, вырашыла распачаць сваю культурную праграму з закідам на наша будучае адзінства: паездка аднадзённая, экскурсія ў Нясвіжскі замак. Па шчырасці, ніхто асабліва супраць не быў, бо аўтобус — праз нашу вучаніцу Галіну Ягнешык: у яе бацькі фірма турыстычная, ён — у складзе мецэнатаў школы, то нам амаль бясплатная паездка, бензін адно аплачваем. Квіткі ў музей — таксама бясплатна, там акурат у той дзень, які запланавала Зінаіда Мартынаўна, акцыя праходзіць. Ну, і апошняе — гід зноў жа праз знаёмых знаёмых — і задарма. Што ні кажы, умее класуха. У паездку сабраўся амаль увесь клас, адно не было Віялеты і Віктара ды яшчэ пару чалавек з плебса. Ну, Віялета з Віктарам, зразумела, чаму: яны даўно ў гэтых месцах пабывалі, не той кантынгент, якога ўразіш экскурсіямі па Беларусі.
Разам з намі на экскурсію ехаў і фізік Антось Сямёнавіч. Я ўжо казаў пра яго — прынцыповы. Дарэчы, той наш падкол яго з бібліятэкаркай, Вольгай Арцёмаўнай, не атрымаўся наогул. Выявілася, яна — стрыечная сястра фізіка, а не ўпадабаная ім жанчына. Мы ведалі, што на такі вэрхал, як наш клас, патрэбныя мінімум двое дарослых суправаджэння, таму не здзівіліся, хоць і пакрывіліся: з фізікам не пасваволіш ўдосталь.
Выехалі рана, дарога амаль чатыры гадзіны толькі ў адзін бок. Мы з Уладзем сядзелі ў першым радзе — наша месца ў паездках, ніхто не аспрэчвае. Бо Уладзя — Вікіпедыя хадзячая — павінен бачыць дарогу лепш за ўсіх, і што сустрэнецца цікавае — усім апавядаць. Але гэтай дарогаю мы ехалі ўжо двойчы, таму Уладзя маўчаў. Юрась з Ясяй сядзелі за намі. Краем вуха я чуў, як Юрась даводзіць ёй, што будучыня — цалкам спрагназаванае сучаснасцю, і матэматычным метадам можна прадказаць значныя падзеі наперадзе. Улюбёная яго тэма. Калі канчаткова ўсе супакоіліся і пачалі сумаваць, класуха ўстала з месца, павярнулася да салона і прапанавала:
— Зараз будзем гуляць у новую гульню! Увага! Хто самы знаходлівы? Правілы вельмі простыя. Вядучы, няхай ён будзе следчы, выходзіць сюды, сядае да мяне, спінай да салона. У гэты час нехта прыўстае, назавём яго шпіёнам, і садзіцца на сваё месца. Вядучы паварочваецца і цяпер — увага: ён павінен даведацца, хто ўздымаўся. Для гэтага яму дазваляецца задаваць пытанні, кшталту: сядзіць ля акна, сядзіць у левым або правым радзе, юнак ці дзяўчынка і гэтак далей. Любыя пытанні, але адказ можа быць адзіны — так ці не. Зразумела? Перамагае той, хто вылічыць патрэбнага чалавека за самы мінімум пытанняў. Потым следчым становіцца колішні шпіён. Прыз пераможцы — вось! — і Зінаіда Мартынаўна ўзняла руку з заціснутым вялікім «Снікерсам».
— Нецікава, — голасна, з уздыхам працягнуў нехта ззаду.
— Чаму? — засмуцілася класуха. — Гэта ты, Стасік?
— Каб на піва, Зінаіда Мартынаўна, дык я — першы! — у тон ёй адказаў Стась Фядзьковіч.
У салоне рагатнулі. Стась — наш рэпер, патлаты насуперак усялякім модам пацан, неблагія рэчы выдае, выкладае свае запісы на Ютубе. Сам і вершы, і музыку піша. Ну, якія там вершы. Але паслухаць цікава, чытае Стась эмацыйна, голас напружвае неяк да звону. І музыка неблагая, дарэчы, у тэму. Працуе на пару з Рытай Шкуцько. У Рыты — прафесійная фотакамера. Для нас усіх яна — Марго, цыбатая дзяўчына з такім тварам, бы нехта яго проста высек сякерай з вялікай дубовай калоды: раз — лоб плоскі, два — нос прамы і раўнюткі, тры — вусны бы пасмачкі вакол рота, тонкія. Кажу з дубовай, бо скура ў Марго цёмная, яшчэ і таму прыляпілася да яе мянушка на такі ўсходні манер. Грудзей у Марго амаль не відаць, носіць яна нейкі мужчынскі пінжак, але дзяўчына канкрэтная, той яшчэ характар — можа і на тры літары лёгка паслаць, калі яе дастаць. Прынамсі, нешта прывабнае, загадкавае ў Марго ёсць. Бацька яе трымае свой невялікі фотасалон,вось і падсадзіў дачку на фатаграфаванне. Здымае Марго класна — тут брахаць не будзеш. Апошні іх кліп — Стася і Марго — некалькі тысяч праглядаў сабраў, поспех незвычайны, яны самі хваліліся два дні таму.