У гардэробе чакаў Уладзя.
— Улад, ідзі сам. Зіначка папрасіла ёй паднесці там нешта.
— Дык мо ўдвух? Я таксама магу!
На хвіліну я задумаўся і адмоўна пакруціў галавой.
— То яна б і спытала нас двух, шарыш?
— Ага, мабыць, нешта табе сказаць хоча, — схапіўся Уладзя, і ў яго голасе я адчуў ноткі радасці — нібыта мне ўручаць зараз якую грамату.
Ды ўручыла мне класная, як і казала, дзве торбы — з папкамі, паперамі, брашурамі. Важкія. Мы выйшлі са школы, а мяне, пагатоў пасля слоў Уладзі, пачало разбіраць: чаму я? Хіба мала хто з нашых змог бы дапамагчы? І чаму адзін насамрэч? Ісці з дзвюма занятымі рукамі і заплечнікам неяк і не вельмі звыкла.
— Няцяжка? — турботліва пацікавілася Зінаіда Мартынаўна.
— Ды не, — супакоіў я яе. — Дужкі поліэтыленавыя трымаюць, то хіба ж тут цяжар?
Мы ішлі ад школы да прыпынку аўтобуса. Дрэвы стаялі цалкам голыя, тратуар быў чысцютка падмецены. І ад таго падаваўся нейкім пустым і бясконцым. І яшчэ — халодным. Хоць на самай справе холадна не было — бязветрана, і сонца свяціла, ды, пэўна, не лета.
— Мы некалі ў юнацтве, студэнтамі, любілі такую гульню ці не гульню: пыталіся іншы раз у якой сваёй сяброўкі: «Я цябе папрашу, абяцай, што зробіш», — пачала апавядаць класная, пабачыла маё маўклівае здзіўленне ў позірку, патлумачыла: — Ага, рызыкоўна, затое той, хто абяцаў і рабіў, меў права на такое самае штукарства. Зазвычай прасілі дробязі: збегаць у краму па хлеб, памыць падлогу, заварыць гарбату, прыбраць на стале. Дык вось, пагуляйма з табой у такую гульню, га? Ты мне паабяцаеш зрабіць тое, пра што я цябе папрашу?
— Я? — ажно прыпыніўся я ад неспадзеўкі. — Не разумею.
— А ты паабяцай, — усміхнулася класная. — Праўда, нічога страшнага...
— Ну. Добра, абяцаю зрабіць, — хмыкнуў я, трохі заінтрыгаваны.
— Выдатна. Ведаеш, Кір. Ага, буду зваць цябе так, як сябры, дык вось. Я цябе папрашу, каб ты больш ніколі ў школу не апранаў саколку ці балахон з выявай знака «Анархія».
— Ды, Зінаіда Мартынаўна, колькі можна! Каму так мазоліць вока тая літара А? — раззлаваўся я, бо столькі ўжо наслухаўся гэтых вымоў з-за сваіх цішотак! Здаецца ж, скончыліся нармальна ўсе размовы, — я не прапагандую непаслухмянства, я спакойна адгукаюся на нейкія патрэбныя школе ці класу даручэнні ад яе ж, класнай. Дык чаго яшчэ?
— Не злуйся, Кір, паслухай. То ўчора і сёння цябе не чапалі. А заўтра могуць зачапіць. Ці пазней. А я ведаю твой характар, ты ўмееш закусіць цуглі. І тады закончыцца непрыемнасцю. А я не хачу, каб такі, як ты, меў непрыемнасці, ды яшчэ праз нейкую выяву на саколцы, — памяркоўна даводзіла мне Зінаіда Мартынаўна.
— Я не разумею! Я не разумею, чаму ўчора і сёння — можна, а заўтра раптам будзе нельга! Заўтра прымаецца дзяржаўны закон аб забароне літары А? — распсіхаваўся я.
Класная нейкі час маўчала. Мы падышлі да прыпынку, я хацеў паставіць пакеты на лаўку, але яна папрасіла адысці далей, мабыць, хацела яшчэ нешта давесці. Мы адышліся, я паставіў ношку ў сівую траву ля тратуара.
— Ты і сапраўды такі гарачы, — ласкава ўсміхнулася Зінаіда Мартынаўна.
— Хай так, — насупіўся я. — Дрэнна?
— Так, дрэнна, — пасур'ёзнела яна. — І таму дрэнна, бо той, хто ведае, які ты, лёгка можа табой маніпуляваць. Ты і не здагадаешся, як будзеш рабіць патрэбнае яму. Ці ўжо зрабіў, — скончыла яна нечакана, і я ўздрыгнуў — пра што яна ведае? Адкуль? Было прыкра асэнсоўваць, ды я цяпер не мог прагнаць ад сябе адчуванне, што апошняя наша размова з Юрасём была сапраўды штучнай, загадзя запланаванай, бы Юрась дакладна ведаў, што я скажу, зраблю, як адрэагую. І вось цяпер пачуццё, што я павёўся, як лох, узмацнілася.
— Нармальна. Які ёсць, — буркнуў я.
— А чаму заўтра нельга? — класная вярнулася да тэмы саколак з анархіяй. — Ды таму, дарагі Кір, з заўтрашняга дня цябе некаму будзе бараніць перад дырэктарам. З заўтрашняга дня я не буду ў школе.
Я маўчаў. Значыць, не падалося. Значыць, апошняя незвычайная класная гадзіна з прыпавесцямі — зусім не выпадковасць. Яна насамрэч глядзела на кожнага з нас, развітваючыся.
— З-за вашай маці? — нарэшце ціха спытаўся я.
— Так. Ёй горш, наняць некага нельга — яна застаецца ў адносным спакоі, калі з ёй толькі я. Пакідаць яе адну на цэлы дзень небяспечна. Хоць і газ, і вада даўно перакрываюцца ў адмысловых месцах, пра якія яна не ведае. Ды ад усяго не ўберажэшся. Так, Кір. Больш я не настаўніца, я — даглядаю маці.
— Прабачце, Зінаіда Мартынаўна. Маці ваша такая хворая, дык чаму.
— Чаму яна дома, а не ў лякарні? — сама скончыла маё непрыемнае пытанне класная. — Бо маці. У яе бываюць і гадзіны, і нават дні прасвятленняў, няхай сабе ўсё радзей і радзей. І тады яна цешыцца жыццю, сонцу, мне, як дачцэ. І плача. І просіць, каб я здала яе ў вар'ятню, каб наладжвала сваё асабістае жыццё. Прабач, што расказваю табе гэта, але ж ты так шмат даведаўся. неспадзявана. Не, мама будзе са мной. Пакуль я ёй патрэбная.