Выбрать главу

Усе сцішыліся. Наталля Іванаўна выцягнула крэсла ў праход, прысела і неяк стомлена ўздыхнула.

Я ўзняў на яе вочы. Яна па чарзе абводзіла нас позіркам — не сур'ёзным, не, а такім вось. клапатлівым ці што. Сумнаватым. Са светлымі агеньчыкамі, можа, — ад успамінаў?

— Дык вы пра гэта і спрачаецеся? — усміхнулася яна мякка і лагодна.

А ў душы нешта спявала і грала: я адчыніў скарбонку, а там — музыка і святло!

— Пра гэта, — уздыхнуў Ромка.

— Калі пра гэта. і так спрачаецеся, значыць, буду казаць вам праўду, — завяла гутарку з усмешкай у вачах Наталля Іванаўна. — Як педагогу, як завучу школы, мне б лепш было расказаць вам пра значнасць таго, што трэба добра здаць экзамены, пра далейшае абранне шляху, пошукі свайго месца ў жыцці, вы­бар прафесіі, ўрэшце. Але скажу, раз просіце, як жанчына і маці. Я правільна зразумела?

— Правільна.

— Так.

— Тады вось. Бывае цяжка, калі памылішся з выбарам прафесіі, працоўным месцам. Але гэта можна выправіць, і не бывае надта балюча. І ў кожны час мажліва зрабіць. А вось калі памылішся. калі абярэш не таго, з кім па жыцці ісці, — тады бывае надта балюча і вельмі цяжка. Яшчэ тое важна, што не адно табе баліць, а праз цябе — іншаму чалавеку, ды каб аднаму, бывае, у кругаверць уцягваецца шмат людзей, бывае — пакутуюць і дзеці. Вось так, сябры мае.

— Ага, а я вам казала! — выгукнула Ядвіся і зусім па-дзіцячы паказала нам язык. — Дзякуй вам, На­талля Іванаўна!

— Няма за што, — завуч устала, пайшла да дзвярэй, нямоцна стукаючы абцасамі туфелькаў. Азірнулася: — Калі падказала — буду ўсцешаная і разлічваю на першы прагляд. Дамовіліся, Макар?

— Няма праблем, Наталля Іванаўна! — згадзіўся на ўмову Ромка. — Атрымаецца — запросім на пер­шы сумесны!

Завуч выйшла. Нейкі час мы маўчалі.

— Значыцца, хлопец шукае дзяўчыну і знаходзіць сваю... — пачаў Ромка.

— Беларусачку, — падхапіў я.

— Ён яе сустракае недзе ў натоўпе, выпадкова, запамінае твар. — стаў развіваць думку Уладзя.

— На поле жыта жне?

— Банальна! Хай ужо бялізну мые ля ракі.

— У супермаркеце выбірае каўбасу.

— У бібліятэцы!

— Зноў банальна.

— Чытае ў аўтобусе!!! А што — чытанне кнігі сёння — дзівосы!

— А як зняць?

— Пасля. Прыдумаем, намалюем. Добра, сустракае, губляе. шукае як?

— Ходзіць па горадзе. у твары зазірае.

— Ага, мо лепш па лесе?

— Па горадзе! Вось! Усю субкультуру вываліць! Ну, ідзе — тут скіны, там антыфа, тут гопнікі, там мажоры.

— Тут панкі, там — лесбіянкі.

Мы захапіліся, мы стваралі сваю гісторыю. Не ведаю, як так атрымалася, але напрыканцы, калі цал­кам склаўся сюжэт, Ядвіся з захапленнем паглядзела на мяне і сказала:

— Кір! Ды ў цябе фантазія, бы ў пісьменніка! Усё так прыдумаў!

— Ды разам жа мы прыдумалі, — стаў аднеквацца я, але чаго хітрыць перад сабой — мне было прыемна, што Ядвіся заўважыла: вузлавыя моманты сюжэта прапанаваў насамрэч я.

— Эротыкі каб трошкі. — уставіў Уладзя.

Мы ўсе разам пераглянуліся.

— Ну, чаго вы вылупіліся? Ці я першакласнік і не павінен разумець, што пэўная эратычнасць вабіць? Вунь дзяўчынкі ў кароткіх спаднічках на сцэне. ці ў доўгіх, а як крутнецца, — спадніца ўздымаецца, ногі там. Гэта не эратычны момант хіба?

— А справу кажаш, — нечакана падтрымаў Ромка. — Эратычнасць можна ў той момант, дзе ён шукае, уставіць. Скажам, нейкая парачка цалуецца.

— Не, галоўная гераіня будзе мець такую рызіначку. Маленькую, пяшчотную і цнатлівую. Наш герой сустракае групу дзяўчат. на беразе ракі. Яны — у купальніках! — агучыў я сваю ідэю.

— Чакай, мы ж дамовіліся, што сустракаюцца ў аўтобусе, яна кнігу чытае, такі момант знакавы нельга пляжыць! — заўпарціўся Ромка.

— Норм будзе, мы гэты момант — яна чытае кнігу — адносім у канец! Фінал: дзяўчына ў вышыванцы чытае кнігу ў аўтобусе, і яе знаходзіць герой.

— Супер! — выгукнуў Ромка. — Заўтра Марго зробіць фотасесію і скажа, хто падыходзіць на якую ролю, ролю галоўнай гераіні. Але. Ядвіся, будзь ты, га? — нечакана папрасіў ён.

— Ромка, цябе Віялета запіша ў ворагі пад нумарам адзін, — сур'ёзна папярэдзіў я.

— Да д'ябла! — нечакана зазлаваў Ромка. — У яе твар бы ў лялькі, усмешка — штучная, захапленне — напускное, не твар. маска! Мне леташняга роліка да гэтай пары сорамна. Ядвіся!!!

— А Марго мяне забракуе, — усміхнулася дзяўчына.

— Не веру! Ты на відэа яшчэ прыгажэйшая будзеш, упэўнены.

— А каго мне ў героі? Хто мяне шукаць будзе?

Цяпер у словах Ядвісі прабілася дзявочая гуллівасць і сарамлівасць. Мне нават было прыемна заўважыць іх. Што ні кажы, а падабаецца дзяўчатам, калі іх называюць прыгожымі.