Пра ўсё гэта я і расказваў Ядвісе, калі мы выйшлі са школы, выбачыліся перад Юрасём і Уладзем і скіраваліся ў іншы бок. Уладзя ўсміхнуўся на развітанне, падбадзёрыў, а вось Юрась. Не, мы з ім, папраўдзе, усё больш аддаляліся. Я ўжо не пытаў яго пра розныя траблы ў жыцці — мы з Ядвісяй пра многае паспявалі перамовіцца на ўроках і перапынках. Юрась не дзяліўся з намі сваімі новымі матэматычнымі гіпотэзамі, нібыта страціў цікавасць да сваёй улюбёнай матэматыкі. Ідучы ў школу, мы зазвычай маўчалі ці казалі розную лухту, пакуль не падыходзіла Ядвіся, — мы змянілі маршрут і цяпер штораніцы спачатку ішлі да яе дома, а адтуль ўжо ў школу. Не, Юрась не стаў іншым, хутчэй я перастаў бачыць у ім свайго аўтарытэтнага таварыша, якому раней зазіраў у рот пры кожнай нагодзе. Мне было прыкра. Але я ведаў, як спатрэбіцца, то давяду сваё сяброўства. Мабыць, мы трошкі падраслі, і цяпер нам зусім неабавязкова, як дзяўчынкам, трымацца ўвесь час побач, каб ведаць, што мы — сябры? Вунь жа і Уладзя на перапынках, па вечарах больш тусуецца не з намі, а з Настачкай. Ён такі цікавы цяпер. Бы знайшоў нешта такое ж крохкае і дарагое, як Шліман тую вазу траянскую, трымае яе ў руках, нясе асцярожна-асцярожна, каб не выпусціць з рук, але каб і не сціскаць моцна. Мы не пацвельваем з яго, як раней, калі ён быў закаханы ў Віялету. Юрась неяк сказаў, што Уладзя належыць да таго кшталту людзей, якім так важна быць патрэбным некаму тут і цяпер, мець свой аб'ект абажання і клопату. Не люблю я гэтых розных тлумачэнняў, няўжо нельга прыняць пачуцці чалавека як ёсць, без падзелу іх на складнікі, без выяўлення прычын?
Але спачатку я апавёў пра маці. Ядвіся маўчала колькі крокаў. Мы акурат ішлі старымі прысадамі, ёсць у нас у горадзе адны такія — цудоўна там, асабліва восенню. Ну, мне цудоўна, Ядвісю дык, бачна, прысады не надта ўражвалі. Але ж яна — лелька, матылёк вясновы.Тут бярозы з аднаго боку, клёны — з другога. То лісця гэтак насыпае! Як няма дажджу, яно шоргае пад нагамі, узлятае, вось як цяпер. Тратуар тут нечакана шырокі, увесь жоўта-чырвоны.
— Вы, хлопцы, думаеце. думкі ў вас, бы гэтыя прысады, — прамыя і роўныя. Вам каб усё было проста і па пальчыках пералічыць, — нечакана з засмучэннем сказала Ядвіся.
— А як думаць? — шчыра здзівіўся я.
— Як? — дзяўчына пакруціла галавой па баках, здаецца, нешта знайшла для сябе, бо ўсміхнулася, спынілася ля бярозы. — Бачыш бярозу?
— Ну, не сляпы.
— Дык глядзі, колькі сучча тоўстага, колькі галін — і ўсе з аднаго камля! Разумееш, я да чаго? Ад аднаго камля да любой галінкі патрапіць можна, а з кожнай галінкі — да аднаго камля!
— І што? — не разумеў я.
— А тое! У нечым адным можа быць сотня прычын!
— Я і без цябе ведаю, — захацелася пакрыўдзіцца мне: я не дурань, каб такіх простых рэчаў не ведаць.
— А калі так, то скажы: як твая маці казала, што адналюбка, каго мела на ўвазе?
— Дык жа. замужам яна была.
— А ты не думаў пра тое, што цяперашні яе мужчына і ёсць той, каго твая маці кахала ўсё жыццё? А замуж не пайшла за яго — дык сотні прычын бываюць! Ну? Уключы фантазію!
Я разгубіўся, ашаломлена паглядзеў на Ядвісю. І насамрэч маці ж не казала, што яна адналюбка ў дачыненні да бацькі! А чаму тады раней яна не магла быць з гэтым мужчынам? Вунь жа колькі часу прамінула, як бацька прызнаны невядома дзе адсутным?
— Чаму, чаму. А як у яго — сям'я, тваёй маці лезці ды разбіваць яе?
— А цяпер?
— А цяпер ідзі да д'ябла, Кір. Адкуль я ведаю, як насамрэч? Хочаш, дык пытайся, але — яно табе трэба?
— Мабыць, не, — згадзіўся я ў задуменні. — Вось жа, дарослыя людзі, а не могуць уладкаваць свае справы.
— Ну-ну, уладкавальнік, паглядзім, як ты сваім дасі рады, — нязлосна пакпіла Ядвіся.
— Слухай. Помніш, ты казала, даўно, што мяне мой бацька любіць.
— Казала і паўтару! Тое на тваёй руцэ. Што, бацька твой недзе знік? Ты прабач, а калі ён, той, што знік, не твой бацька? А калі той мужчына, які вось стане мужам тваёй маці і, значыць, тваім бацькам, будзе цябе любіць?
Ядвіся літаральна адправіла мяне ў накаўт. І я пераключыўся на іншае, бо ў галаве аж гудзела ад неспадзяваных думак. Потым, пасля.
— Слухай, а вось наш гісторык на цябе зуб не вострыць, не разумею. Іншых бы ён з'еў ужо, а ў цябе — няблага. Нашаптала на яго? — пераскочыў я на іншую тэму.
— Не магу я шаптаць, калі мне тое трэба, а толькі калі іншым, ды пільна, ды неадкладна, — з уздыхам адказала Ядвіся. — А да Швондзера я назаўтра падышла і павінілася.
— Ты павінілася? Прасіла прабачэння? — не паверыў я.