Была серада, на пятніцу, мы ўжо ведалі, Віялета і Віктар адпрасіліся з заняткаў — у іх генеральная рэпетыцыя, бо ў суботу — восеньскі баль. І я не стрываў:
— Ядвіся. калі ў цябе нічога не прыдумваецца, дык кажы зараз. Бо будзе позна!
Яна зірнула здзіўлена, уздыхнула:
— Кір. Я ніколі не забываю сваіх абяцанняў. Я думала, ты мне верыш...
— Ды веру я табе! Проста ты маўчыш, маўчыш, нічога не робіш. А праз два дні — фініта ля камедыя! Я шукаў цябе, ты шукала мяне, для нас пісаў Стась! Як падумаю: Віялета будзе там. А Віктар будзе прамаўляць тыя словы, дык.
— Супакойся, халерык! Вось жа не думала, што ты такі гарачы, — Ядвіся са шчырым здзіўленнем узняла бровы. — Мяне таксама сітуацыя ў шал уводзіць. А каб ты не шалеў, ведай: усё ўжо прадумана, заўтра будзь разумнічкам, ты мне спатрэбішся.
— Раскажы!
— Маўчы і будзь хітрым, — спыніла мяне Ядвіся. — Усё будзе добра.
Другім урокам у чацвер была фізкультура. Фізрук (мужчына гадоў за сорак, некалі вядомы ў горадзе валейбаліст) у нас да нельга прынцыповы. Нават ёсць у цябе вызваленне ад заняткаў — прыйдзі ў форме і сядзі сабе на лаўцы. Не прыйшоў — пропуск, а ў канцы чвэрці паспрабуй, атрымай тады адзнаку. Ваяваць з ім было дарэмна, спрабавалі дзяўчаты. «Ваша даведка дае вам вызваленне ад фізічных заняткаў, але не ад урокаў», — катэгарычна абвясціў ён, і дырэктарка, да якой хадзілі дзяўчаты, толькі рукамі развяла: «Анатоль Паўлавіч мае рацыю».
Урок пачаўся, як звычайна: размінка, за ёй — здача нарматыву, скачок праз каня. Хлопцы — асобна, дзяўчаты — асобна. Скокнула Ядвіся. Здаецца, фізрук яе ідэальна падстрахаваў, прытрымаў, але тым не меней яна раптам асунулася на маты, завойкала, схапілася за ступню.
Той перапалохаўся, стаў пытацца: дзе баліць? Мы сабраліся вакол.
— Усё нармальна, нармальна, Анатоль Паўлавіч, — супакойвала Ядвіся фізрука, пагойдваючыся, абхапіўшы левую ступню рукамі. — Часам бывае так, ледзь нязручна станеш — як стрэліць. Каб перабінтаваць туга на які час, неўзабаве пройдзе...
— У медпункт! Зможаш сама ступаць?
— Змагу, зараз. трошкі суцішыцца.
А ў мяне ўнутры ўсё абарвалася. Я адчуў пустэчу паразы — нічога не атрымаецца. Мы прайгралі. І мала таго — на конкурсе прыгажосці будзе група падтрымкі нашага класа, значыць, яны пабачаць нумар Віялеты, яны здагадаюцца, ці сама Віялета падкажа: Ромка Макар прадаў ёй наш фільм, прадаў ідэю, прадаў песню Стася. І Стась прыйдзе ў панядзелак і найперш плюне ці дасць у пысу Ромку.
— Ну, паспрабуйма, — Анатоль Паўлавіч нахіліўся да Ядвісі, каб дапамагчы ёй устаць, а яна раптам спалохана замахала рукамі:
— Не-не, не трэба вам! Я паклічу. Кір!
На нейкі момант я разгубіўся, мне здалося, іншага гукае Ядвіся, а яна ўжо знайшла мяне вачыма, працягнула ў мой бок руку.
Яна ўстала самастойна, абапіраючыся на адну нагу, я падставіў сваё плячо, яна абхапіла мяне рукой, і мы паклыпалі — я ад неспадзявання ледзь перастаўляючы ногі, Ядвіся — скачучы на адной назе. Выйшлі са спартыўнай залы, за намі зачыніліся дзверы, і нечакана я адчуў, як ціск на мяне Ядвісінага цела рэзка зменшыўся. Я няўцямна зірнуў на яе і пабачыў хітрую ўсмешку:
— Ідзі-ідзі, не збочвай нікуды.
Ля жаночай распранальні яна спынілася, азірнулася, зняла руку з майго пляча. Адчыніла дзверы і скамандавала мне: «Цікуй!».
Я стаў у дзвярах, каб бачыць адначасова і Ядвісю, і калідорчык.
Яна хутка выцягнула са свайго заплечніка невялічкі пакецік, здаецца, там і не было нічога, потым упэўнена падышла і зняла з вешалкі сумачку Віялеты, зняла яе, адкрыла і дастала касметычку. Потым з яе — пудраніцу. Адкінула вечка, патрэсла над пудраніцай са свайго пакеціка і хутка ўсё ўладкавала на месца. Мы зноў пайшлі калідорам да медпункта. Там я пачакаў хвілін дзесяць, Ядвіся выйшла з перабінтаванай ступнёй, і мы вярнуліся ў спартыўную залу. Ні пра што не размаўлялі. Фізрук сустрэў нас з заклапочаным тварам, мабыць, ён трохі спалохаўся, траўма на ўроку — рэч не жартоўная.
— Усё добра, усё проста выдатна, Анатоль Паўлавіч, — заспакоіла яго Ядвіся. — Мне ўжо амаль не баліць, ступаць магу, хаджу самастойна. Выбачайце, напужала я вас.
Апошнім урокам была матэматыка. Напачатку мяне выклікала да дошкі Ганна Тодараўна — мусіў рашаць задачу. Пакутаваў доўга, не атрымлівалася, сталі разбіраць рашэнне ўсім класам. Адчуваў, мне свяціцца ля дошкі да сярэдзіны ўрока, засумаваў.