— Прасіла. Бо вінаватая. Сарвалася. Нельга дзецьмі папікаць бацькоў. Ці дзяцей бацькамі. Ведаеш. А ён дзядзька разумны і. верыць ён у тое, што кажа. Вось заўважыла: дарослыя жадаюць аднаго, апавядаюць пра другое, а робяць трэцяе. Ты паназірай — сам пабачыш. Мне мама даўно пра тое казала. Але ж хоць і ведаеш, сарвешся. жыццё такое, Кір.
Прысады былі доўгія, мы апынуліся якраз пасярэдзіне. Лісце з дрэў ужо амаль усё абляцела, але ўсё адно выдавала на тое, як быццам мы стаім усярэдзіне тунэля: голыя галіны бяроз і клёнаў спляталіся над намі ў небе, было бязлюдна і ціха, адно зрэдку па шашы, адгароджанай ад нас слупамі клёнаў, праносіліся машыны. Мы ішлі, зноў, як некалі, ўзяўшыся за рукі, Ядвіся пацепвала плячыма — ёй было няўтульна, але яна трывала, не прыспешвала, я разумеў — дзеля мяне, і перахопліваў пальцы яе рукі, каб уся яе далонька была ў маёй, каб было цёпла яе руцэ.
— А наконт Уладзі, ведаеш, вось як скажу: вы, хлопцы, бездапаможныя слепакі, — казала мне з асуджэннем Ядвіся. — Уладзя, Уладзя. Знайшоў сабе быў аб'ект для кахання, закахаўся, і ўсё — я такі, шкадуйце мяне, я бедны закаханы! Ага! Не закаханы, а самазакаханы. У яго Настачка Базан з першага класа закаханая — ён і не бачыць! Яна яму штогод на дзень народзінаў — паштоўку, на дзень закаханых — паштоўку, пры любой нагодзе, калі можна, — паштоўку, а ён іх проста выкідваў! Хоць бы раз задумаўся, зацікавіўся: хто ж гэтулькі гадоў піша такія цёплыя пажаданні, зычыць шчасця табе, табе, які безнадзейна закаханы ў іншую і свету праз яе не бачыць? Так, я ведаю, мне расказала Настачка. І як пад бальніцай, тады здарылася бяда з Уладзем, прастойвала, як перадавала яму цукеркі. Дык я ёй не проста параіла, а літаральна вымусіла: досыць саромецца! Вазьмі і пакажы яму, што ён табе неабыякавы! І не ў «Кантакціку» напішы, а справай! Проста пабудзь побач! Не дурань жа ён зусім, вочы ж у яго расплюшчыліся, павінен пабачыць. Пабачыў. Дык то Уладзя, ён — разумнічак, ён усё заўважае. А іншыя.
— І я — сляпы? — невядома чаго расхваляваўся я.
— І ты. — сумна кіўнула Ядвіся. — Прабач. Мне вельмі няўтульна. Дом мой вунь. Не праводзь далей, бяжы, табе так бліжэй. Даруй за сёння.
Яна вызваліла сваю далонь і нечакана кранулася пальцамі маёй шчакі.
— Вочы ва ўсіх расплюшчваюцца, не перажывай.
Маці не было дома, яна пакінула цыдулку на лядоўні — затрымаецца. І гэта было добра. А то б мы пасварыліся, ці я б нахаміў без дай прычыны. Унутры мяне віравала незразумелая злосць, мяне раздражняла ўсё вакол сябе і я сам. Упершыню глядзеў свой серыял і раптам як ніколі востра адчуў: на экране не сапраўдныя людзі, то — артысты! Нічога сапраўднага там няма! Нідзе нічога сапраўднага! Жадаем — адно, кажам — другое, робім — трэцяе!
.Праз тыдзень мы зразумелі, чаму Віялета так дэманстрацыйна аплаціла Ромку Макару зробленую на яе замову работу. На вялікім перапынку мы хутка справіліся ў сталоўцы (есці прасяную кашу з рыбнымі катлетамі ні ў каго жадання не ўзнікла, таму абышліся кампотам з булачкай) і стаялі ля акна: Ядвіся, я, Юрась і Ромка. Уладзя падляцеў з такім тварам, ажно Ядвіся спалохалася.
— Тая сцерва хоча скрасці! — усяго і змог выгукнуць ён.
— Уладзя, як на цябе непадобна! — упікнула яго Ядвіся. — Ты самы выхаваны хлопчык з гэтага асяродка аболтусаў! Як можна?
— Якая сцерва? Што скрасці? — перапытаў я хутка, устрывожаны, бо ніяк з галавы не ішлі словы Віялеты пра абавязковы разлік з усімі.
І Уладзя стаў расказваць тое, пра што яму апавяла колькі хвілін таму Настачка. Так супала, яе маці сябруе з жанчынай, а тая працуе прыбіральшчыцай у доме культуры, дзе зараз праводзяць рэпетыцыі будучыя канкурсанткі «Міс Восень». Дык вось, зазірнула яна пазаўчора ўвечары да суседкі і пачала расказваць: а ў доме культуры будуць ставіць тое кіно, якое мы з табой глядзелі, дзе твая дачка гэтак бессаромна абдымаецца з другой дзяўчынай (Ромка даў нам скапіраваць фільм пад самае чэснае слова не выкладаць яго ў сацсеткі). Гамонку пачула Настачка і стала выпытваць падрабязнасці. А цётка як цётка, хіба яна можа толкам патлумачыць? Тады назаўтра Настачка пайшла дапамагаць цётцы прыбірацца ў доме культуры, хадзіла там з анучай і насамрэч пабачыла: там сапраўды ставяць наш фільм! Ну, хай сабе трохі па-іншаму, але ідэя — наша! У галоўнай ролі — Віялета, як жа іначай! Яна сустракае хлопца (Віктара Марыноўскага!), далей — расстанне, усё, як у нас: пошукі, субкультуры, вуліцы. І галоўнае, галоўнае: гучыць рэп Стася! У іх ёсць арыгінальны запіс, яны пракручвалі яго некалькі разоў. Зараз яны падганяюць сцэнкі пад словы песні, а далей запланавана, як зразумела Наста, палову слоў будзе спяваць Віялета, палову — Віктар.