Выбрать главу

— І гэта даведзена? — спытаўся нехта з месца.

— Так, давялі. Як каму цікава — пагугліце, пачытайце пра выпадкі, пра якія я казала. Дык вось. мы — сацыяльныя, нас людзьмі робіць соцыум. І значыць, наш характар, нас, як асобу, робяць абставіны. О, так-так, я ведаю пра гены, імі я сама вам галаву затлуміла на сваіх уроках. Безумоўна, спадчыннасць грае велізарную ролю, але менавіта для яе поўнага раскрыцця патрабуюцца пэўныя абставіны. Чалавек можа мець усе неабходныя задаткі музыкі ці спартсмена, ды так і не выявіць іх. Абставіны. Умоўна кажучы, і наша выхаванне ў сям'і, нашу вучобу ў школах і ўніверсітэтах гэтаксама можна назваць абставінамі. Чаму ўсё ж у аднолькавых абставінах, ці амаль аднолькавых, вырастаюць розныя людзі, фарміруюцца розныя характары, выспяваюць пачаткі розных лёсаў? Цяжка сказаць. Мяркую, ёсць нешта яшчэ. Гены адказваюць за нашы фізічныя даныя, за той самы тэмперамент, за пэўныя ўменні. А што адказвае за такія рэчы, як здольнасць бачыць? «Бачыць» у дадзеным выпадку — разумець. Пад «бачыць» будзем мець на ўвазе ўсю сукупнасць магчымасцей атрымання інфармацыі: праз слых, зрок, тактыльнасць. Вось я думаю, менавіта здольнасць бачыць і тлумачыць тое, чаму людзі розныя. Што бачыць? Ды тыя самыя абставіны. Па сутнасці, абставіны ёсць ні што іншае, як інфармацыя.

Класная на хвілінку прыпынілася, і Віктар Марыноўскі падняў руку. Зінаіда Мартынаўна кіўнула яму, дазваляючы, і ён спытаў з месца:

— Прабачце, а вам не здаецца, што чалавек фарміруецца менавіта ў сям'і? Чым мацней уздзеянне сям'і, тым слабей іншыя ўздзеянні. Нас фарміруе прыклад, найбольш блізкі і зразумелы.

— Безумоўна, Віктар, дзякуй, — згадзілася класная. — На жаль, практыка дае вялікую колькасць выпадкаў, калі ў адной і той самай сям'і вырасталі самыя розныя не толькі ў сваіх здольнасцях, але і ў маральным плане людзі. Так што нешта ўсё ж ёсць яшчэ, пакуль невядомае нам. Нехта называе гэта душой. Але пра інфармацыю далей. Мы сёння, кожны з нас, атрымлівае столькі інфармацыі за дзень, колькі чалавек XVIII стагоддзя і за ўсё жыццё б не атрымаў. Вось уявіце: недзе малады граф у сваім фальварку піша ліст да дзяўчыны, апавядае, як яму і тлумна, і сумна, як хоча яе пабачыць і гэтак далей. Аддаў свой ліст. І паехала пошта конікам ад адной паштовай станцыі да другой. Дзённы пераход — ноч паспаць, наступны дзённы, там коней змяніць. Два тыдні мінае — атрымала дзяўчына ліст ад графа. Сядзела цэлых пяць вечароў у сваім пакоі перад адчыненым у цёплую летнюю ноч акном, пісала ліст, змочвала яго сваімі слёзкамі, цалавала, пакідаючы на паперы пах сваёй парфумы. І вось зноў конная пошта — ад станцыі да станцыі. Добра, як жылі нашы героі блізка ля цэнтральных дарог, а як ў глыбінцы хто? Пакуль перададуць. Вось і месяц праходзіць, атрымлівае малады граф той ліст са слядамі дзявочых слёз і пахам парфумы... І ўявіце: тэлефонаў не ведалі. Так ішло атрыманне інфармацыі, з такой хуткасцю.

— Як яны вытрымлівалі? — не стрымаў свайго ўражання нехта з дзяўчат.

— Ды таму вытрымлівалі, што не ведалі іншага, хуткага спосабу, — патлумачыла з усмешкай класная, працягнула: — А сёння — самі ведаеце, як сёння. Цяперашні інфармацыйны шквал мае свае наступствы — мы, я кажу не пра вас адных, пра чалавека ўвогуле, не паспяваем яе аналізаваць. Мы часам робім недаравальнае, тое, што рабіць нельга: мы прымаем інфармацыю адзін раз з адной крыніцы — і кіруемся менавіта ёй далей у сваіх учынках. Як бы суддзя адно заслухаў пакрыўджанага — і судзіў абвінавачанага. Прыняць інфармацыю з адной крыніцы за праўду — значыць, прыняць нейкія пакуль неіснуючыя акалічнасці за сапраўдны факт. Мы не ведаем, як насамрэч нешта было, і прымаем рашэнне, зыходзячы з аднаго інфармацыйнага патоку. Пра тое, як важна атрымліваць інфармацыю з усіх магчымых крыніц, ёсць вельмі даўняя прыпавесць. Знойдзеце яе ў сеціве, мажліва, і «баян», як вы кажаце, ды раскажу. Чацвёра мудрацоў з завязанымі вачыма падвялі да слана, якога яны раней ніколі не бачылі, і папрасілі сказаць: да чаго падобны слон? Адзін крануўся слановага жывата, другі памацаў яго нагу, трэцяму дастаўся ў рукі хобат, а чацвёрты злавіў хвост. Уяўляеце, што намалявала ўяўленне кожнага з мудрацоў? У прыпавесці мог бы быць працяг: мудрацам можна было б з'яднацца, і тады б інфармацыя была куды дакладней, тады слон ні ў якім разе не стаў бы змяёй, якім яго пабачыў, да прыкладу, адзін з іх. Але мы не паспяваем сёння шукаць крыніцы, бо паток — магутны. Не паспелі хоць крышачку прааналізаваць адно, а ўжо прыляцела нешта, здаецца, важнейшае за папярэдняе, і нам некалі, мы спяшаемся. А куды спяшаемся?