Выбрать главу

Класуха ніколькі не разгубілася:

— Стасік, пакуль табе піва ўжываць нельга, ідзі паспрабуй выйграць шакаладку! Тут шмат арэхаў, з'еш — напішаш песню яшчэ круцейшую за «Вечны дождж над маім горадам», і шэрыя тва­ры пачнуць усміхацца!

Вой, гэтым яна купіла Стася і ўсіх нас — аўтобус ажно загуў ад захаплення: бач ты, аказваецца, заходзіла класуха на Стасеў канал на Ютубе, слухала песню і нават памятае, пра што там! Мне так­сама адзін радок адтуль запаў: «І толькі ў лужынах нашы твары дробныя хвалі робяць жывымі».

Стась паслухаўся, выйшаў, павярнуўся спінай, пачакаў, пакуль з месца не ўсхапіўся Ромка Ма­кар. Ён — школьны актывіст, бээрэсэмавец, яму «мяркую» паводле статусу трэба падтрымліваць педагогаў. Стась пачаў задаваць пытанні:

— Яна?

— Не! — адказалі яму рознагалоса.

— Ён?

— Ну і следчы. А кім яшчэ можа быць той, хто ўздымаўся, калі не яна?

Гэта ззаду нас хмыкнуў Юрась. Хутчэй за ўсё, ён зараз складаў у галаве алгарытм пошуку. Стоадсоткава, пасля Макара падхопіцца, каб паказаць усім, якія пытанні і ў якой паслядоўнасці зада­ваць. Так і адбылося. Зіначка запісвала ў свой нататнік, хто за якую колькасць пытанняў вылічыў «шпіёна». Было даволі цікава. Паспрабавалі ўжо быць шпіёнамі-следчымі чалавек сем, Юрась, вядома, быў у іх ліку, але не сказаць, каб бліскуча, — шэсць пытанняў.

Аўтобус мінуў невялікую вёску, калі наш фізік, які сядзеў праз праход з павернутай да нас галавой, але глядзеў некуды скрозь нас, раптам падскочыў з месца і кінуўся да вадзіцеля:

— Стойце! Спыніцеся тут, спыніцеся!

Голас у яго быў такі ўсхваляваны, што не толькі вадзіцель, мы ўсе ажно ўздрыгнулі — што такое здарылася?

Аўтобус рэзка запаволіў хаду, з'ехаў на ўзбочыну.

— Ды што ж яны робяць, што яны робяць такое?! — цяпер ужо амаль роспачна, напаўголаса мармытаў Антось Сямёнавіч, гледзячы ў акно.

— Што здарылася? — спалохана спытала класуха ў фізіка.

— Спыніцеся. я хутка, хутка. Што ж яны нарабілі.

Там былі могілкі. Нейкія голыя. Калі раней мы праязджалі паўз іх, помню, дык і не відаць было, што гэта — могілкі. Недалёка ад вёскі, якую мы нядаўна праехалі, на ўзгорку стаяў невялікі лясок з хвой і бяроз. У мінулым годзе, здаецца, мы праязджалі перад самымі канікуламі, дык гэтая зялёная выспа стаяла сярод жытнёвага поля. Прыгожа было, неяк урачыста нават. А там, аказваецца, мерцвякоў закопвалі.

Цяпер дрэў не было, і ўзгорак, як вычварны вялізны рот фантастычнай пачвары, ашчэрыўся незлічонай колькасцю шэрых помнікаў і самых розных крыжоў, прамых і нягегла нахіленых. Відовішча сапраўды — бы з фільма жахаў, каб яшчэ ноч, святло поўні і туман. Зараз быў дзень, між магіл корпаліся людзі — выцягвалі на ўскрай паваленыя раней і парэзаныя на кавалкі дрэвы. У асноўным гэта былі жанкі.

Дзверы аўтобуса нарэшце мякка паехалі ўбок, адчыніліся, наш фізік, як апантаны, выскачыў і пайшоў хуткай хадою да могілак. Зразумела, мы пайшлі следам, хоць і не ўсе. Цікава ж. Класуха паспрабавала нас запыніць, але слаба, і яе не паслухаліся. Неяк так атрымалася, я нават здзівіўся, што першым за фізікам ішоў Алег. Мяне дагнала і кранулася рукі Ядвіся. Нечакана быццам статычны зарад электрычнасці казытнуў маю далонь, такі самы, як і тады, у кавярні, ды куды мацнейшы. Я крадком зірнуў на Ядвісю — а ну, раптам насамрэч быў удар токам? Але яна маўчала, глядзела наперад, і я міжволі напяўся — яе вусны былі падцятыя, нават прыкусаныя. Чаго яна так занервавалася разам з фізікам?

Да могілак праз лужок было метраў сто. Пакуль мы дайшлі, нас ужо чакалі — пэўна, усім гэтым вяскоўцам было цікава: во, ехаў аўтобус, спыніўся раптам, бягуць з яго людзі. Мо дапамагаць?

Антось Сямёнавіч пазнаў адну з жанчын, што моўчкі сустракалі нас зацікаўленымі позіркамі, звярнуўся да яе: