Я сеў на месца, збіты з панталыку.
— А ты збіраўся выціраць ёй слёзкі? — сказала з'едліва Ядвіся і, мабыць, зразумеўшы, які я разгублены і як прыкра мне робіцца, мякка дадала: — Мы глядзім на людзей і міжволі раўняем іх учынкі, іх сумленне са сваім. Табе здаецца, як ты здольны перажываць за чалавека, як табе за нешта баліць, дык і іншы будзе за тое ж перажываць, і яму будзе за тое ж балець. А ў рэале зусім не так.
Яна пяшчотна кранулася маёй рукі, супакойваючы і нібыта просячы прабачэння, — за тое, што не патлумачыла ўсё адразу.
Словы Ядвісі зайгралі ўсімі колерамі, зрабіліся выпуклымі, і не дайшлі, а выцялі па мазгах, бы абухам, адразу пасля заняткаў. Мы апрануліся ў гардэробе, як звычайна, выйшлі, і тут Уладзя захліпнуўся ад непрыемнага здзіўлення. Я бачыў, куды скіраваны ягоны позірк, паглядзеў і застыў. Шэрая куртка Ядвісі на спіне была тонка парэзаная на вузкія паскі, бы пад лінейку. Мы моўчкі назіралі, як яна зняла апранаху, зірнула на яе і крыва ўсміхнулася. А вочы. вочы сталі вільготнымі.
— Сучка. Маўчыце. Не сатрасайце дарэмна паветра.
Яна прыйшла назаўтра ў такой самай куртцы, новай.
— Маці дамовілася з гандляркай, у якой першы раз бралі. Аддамо грошы праз месяц, у нас туга цяпер.
Я чакаў суботу. Маці папярэдзіла: на выхадныя яе не будзе дома. Нічога не тлумачыла, але ж навошта мне былі тыя тлумачэнні? Немаленькі, разумею. Яна ўсё адно дадала, што едуць некуды за горад, там будуць шашлыкі. таму мне нагатуе таксама смачнага. І пакіне грошай. Дзіўная. Мне хацелася ёй прызнацца ў сваім намеры запрасіць Ядвісю ў госці. Але я яшчэ не ведаў, якую прыдумаць нагоду, пра што такое важнае спытаць, каб яна прыйшла, каб не адмовіла. І нічога не знаходзіў. Сам вінаваты: як нешта стрэліць ў галаву, дык адразу і пытаюся, і мы на занятках паспяваем перамовіцца: чаму дзяўчаты разумнейшыя за хлопцаў у класе, чаму шаптух не прызнаюць за лекараў афіцыйна, чаму б Зіначцы не аддаць маці насамрэч у лякарню, і чым заняцца пасля школы, куды пайсці, каб скончыць вучобу і не душыла цябе вечная нястача грошай, якая зараз душыць нашых мацярок.
Юрась прытрымаў мяне за локаць, калі скончыўся апошні ўрок:
— Кір, трэба перацерці адну тэму. Пасядзім на нашым месцы?
Наша месца — маленькая лаўка на дзіцячай пляцоўцы. Колькі гадоў мы збіраліся там утрох, марыліпрыдумлялі! Як субота ды нядзеля — мы заўсёды былі там, чакалі адзін аднаго, каб знайсці цікавы занятак, і дзень свой заканчвалі на той лаўцы, разыходзячыся па сваіх кватэрах, калі пачыналі запальвацца жоўтым святлом вокны шматпавярховікаў. Даўно мы там не сядзелі, і трохі здзівіла прапанова Юрася, але я пагадзіўся без пытанняў. Трэба дык трэба.
Мы правялі да дому Ядвісю, паклыпаў да свайго пад'езда Уладзя, а мы з Юрасём скіравалі ў бок дзіцячай пляцоўкі. Юрась не стаў круціць, сказаў, ледзь мы прыселі:
— Мне падабаецца Ядвіся. Разумееш, падабаецца, як дзяўчына.
— Мне гэтаксама падабаецца, — хрыпата прашамкаў я ў адказ, імгненна ўсхваляваны, адчуўшы невядомую небяспеку ў размове.
— Слухай, мы з ёй двойчы на тыдзень ходзім у кавярню. А ты з ёй сядзіш.
— У кавярню і я яе магу запрасіць.
— Можаш. І вось што ёй тады рабіць, га? Не, ты адзін запросіш — адна справа, а як мы абодва запросім? Нейкая гульня дзіцячая атрымліваецца. Давай вырашаць па-нармальнаму.
— Чаму раптам вырашаць? — разгубіўся я.
— Таму! Ёй мы аднолькава падабаемся. Мне яна сама казала, што не бачыць між намі розніцы, мы для яе — абодва сябры. І так будзе, пакуль мы ля яе двое будзем. Пакуль адзін не сыдзе.
— Ну, і хто той лішні? Ты ўжо вырашыў?
Не зразумеў напачатку, чаму пачала разбіраць злосць. Што я такое пачуў? А словы, важныя, самыя важкія, самі пачалі набрыньваць у памяці тлустымі агіднымі пухірамі: «Не бачыць між намі розніцы». Вось як?
— Я не вырашыў, — без эмоцый адказаў Юрась. — Не ўмею, як ты, імгненна пракручваць сітуацыю.
— Чаму ты рашыў, што я ўмею?
— Ну, як чаму? Ты ў нас — зорка цяпер, самы крэатыўны хлопец, дык вось: думай. Я ж думаць не ўмею, я — матэматык, у мяне не мазгі, а лічыльная машына, так?
Юрась пад'юджваў, я адчуваў. Чаму ён нагаворвае? Хіба я насамрэч лічу сябе зоркай? Хіба я калі пасмяяўся з яго?
— У мяне хапае крэатыву хіба на жэрабя.
— Жэрабя дык жэрабя, — адразу спакойна і нават з нейкай прыхаванай радасцю, быццам чакаў менавіта такіх слоў (зараз усё вырашыцца, знікне нявызначанасць), сказаў Юрась, паляпаў па кішэнях, залез у заплечнік, пашамацеў там і дастаў запалкавы карабок. Вось жа, ніколі не думаў, што ён у яго ёсць. На халеру? А Юрась дастаў дзве запалкі, адламаў у адной галоўку: