Выбрать главу

— Не-не, не падкідвайце нікога! Яшчэ забудзеце злавіць. Макар, калі ласка, перадасі фільм старшыні аргкамітэта, прыём работ са снежня, і каб, барані Божа, ніякіх копій у сеціве да афіцыйнага падвядзення вынікаў. Я вам зычу перамогі!

На другі дзень да нас з Ядвісяй падышоў Ромка, нахіліўся над сталом:

— Слухайце. Ядзя, у цябе ніякіх траблаў не здарылася? Ну, у сэнсе, кшталту як са мной пасля лецішча?

— Ды не, усё ціха, — паціснула плячыма Ядвіся. — Сама трошкі дзіўлюся, бо чакала нечага падобнага.

— Мо адумаліся, — задумліва сказаў Ромка і працягнуў: — Учора Віялета напісала мне ў «УКантакце» просьбу аб дапамозе. Напрыканцы месяца — гарадскі восеньскі баль для школьнікаў, ну, штогадовы, конкурс прыгажосці «Міс Восень». Віялета будзе удзельнічаць ад нашай школы. Наколькі я ведаю, яна фаварытка, так усе шэпчуцца, бо галоўны спонсар свята — фірма яе бацькі. Патрабуецца невялікі вы­ступ, каб паказаць там талент, бліснуць і ўразіць. Карацей, скрэатывіць па поўнай. Вось і просіць прыдумаць ёй нумар. Дарэчы, абяцала заплаціць.

—Дык зарабляй грошы,—хмыкнуў я.—Раней нас прасіў нешта прыдумаць, бач, сам напрактыкаваўся.

— Ага, адаб'еш хоць колькі, — падтрымала Ядвіся. — Не трымай зла, пагатоў, дакладна ж невядома, хто тых гопнікаў на цябе нацкаваў.

— Ды я вось таксама схільны да таго, — згадзіўся Ромка. — Прыдумаю нешта. Яно і праўда, гэтулькі ідэй пасля ў галаву прыходзіла, як здымалі, зараз думкі скіраваныя, куды трэба...

Ён і прыдумаў: ажно тры невялікія сцэнкі, сапраўды, крэатыўныя. Мы пачыталі — цікава, галоўнае — не зашоранае і не сцягнутае з Камедзі-клаб.

Незразумелая трывога з'явілася назаўтра. Ромка, як заўсёды, у сваім чорным гарнітуры, светлай кашулі пад гальштукам зайшоў у клас, і яго першай голасна прывітала Віялета:

— Ромачка, дарагі, вітаю! Я так чакаю! Ты прынёс мне, пра што мы дамаўляліся?

— Так, мілэдзі, уключы блютуз, я скіну файл, — Ромка падышоў да яе і пачаў корпацца ў сваім тэлефоне.

— О, які ты прыгажунчык! — здаецца, шчыра зарадавалася Віялета і дастала свой тэлефон. — Тры­май, як дамаўляліся, — і яна пасунула па стале канверт.

Ромка пачырванеў.

— Я перадумаў, — буркнуў ён, хацеў адысці ад стала, не кранаючыся канверта, але Віялета настойліва паўтарыла:

— Трымай, а то ты мяне пакрыўдзіш! Я ведаю кошт часу, я прывучаная за ўсё плаціць, тут няма нічога крыўднага, калі ласка, вазьмі! За мяне перажываюць мае бацькі, ты ж ведаеш.

І Ромка ўзяў грошы, а што яшчэ магло быць там?

Навошта Віялета так дэманстратыўна разлічылася з Ромкам за паслугу? Пытанне не давала мне спакою ўвесь дзень. І вось, далібог, злавесна прагучалі яе, здавалася б, зусім бяскрыўдныя словы: «Я пры­вучаная за ўсё плаціць». Падзяліўся трывожным пачуццём з Ядвісяй. Яна паціснула плячыма: хто ведае, што ў галаве гэтай дзеўкі.

— Яся. Хачу паразмаўляць, — няўклюдна прызнаўся я пра жаданне сустрэцца.

— У чым праблемы? Запрашай на каву з малаком! Можна і без цукерак, — пажартавала яна ў адказ.

— Маці дома.

— Не разумею, ты ж, здаецца, навучыўся сустракаць дзяўчат, вызначыўся з месцам і сервіраваннем, нават як і кухня занятая, — працягвала яна блазнаваць.

— Тут трошкі іншае. Разумееш, пра маці і хачу спытаць. А як буду пра яе пытаць, калі яна — у кватэ­ры. Неяк. непрыгожа, — прызнаўся я.

— У цябе з маці пытанні? — пасур'ёзнела Ядвіся. — Хадзем пасля школы па вялікім крузе, праз ста­рыя прысады. Добра?

— Добра.

Я зманіў. Не так ужо і хвалявала пытанне пра маці, хоць, чаго хаваць, мучыла яно маленькім чарвячком, не адпускала. Ніяк не выходзілі з галавы колішнія словы пра яе адналюбства. А цяпер. Яна штовечар звязвалася са сваім мужчынам у Вайберы — я чуў, як яны размаўлялі па відэа (таксама ёй паказаў, бо па тэлефоне не надта паразмаўляеш — ён, мужчына, быў у Расіі), чуў, як іншым разам на кухонным стале ціха пазвоньвае яе тэлефон, паведамляючы пра новае паведамленне ў Вайберы. І аднойчы маці мне дала зразумець: яна рэальна можа выйсці замуж, калі сказала: у мяне можа з'явіцца магчымасць жыць цалкам самастойным жыццём, а яна пойдзе да свайго мужчыны. Апошняе дык і напалохала. Зрэшты, было б страшней, каб яна папярэдзіла пра магчымы прыход чужога ў нашу кватэру. Хай тры пакоі, і мая асабістая прастора наўрад ці будзе парушана, але ж. Як жыць з чужым чалавекам? Ды яшчэ ведаць, што ён спіць з тваёй маці у суседнім пакоі за тонкай сценкай?